Калі імператар карае невінаватых — значыць, вінаваты ён сам
Каб адбудаваць Рым пасля пажару, Нярону давялося падняць падаткі і скараціць выплаты арміі. У войску пачало расці незадавальненне, а ў правінцыях — паўстанні. Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» прыгадвае гісторыю пра вялікі пажар Рыма.
Сёння, калі ў паштальёнаў выхадны дзень, у мяне няма, мабыць, выбару, акрамя як распавесці гісторыю аб прызначэнні вінаватых.
Вялікі пажар Рыма доўжыўся шэсць дзён. Чатыры з чатырнаццаці раёнаў горада выгарэлі цалкам, яшчэ ад сямі мала што засталося. Кажуць, гэты пажар быў найгоршым бедствам з усіх, якія давялося перажыць гораду з тых часоў, як яго спалілі галы.
Але не толькі аднаўленне горада стала прадметам клопату для імператара Нярона Клаўдзія Цэзара Аўгуста Германіка. Раней, чым скончыўся пажар, сярод рымлян папаўзлі чуткі пра тое, што горад быў падпалены паводле імператарскага загаду.
Адны казалі, што такім радыкальным спосабам імператар хацеў знесці стары горад, каб пабудаваць на яго месцы новы — які б больш адпавядаў імператарскім уяўленням пра прыгожае.
Іншыя і зусім паклёпнічалі, што Нярон падпаліў Рым дзеля паэтычнага натхнення. Нібыта, імператар, назіраючы за пажарам, складаў паэму пра гібель Троі.
Хутчэй за ўсё, гэта былі, вядома, пустыя плёткі. Хутчэй за ўсё, у пажары імператар быў не вінаваты. Рыму часта даводзілася гарэць. Але такой ужо была рэпутацыя Нярона. Людзі былі гатовыя паверыць, што іх імператар здольны на любое зладзейства.
Так што, каб абяліць сябе, Нярону трэба было знайсці вінаватых. Ну а калі імператару трэба знайсці вінаватых, вінаватыя заўсёды знойдуцца.
Пажар толькі паспеў сціхнуць, у горадзе ледзь пачалі разбіраць завалы, а Нерон ужо абвясціў, што ведае, хто ва ўсім вінаваты. Імператар абвінаваціў ва ўсім хрысціян.
Хрысціяне былі вельмі зручным казлом адпушчэння. Яны збіраліся на таемныя сустрэчы, трымаліся ў баку ад грамадскага жыцця. Рымляне ставіліся да хрысціян з вялікім недаверам. Лічылі, што іх «шкодныя забабоны» прапаведуюць «нянавісць да роду людскога».
«Спачатку былі схоплены тыя, хто адкрыта прызнаваў сябе прыналежнымі да гэтай секты, а затым, па іх указаннях, і вялікае мноства іншых».
Але проста пакараць смерцю хрысціян Нярону здалося недастатковым. Усё ж такі імператар быў натурай артыстычнай. Таму з пакаранняў смерцю ён зладзіў цэлае тэатральнае прадстаўленне.
Хрысціян цкавалі сабакамі, скормлівалі дзікім звярам, распіналі на крыжах і спальвалі «дзеля начнога асвятлення».
І вось тут аказалася, што Нярон пралічыўся. Абяліць сябе, пераклаўшы віну на іншых, не атрымалася.
Чым больш хрысціян імператар пакараў смерцю, тым больш людзі пераконваліся ў тым, што ні ў якім пажары хрысціяне не вінаватыя.
А калі імператар карае невінаватых — значыць, вінаваты ён сам.
«Усе гэтыя жорсткасці падахвочвалі спачуванне да іх, бо здавалася, што іх нішчаць не дзеля грамадскай карысці, а з прычыны крыважэрнасці самога Нярона».
Вялікі пажар Рыма стаў каменьчыкам, што зрушыў лавіну, пад якой Нерон і загінуў. Рэпутацыя імператара была безнадзейна загубленая.
Праз некалькі месяцаў пасля пажару ў Рыме была выкрытая вялікая змова супраць Нярона, у якой удзельнічалі дзясяткі сенатараў, вайскоўцаў і набліжаных да імператара.
Каб адбудаваць горад, Нярону давялося падняць падаткі і скараціць выплаты арміі. У войску пачало расці незадавальненне, а ў правінцыях — паўстанні...
Пра тое, як скончылася ўлада Нерона, вядома, таму цяпер ужо толькі нагадаю пра сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.