Крэдыт ужо праедзены
Самае актуальнае пытанне пасля працяглых святаў — дзе ўзяць грошы? Гэтым пытаннем час ад часу задаюцца ўсе — ад высокіх дзяржаўных асобаў да простага дворніка. І справа ў тым, што дворніку — лягчэй.
Чаму? Таму што грошы ў яго ёсць. Беларусы, здаецца, ужо звыкліся жыць у чаканні інфляцыяў, дэвальвацыяў і іншых непрыемнасцяў, а таму звыкла робяць пераднавагоднія заначкі. Дзяржаўным асобам цяжэй, бо гэтыя традыцыйныя заначкі спусташаюць казну, а казну напоўніць больш складана, чым уласны сямейны бюджэт.
У снежні мінулага года, не паддаўшыся на мажорныя заявы прадстаўнікоў Нацбанка аб пераломе настрояў на фінансавым рынку і стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы, беларусы, традыцыйна аддаўшыся дэвальвацыйных настроям, досыць актыўна пераводзілі свае рублёвыя ўклады ў валютныя. Як паведамляе той жа Нацбанк, дэпазіты насельніцтва ў нацыянальнай валюце ў снежні знізіліся на 823,9 млрд. рублёў, або 2,4%, і на 1 студзеня 2014 склалі 33,018 трлн. рублёў.
Валютныя ўклады ў снежні 2013 года выраслі на $77,3 млн., або 1,1%, да $7289,2 млн. на 1 студзеня 2014 года. Тэрміновыя валютныя ўклады выраслі на $87,2 млн., або 1,3%, да $6855,9 млн.
Гэта значыць, што шараговы дворнік перад святамі пераводзіў свае зберажэнні ў больш надзейныя замежныя грошы. Адсюль у яго і «заначка» ёсць. Чаго не скажаш пра дзяржаўныя золатавалютныя рэзервы, з якіх насельніцтва за 2013 год з’ела $2380 млн.
А як іх не з’есці, калі дазволена? Улада сама навыпускала беларускіх грошай столькі, што падзець іх, падаецца, няма куды — альбо спусціць на інфляцыю, альбо захоўваць у валюце. І нават інфляцыя гэтыя грошы «перажаваць» не здолела.
Па папярэдніх падліках эканамістаў і Нацыянальнага статыстычнага камітэта, інфляцыя ў Беларусі за мінулы год склала 16,5% супраць планаваных 12%. ВУП Беларусі ўзрос на 1,1%. А вось шырокая грашовая маса ў Беларусі на 1 студзеня 2014 года склала 193,307 трлн. беларускіх рублёў, павялічыўшыся на 19,8%.
Што гэта азначае? Гэта азначае, што, па-першае, мы надрукавалі грошай на 18,7% больш, чым можам іх забяспечыць таварамі па росце ВУП (19,8 – 1,1 = 18,7). А па-другое, што мы друкуем грошай больш, чым афіцыйны ўзровень інфляцыі. То бок, інфляцыя не паспявае з’есці «лішнія» грошы. І, адпаведна, гэтыя незабяспечаныя грошы насельніцтву трэба некуды падзець. А падзець вядома куды — у валюту.
Тое, што добра для грамадзяніна (шмат грошай), для беларускай «сацыяльнаарыентаванай дзяржавы — смерць. Бо валюту на забеспячэнне «лішніх» грошай узяць няма адкуль, апроч крэдытаў. У мінулым нумары НЧ мы пісалі пра чарговы расійскі крэдыт у 2 млрд. долараў, і пра тое, што 450 млн. долараў ужо прыйшлі ў Беларусь. Але падаецца, што з гэтым крэдытам не ўсё чыста, і што мы яго ўжо праелі.
Агенцтва фінансавых навінаў падлічыла патрэбы беларускай эканомікі, агучаныя крэдытныя лічбы, і прыйшло да высновы, што праелі мы больш, чым «афіцыйна абвешчана» атрымалі.
