Урбаністыка ратуе гарады

Мінск зручны для асобы, якая працуе, у якой няма сям'і. Калі ж у цябе з'яўляюцца дзеці, то ўзнікаюць пытанні з маштабамі, адлегласцямі і інфраструктурай. І тут на дапамогу павінна прыйсці ўрбаністыка.

Вуліца Камсамольская ў Мінску. Фота аўтаркі

Вуліца Камсамольская ў Мінску. Фота аўтаркі

У гэтым годзе Еўрапейскі каледж свабодных мастацтваў ECLAB запускае новую канцэнтрацыю «Крытычная ўрбаністыка». Гэтае паняцце апошнім часам стала ўвайшло ў наш слоўнік, аднак разуменне таго, чым займаецца ўрбаністыка і навошта яна патрэбна, усё ж застаецца дастаткова цьмяным. Наўрад ці кожны гараджанін (а гэта каля 80 адсоткаў насельніцтва Беларусі) здолее адказаць, чым займаецца гэтая навука. Горадам? Так, але сучасны горад — штакампанентны і жывы фенамен, а не проста сукупнасць будынкаў. Урбаністыка вучыць бачыць яго элементы, разбірацца ў тым, як яны ўзаемадзейнічаюць, як развіваецца, змяняецца горад і якім чынам можна паўплываць на гэтыя працэсы.
 
Аб карысці ўрбаністыкі, праблемах беларускіх гарадоў і спосабах іх вырашэння распавяла Надзея Царанок, архітэктарка, урбаністка, удзельніца Мінскай урбаністычнай платформы і выкладчыца ECLAB.  

Навошта патрэбна ўрбаністыка?



nadzeja_caranok_fota_taccjana_kapitonava.jpg

Надзея Царонак. Фота Таццяны Капітонавай
Я б сказала, што ўрбаністыка — гэта комплексная навука аб развіцці горада, якая закранае розныя аспекты яго існавання: палітычныя, эканамічныя сацыяльныя. Яна глядзіць на тое, што адбываецца, значна шырэй, чым, напрыклад, горадабудаўніцтва. На жаль, у эпоху мадэрнізму мы былі схільны вырашаць пытанні ў адпаведнасці з пэўнымі ідэаламі, не улічваючы ўсе складнікі, якія ўплываюць на развіццё горада. Але калі мы кіруемся толькі асобнымі дактрынамі, ёсць магчымасць памыліцца, а калі падыходзім да вырашэння пытання комплексна, як гэта робіць урбаністыка, то верагоднасць таго, што мы знойдзем правільны варыянт, больш высокая. Я часам параўноўваю ўрбаністыку з лекаваннем, бо ў горада таксама ёсць запаленыя, хворыя і нават мёртвыя зоны, якія не працуюць. А калі туды прыходзіць архітэктар-урбаніст, ён можа дапамагчы гэтаму месцу працаваць для людзей і быць ім карысным. Працягваючы аналогію з медыцынай — для правільнага лячэння захворвання таксама выкарыстоўваюць яго комплексны аналіз.
Часта для архітэктараў не-урбаністаў важна зрабіць праект адносна пэўных нормаў і правілаў, і тады мы не думаем, як гэта будзе потым працаваць, напрыклад, сацыяльна-эканамічна, ці трэба людзям менавіта такое рашэнне. У ўрбаністыцы ж вельмі важна закранаць усе аспекты і сацыяльны — адзін з іх. Архітэктары могуць прыдумаць суперкрутую ідэю рэнавацыі нейкай тэрыторыі, але мясцовыя жыхары будуць абсалютна не гатовыя да гэтага, магчыма, іх лайфстайл яшчэ не дарос. Таму вельмі важна разумець ступень гатоўнасці грамадства да зменаў. З іншага боку, асабіста мне падабаюцца месцы, якія праяўляюць пэўны пласт людзей.
Напрыклад, мы заўсёды ведалі, што хіпстары ў Мінску ёсць, але калі з'явілася Кастрычніцкая, месца, дзе яны могуць праявіцца, яны сабраліся тут. Або возьмем прыклад Зыбіцкай. Нібыта таксама пешаходная вуліца, шмат кавярань, але там зусім іншая публіка. І гэта цікава, калі пэўная інфраструктура праяўляе розныя пласты грамадства, іх запыты і гатоўнасць мець менавіта гэты лайфстайл.

