Камісія па расследванню катаванняў засакрэчаная

У пачатку кастрычніка Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі ў асобе беларускіх арганізацый звярнуўся ў Генпракуратуру з просьбай паведаміць персанальны склад міжведамаснай камісіі па расследаванні катаванняў, паведамляе Прававая ініцыятыва.

Чарга вязняў Акрэсціна за рэчамі

Чарга вязняў Акрэсціна за рэчамі


Праваабаронцы таксама прасілі паведаміць, якія дзеянні дадзеная Камісія распачала з моманту свайго стварэння.
Нагадаем, Міжведамасная камісія па расследаванні катаванняў была створана пад эгідай Генеральнай пракуратуры 26 жніўня. Заяўленая мэта Камісіі — каардынацыя і суправаджэнне работы па вывучэнні абставінаў, выкладзеных у заявах пацярпелых.
Сёння праваабаронцы атрымалі электронны адказ, падпісаны начальніцай аддзела інфармацыі Анжалікай Курчак.
Генпракуратура адмовілася паведаміць склад міжведамаснай камісіі і даць справаздачу аб праведзенай працы. У адказе паведамляецца, што «пытанні, якія цікавяць вас, звесткі ўнутранай перапіскі кампетэнтных дзяржаўных органаў, не могуць быць прадастаўлены, паколькі адсутнічае інфармацыя аб тым, што яны непасрэдна звязаныя з абаронай вашых правоў і законных інтарэсаў».
Кіраўнік «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава абураная чарговай цынічнай адпіскай дзяржоргана.
"Нягледзячы на тое, што ў аддзелы Следчага камітэта паступіла каля дзвюх тысяч заяў аб катаваннях, да гэтага часу не вядома ні аб адной узбуджанай крымінальнай справе. Масавыя катаванні людзей 9-13 жніўня мелі вялікі грамадскі рэзананс, і дадзенае расследаванне, як і праца Міжведамаснай камісіі не могуць быць сакрэтнымі. Аднак мы чарговым разам бачым, што дзяржава не толькі мэтанакіравана зацягвае працэс распачынання крымінальных спраў, але і засакрэчвае працу Міжведамаснай камісіі, калі такая праца, вядома, наогул вядзецца», — пракаментавала праваабаронца.
Нагадаем, што пракуратура горада Менска таксама адмовілася распавесці аб выніках сваёй працы па паведамленнях аб фактах масавых катаванняў ва ўстановах на Акрэсціна, спаслаўшыся на тое, што гэтыя звесткі з'яўляюцца «службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання».