Ключ на старт!
Здаецца, прэзідэнт «сінявокай» даў старт чарговай выбарчай кампаніі. Шляхам уважлівага чытання выбарчага кодэкса можна вызначыць, калі яна пачнецца. Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі павінны прайсці не пазней за 26 верасня 2012 года. Менавіта гэтыя выбары і абмяркоўваліся на сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай.
Здаецца, прэзідэнт «сінявокай» даў старт чарговай выбарчай кампаніі. Шляхам уважлівага чытання выбарчага кодэкса можна вызначыць, калі яна пачнецца. Выбары ў Палату
прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі павінны прайсці не пазней за 26 верасня 2012 года. Менавіта гэтыя выбары і абмяркоўваліся на сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтральнай выбарчай
камісіі Лідзіяй Ярмошынай.
Паводле прагнозаў Аляксандра Лукашэнкі, выбары будуць няпростымі. «Мы падыходзім яшчэ да аднаго перыяду, які ўзрушае асаблівую частку нашага грамадства: менш за год засталося да парламенцкіх
выбараў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы ўжо думалі, што мінулая выбарчая кампанія (прэзідэнцкія выбары 2010 года) будзе пікам напружання ў краіне, але, думаю, мы глыбока
памыляліся».
Канешне, «глыбока памыляліся», гледзячы на фінансава-эканамічны крызіс у краіне. Пакуль што выйсця з гэтага крызісу не бачна. Таму Лукашэнка засцерагае: «У нас вельмі
хочуць узрушыць народ, каб перавярнуць краіну», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Мінску 18 кастрычніка. «Трэба працаваць з людзьмі, — заклікаў Лукашэнка
кіраўнікоў абласцей. — Гэтая сітуацыя — яна пройдзе. Да новага года мы спакойна можам разруліць гэтую сітуацыю».
Са свайго боку, Лукашэнка таксама прымае нейкія захады. Ён заявіў пра недапушчальнасць змянення выбарчага заканадаўства. «Я б не стаў разглядаць варыянты, як ад нас сёння некаторыя
патрабуюць, ломкі выбарчага заканадаўства. Гэта абсалютна не прымальна напярэдадні палітычнай кампаніі», — падкрэсліў Лукашэнка.
То бок, зараз ужо час — «напярэдадні». Такім чынам, усім, хто збіраецца ўдзельнічаць альбо байкатаваць выбары, трэба рыхтаваць «сані летам», хоць лета і
скончылася.
Дарэчы, дзіўная сітуацыя атрымліваецца. Замест таго, каб папрацаваць над пытаннем змянення выбарчага заканадаўства ў міжвыбарчы перыяд, Ярмошына і Лукашэнка заўсёды чакаюць «кропкі
невяртання», а потым гавораць: «Немагчыма! Немэтазгодна! Нельга мяняць заканадаўства за тры месяцы да выбараў! Камісіі да гэтага не падрыхтаваныя! Ніхто да гэтага не
падрыхтаваны!» Хаця, здавалася б, за 2011 год прайшлі дзве сесіі парламента, на якіх гэта пытанне можна было б разгледзець. І яшчэ адна — вясновая — засталася ў
2012–м. За гэты час можна было б што заўгодна падрыхтаваць і прыняць.
Дарэчы, 19 кастрычніка палітычная «шасцёрка» (АГП, «Справядлівы свет», рух «За свабоду», «Гавары праўду!», БНФ і аргкамітэт
БХД) абмеркавалі апошнія рэпрэсіўныя змены ў беларускім заканадаўстве. Як выказаўся лідар АГП Анатоль Лябедзька, «ніякіх выбараў у Беларусі з 1994–1995 года няма».
«Сёння ёсць магчымасць актуалізаваць тое пытанне (аб тым, каб улада выбіралася, а не прызначалася). На пасяджэнні «шасцёркі» мы вырашылі аднавіць камунікацыі з БДІПЧ АБСЕ.
Ясна, як двойчы два: выбараў не будзе — дэпутатаў зноў будуць прызначаць. У нас ёсць час да канца года; гэта апошняя надзея спыніць працэс выпаўзання за рамкі прававога поля. Калі да канца
года гэта не ўдаецца — тады дамінантай становіцца байкот: байкот усіх кампаній, якія прапануе ўлада, байкот самой улады, байкот шмат чаго», — лічыць Лябедзька.
Але ўсё ж паўстае пытанне: адкуль узяць грошы на чарговую перадвыбарчую кампанію? Тут ужо варыянтаў не застаецца: трэба зноўку заціскаць паясы ды залазіць грамадзянам у кішэні.
На Магілёўшчыне ўзвядзенне лядовых палацаў у Шклове і Горках прыпынена. Каб завяршыць будаўніцтва, патрэбныя мільярды рублёў, якіх у бюджэце няма.
У Шклове лядовы палац пачалі будаваць паўтара гады таму. Кошт будоўлі ў цэнах другога квартала 2010 года ацэньваўся ў 50 мільярдаў рублёў. Завяршыць будаўніцтва лядовай арэны планавалі ў 2011 годзе.
Як сцвярджаюць жыхары райцэнтра, гэтай урачыстасці пакуль не будзе. У Горках — сталіцы «Дажынак-2012» — сітуацыя такая ж.
Кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска да канца бягучага года можа быць павышана да 1850 рублёў. Пра гэта заявіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька 19 кастрычніка на пасяджэнні мэрыі.
«У Мінску неабходна павышаць кошт праезду да канца года ў два разы — да 1850 рублёў», — сказаў мэр сталіцы.
Здаецца, Ладуцька дагуляўся ў жаданні спадабацца ўсім. Нагадаем, што ў сталіцы з 13 верасня студэнтам і навучэнцам дзённай формы навучання ўстаноў горада Мінска, якія забяспечваюць атрыманне
прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, прадастаўлена права бясплатнага праезду.
То бок, спачатку праезд быў для іх платны, зараз — бясплатны, а іншым кошты падымаем. Трэба разлічваць свае сілы, спадар Ладуцька!
Але няма горшага без лепшага. З 11 кастрычніка павялічана парогавая сума грашовых сродкаў, што атрымліваюцца ў якасці замежнай бязвыплатнай дапамогі, якая не падлягае рэгістрацыі ў Дэпартаменце па
гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі.
Як паведамляе афіцыйны сайт Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, з 11 кастрычніка 2011 года набыла моц пастанова Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ад 26 верасня 2011 года № 10 «Аб унясенні
змяненняў у Інструкцыю аб парадку рэгістрацыі, уліку, атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі». У адпаведнасці з дакументам, са 100 да 500 базавых велічынь павялічаны памер
замежнай бязвыплатнай дапамогі, атрыманай фізічнымі асобамі шляхам банкаўскіх і паштовых пераводаў, якая падлягае ўліку ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці без афармлення пасведчання аб
рэгістрацыі гэтай дапамогі.
То бок, калі раней грамадзянін мог атрымаць гуманітарную дапамогу толькі 3,5 мільёна ў месяц, то зараз — 17,5 мільёна.
Ну і застаюцца рэшткі «фамільнага срэбра». Неабходныя дакументы для продажу «Газпраму» 50% акцый «Белтрансгаза» падрыхтаваныя, паведаміў кіраўнік
Дзяржкаммаёмасці РБ Георгій Кузняцоў. «Магчыма, у лістападзе будзем прадаваць пакет акцый «Белтрансгазу», — сказаў ён, нагадаўшы, што цана $2,5 мільярда
задавальняе абодва бакі.
Паводле яго слоў, дэлегацыя, якая знаходзіцца ў Маскве, завяршае перамоўны працэс з «Газпрамам». «Па дамове куплі-продажу ўсе пытанні знятыя. Засталіся пытанні па
міжурадавым пагадненні», — паведаміў Кузняцоў. Ён не выключыў, што Беларусь ужо ў лістападзе атрымае грошы за «Белтрансгаз».
Разам з тым, як адзначаюць знаёмыя з ходам перамоў крыніцы, «Газпрам» будзе аплачваць дзяржпакет акцый «Белтрансгаза» трыма траншамі. Якраз пад выбары апошні транш
атрымаем.