Як становяцца ўрбаністамі?

У ВНУ Беларусі спецыялістаў-урбаністаў не рыхтуюць, але цяпер канцэнтрацыю «Крытычная ўрбаністыка» запускае ECLAB. Канферэнцыі і летнія школы праводзіць Мінская ўрбаністычная платформа. Гэта не ўніверсітэцкая адукацыя, але я лічу, што, магчыма, гэта нават больш правільна, калі ты сам шукаеш веды і разумееш, навошта яны табе патрэбныя. У такім выпадку ты, хутчэй за ўсё, будзеш выкарыстоўваць іх з большай эфектыўнасцю. Таму я не ацэньваю сітуацыю з адукацыяй з негатыўнага пункту гледжання: калі ты хочаш, ты знойдзеш інфармацыю. Літаратуры цяпер дастаткова, ёсць альтэрнатыўная адукацыя. Галоўнае — жаданне.

Дворык на Кастрычніцкай у Мінску. Фота аўтаркі

Дворык на Кастрычніцкай у Мінску. Фота аўтаркі

Спачатку свядомасць, потым — гарады?

Калі мы гаворым пра развіццё горада, то вельмі важна паказаць людзям на прыкладзе, як гэта функцыянуе. Менавіта таму і патрэбна партысіпаторнае праектаванне (партысіпаторнае праектаванне мае на ўвазе ўключэнне ў працэс распрацоўкі праекта па дабраўпарадкаванні тэрыторыі мясцовых жыхароў і супольнасцяў на ўсіх этапах: ад правядзення даследавання да рэалізацыі ідэі). Гэта адукацыйны кампанент, яно дапамагае навучаць людзей, тлумачыць, што мы прапануем, і паказваць, як тая ці іншая прастора можа развівацца і змяняцца, калі вы будзеце гатовыя і навучыцеся, напрыклад, сартаваць смецце.
У працэсе партысіпаторнага праектавання змяняецца свядомасць людзей. Яны разумеюць, напрыклад, што можна ўзаемадзейнічаць: не сядзець кожны ў сваёй кватэры, а ўзаемадзейнічаць для паляпшэння горада, таму што горад — гэта наша агульная адказнасць. І мы павінны думаць, што мы тут разам і разам адказваем за тое, як мы жывем, а не толькі камунальныя службы. Калі мы хочам развіваць гарадскія тэрыторыі, то людзям важна адчуваць сваю далучанасць, бо псіхалогія працуе так: калі гэта не маё, чаму я павінен нешта рабіць? А вось калі людзі выходзілі і самі нешта рабілі, як гэта было ў партысіпаторных праектах «Альтэрнатыўны двор: Аўтазавод» і «Альтэрнатыўны двор: Серабранка», адчуванне далучанасці з'яўлялася.

Надзея Царонак падчас рэалізацыі партысіпаторнага праекта. Фота Таццяны Капітонавай

Надзея Царонак падчас рэалізацыі партысіпаторнага праекта. Фота Таццяны Капітонавай

Пасля анонсаў партысіпаторных праектаў заўсёды ўзнікала хваля цікавасці, людзі прасілі дапамогі, савета, як правільна што-небудзь зрабіць і ў сваім двары, хацелі замовіць такое ж даследаванне. Гэта значыць, што ёсць жаданне мясцовых жыхароў. Я бачу таксама зацікаўленасць і гатоўнасць ісці на сустрэчу адміністрацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Напрыклад, у праекце «Серабранка. Мой спальны» ў нас ёсць дамоўленасць: калі мы зможам сабраць сто працэнтаў сродкаў на праектна-каштарысную дакументацыю, горад рэалізуе сам праект. Толькі гэта няходжаныя дарожкі. Быццам бы ўсё лёгка: мы збіраем грошы, а горад рэалізоўвае. Але на справе гэта складана, таму што не было такога досведу, і мы шукаем, як гэта правільна зрабіць з прававога пункту гледжання. У нас яшчэ няма рапрацаваных механізмаў.

praekt_alternatyuny_dvor_serabranka_fota_taccjany_kapitonavaj.jpg

Праект «Альтэрнатыўны двор: Серабранка». Фота Таццяны Капітонавай
Адзначу, што трансфармацыі і асэнсаванне новых падыходаў да развіцця горада адбываецца і ў адміністрацыі на месцах. Людзі разумеюць, што трэба нешта змяняць, спрабуюць ісці наперад, але проста не ведаюць як. У той жа час ёсць, напрыклад, праект ПРААН «Зялёныя гарады», які ахоплівае Полацк, Наваполацк і Навагрудак. І вялікі дзякуй ПРАААН, іх праца вельмі эфектыўная. Калі мы прыехалі ў гэтыя гарады, пагутарыць з адміністрацыяй на месцах, то ўбачылі, наколькі яны «пракачаныя», гатовыя і зацікаўленыя ў тым, каб працаваць і развіваць свой горад. У асаблівасці ў Навагрудку, дзе і па энергаэфектыўнасці, і па раздзельным зборы смецця робяць вельмі шмат. Але там з асобным зборам смецця ўсё ўпёрлася ў тое, што людзі яшчэ да гэтага не гатовыя: адміністрацыя паставіла скрыні, а людзі не сартуюць. Бо трэба спачатку растлумачыць, чаму гэта важна. Чалавек павінен разумець, навошта яму гэта трэба, чаму гэта так функцыянуе і чаму ўсё грамадства ад гэтага выйграе. Калі мы не тлумачым, то нават самая лепшая ініцыятыва не будзе працаваць. Мяняць лад жыцця дапамагаюць усведамленне, веды і назапашаны вопыт.

Навагрудак. Фота greencities.by

Навагрудак. Фота greencities.by



Мінск — горад для чалавека?

Мы жывем у Мінску і нам увесь час хочацца рабіць яго лепш, але я хачу сказаць, што наш горад не такі дрэнны. Ёсць многія рэчы, якія варта ацаніць, напрыклад, грамадскі транспарт, і ўнутрыгарадскі, і міжгародны. Банальна, але так, — у нас вельмі сочаць за тэрыторыяй і ўсё чыста і акуратна, і ўсе замежнікі захапляюцца гэтым. Боль, асабіста для мяне, — сацыяльнае, масавае жыллё. Метады праектавання не адрозніваюцца ад таго, што было 20-30 год таму, час ужо многае пераасэнсаваць і зусім па-іншаму падыходзіць да гэтага пытання. Напрыклад, панэльныя дамы, якія мы будуем, могуць быць і іншымі.
З пункту гледжання зручнасці для чалавека ўсё залежыць ад таго, які ў цябе лад жыцця. Мінск зручны для асобы, якая працуе, у якой няма сям'і. Калі ж у цябе з'яўляюцца дзеці, то ўзнікаюць пытанні з маштабамі, адлегласцямі і інфраструктурай. Я жыву ў Серабранцы, і з дзіцём я наўрад ці дайду да Лошыцкага парку, а парк Веры Грэкавай, які знаходзіцца побач, не добраўпарадкаваны так, як хацелася б. А вось калі б у Серабранцы было больш інфраструктуры, я б сказала, што гэта добры раён для жыцця. Калі разглядаць Новую Баравую «А-100», то гэта абсалютна спальны раён. Там ёсць дзіцячы садок, дабудоўваюць школу, але для мяне пытанне, ці было б мне зручна ў гэтым раёне, улічваючы, што ў мяне няма асабістага аўтамабіля, каб кожны дзень ездзіць адтуль на працу ў горад. Бо зручнасць — гэта заўсёды пытанне ладу жыцця, яго цыклаў. Для кагосьці Мінск здаецца надзвычай зручным, для іншых — не.