Так, першым пра тое, што Беларусь яшчэ ў снежні атрымала нейкі расійскі крэдыт, паведаміў Нацбанк РБ, які радасна рапартаваў пра рост ЗВР адразу на $192,2 млн. і патлумачыў прычыны такога росту «паступленнем першай часткі крэдыту Расійскай Федэрацыі». У афіцыйным паведамленні не ўдакладнялася сума крэдыту. Медыйныя крыніцы прэсы ва ўрадзе казалі, што размова ідзе пра крэдыт у 450 млн. долараў. 4 студзеня кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова заявіла, што паступіла першая частка расійскага крэдыту ў $440 млн. Ермакова відавочна агаварылася, назваўшы суму апошняга траншу крэдыту антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС, які Беларусь у лепшым выпадку пабачыць толькі ў другой палове 2014 года.
Такім чынам, АФН не верыць у лічбу 450 млн., бо афіцыйна пра такі крэдыт нідзе гаворка не ішла. Таксама, пэўна, размова не магла ісці пра «крэдыт Пуціна» ў $2 млрд., — папраўкі ў бюджэт Расіі, якія дазваляюць даць Беларусі грошы, будуць уносіцца толькі гэтым летам. Такім чынам, грошы мог вылучыць толькі камерцыйны банк, даўшы Беларусі брыдж-крэдыт. З паправак у бюджэт РБ за 2013 год стала ясна, што крэдыторам выступіў расійскі Дзяржбанк ВТБ.
Па разліках АФН, ВТБ даў мінімум $1 млрд. на латанне дзіркі ў валютнай касе Беларусі. Разлікі простыя: у снежні $252,6 млн. сышло на абслугоўванне крэдыту МВФ, $53 млн. Мінфін выдаткаваў на пагашэнне валютных аблігацый фізічным асобам. Беларускія прадпрыемствы і нерэзідэнты ў снежні набылі на чыстай аснове $99,2 млн. І ў $475,3 млн. Нацбанку абышоўся чысты попыт насельніцтва на валюту.
Заўважце: чысты попыт насельніцтва на валюту перавысіў нават абслугоўванне дзярждоўгу і ўсіх выдаткаў разам узятых. Во як беларусы перад Новым годам заначкі рабілі! Хаця, па логіцы, павінны былі наадварот, здаваць валюту, каб набыць падарункі.
Такім чынам сукупны расход валюты ў снежні склаў $880 млн., у той час як даход склаў усяго $59,8 млн. Каб пры гэтым аб’ём ЗВР павялічыўся на $192,2 млн., Беларусі спатрэбіўся крэдыт ВТБ на суму не менш за $1 млрд. ($1 млрд + $59,8млн – $880,1 млн. = $179,7 млн.).
Такім чынам, ад мільярднага крэдыту ВТБ Расіі, калі ён быў, ужо засталіся «рожкі ды ножкі». Праўда, з 2010 года нашае кіраўніцтва вяло перамовы з ВТБ пра крэдыт у $2 млрд. Калі выдадзены такі крэдыт па нашых патрэбах, то застаецца пытанне — ці надоўга нам хопіць другога мільярда?
Варта таксама адзначыць, што гэта крэдыт, а не плата РФ на інтэграцыйныя патугі Беларусі. І гэты крэдыт давядзецца аддаваць.
Варта адзначыць, што валавы знешні доўг Беларусі на 1 кастрычніка 2013 года ўжо склаў $37 млрд. 98,2 млн. Гэта значыць, што кожны грамадзянін Беларусі, уключаючы немаўлят і пенсіянераў, вінен замежным дзядзькам крыху менш за 4000 долараў. І пры гэтым краіна бярэ яшчэ крэдыты, бо інакш не можа. Цікава, ці ўзнікае ў кагосьці пытанне: а як мы па гэтых пазыках потым разлічвацца будзем?