Вул. Кастрычніцкая ў Мінску. Фота аўтаркі

Вул. Кастрычніцкая ў Мінску. Фота аўтаркі

Са свайго вопыту розных гарадоў, я магу сказаць, што для мяне Мінск вельмі стэрыльны, «вылізаны» горад, дзе людзі ў асноўным толькі ходзяць. На жаль, так. Калі параўноўваць з тым жа Кіевам, які быццам зусім побач, то там людзі затрымліваюцца на вуліцах, а ў нас толькі ідуць. Так адбываецца, таму што няма арганізаваных публічных прастор, дзе можна было б праводзіць час. Калі на Кастрычніцкай ёсць месцы з хаця б мінімальнай колькасцю вулічнай мэблі, дзе можна проста адпачыць, то ў іншых месцах не. Нават калі хтосьці зрабіў кавярню на вуліцы, то мы ўсё роўна не ўключаны ў гэту прастору. Як мінак я не магу проста сядзець у іх на тэрасе, мне трэба што-небудзь замовіць. Тут для параўнання можна прывесці прыклад Магілёва. Я ў захапленні ад таго, як там працуюць і паступова развіваюць сетку грамадскіх прастор у цэнтры горада. Магілёў вельмі прыемны горад для адпачынку. Ён цябе не прэсуе, ён чалавечага маштабу, за выключэннем будынка выканкама. Ёсць, вядома, і не вельмі прыемныя моманты. Напрыклад, зрабілі парк на Дняпры. Для мяне як для абывацеля гэта выдатна, але як у прафесіянала ў мяне да гэтага парка шмат пытанняў. Бо можна было зрабіць лепш, цікавей, зрабіць выхад да набярэжнай. У нас увогуле вельмі шмат гарадоў стаіць на рэках, пры гэтым, на жаль, у людзей няма паўнавартаснага доступу да добрых набярэжных.

Мінск — еўрапейскі?



kamsamolskaja_1_logo.jpg

Вул. Камсамольская ў Мінску. Фота аўтаркі
Мінск ужо ў нейкай ступені еўрапейскі горад і мы працягваем паступова рухацца ў гэты бок. Возьмем хаця б вуліцу Камсамольскую. Мы можам казаць, што ўсё дрэнна, але я хачу шукаць пазітыў. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіла нам назапасіць нейкую колькасць памылак і досведу аб тым, як рабіць не трэба, і цяпер для нас самае важнае — рухацца наперад з улікам гэтага. Мы заўсёды будзем набіваць шышкі і гэта нармальна, галоўнае — рэфлексаваць, аналізаваць і ісці наперад.
У сваім практыкуме «Як стварыць горад для ўсіх» у ECLAB я буду абапірацца на канкрэтныя прыклады з Беларусі, з жыцця. Лічу гэта каштоўным, таму што мы часта бярэм заходнія прыклады, але яны могуць абсалютна не класціся на наша грамадства, бо мы па-іншаму думаем і ўспрымаем. Нельга проста капіраваць і пераносіць вопыт Захаду ў развіцці гарадоў, трэба абточваць яго пад наша грамадства, наша мысленне і назапашаны вопыт. Напрыклад, калі мы рабілі праект двара ў Серабранцы, нас ігнаравалі пенсіянеры. Яны думалі мы шарлатаны, бо за сваё жыццё наглядзеліся рознага і ім здавалася падазроным, што людзі проста прыйшлі і прапануюць нешта зрабіць. А дзесьці ў Заходняй Еўропе, я думаю, такога б не было.

Горад для ўсіх: рэальнасць альбо утопія?

Я думаю, што горад можа быць для ўсіх. Пытанне тут у шматфункцыянальнасці прастор. Напрыклад, нядаўна скончылася сумеснае даследаванне Мінскай урбаністычнай платформы і галерэі «Ў» «Кастрычніцкая: усё ўключана! усе ўключаны!». Абсалютна аб'ектыўна ўсе бачылі, што на вуліцы не хапае прастор для дзяцей. Казалі аб тым, што сёння сюды прыходзіць у асноўным публіка да 30 гадоў і без дзяцей, але праз пяць год яны захочуць вярнуцца сюды і, хутчэй за ўсё, будуць не адны. І тут узнікаюць пытанні: як прайсці па Кастрычніцкай з вазком, як быць з дзецьмі, калі ўсё запаркавана? Таму калі мы праектуем, напрыклад, дзіцячую пляцоўку, я заўсёды кажу, што яна не павінна быць толькі для дзяцей. Бо сюды прыходзяць і дарослыя, якія глядзяць за малымі, дзядулі і бабулі, падлеткі, а гэта значыць, яна павінна быць зручнай і для іх. Важна разглядаць прастору і горад з гэтай пазіцыі, тады ўсё магчыма.