Курапаты: што згубіў і прыдбаў нацыянальны некропаль?

Усё больш і больш беларусаў усведамляюць Курапаты, як нацыянальны некропаль. А як ставіцца да яго Міністэрства культуры, адной з функцый якога якраз і з’яўляецца ахова і зберажэнне гістарычна-культурнай спадчыны?

kurapaty_kasztounasc_4_logo.jpg

Дзякуючы шматгадовым высілкам беларускай грамадскасці, 1 снежня 2014 года Міністэрства культуры ўрэшце зацвердзіла сталыя межы зон аховы Курапатаў. Як гэта адбылося? Што прыдбаў і згубіў нацыянальны некропаль ад новых межаў зон аховы? Якім чынам гэтыя межы могуць паўплываць на захаванне велічнага помніка трагедыі беларускага народа і сітуацыю вакол яго?

З гісторыі пытання

Курапаты былі ўзятыя пад ахову дзяржавы яшчэ ў 1993 годзе, калі Міністэрства культуры зацвердзіла скарочаныя (у параўнанні з вызначанымі навукоўцамі) межы тэрыторыі гэтай матэрыяльнай нерухомай каштоўнасці міжнароднага значэння.

Паводле заканадаўства, аб’ект, які ахоўваецца, мусіць мець яшчэ і зоны аховы, якія рэгламентуюць рэжымы ўтрымання тэрыторый помніка і прылеглых абшараў.

Але цягам больш за 20 гадоў для Курапатаў не зацвярджаўся Міністэрствам культуры праект зон аховы гэтай каштоўнасці. Замест такога сталага праекту 10 год дзейнічала часовая (на перыяд да распрацоўкі горадабудаўнічага праекту стадыі “Дэтальны план”) схема зон аховы Курапатаў, зацверджаная пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 мая 2004 года.

Прычыны з’яўлення гэтага дакументу — у падзеях 2001-2002 гадоў, звязаных з пашырэннем МКАД і супрацьстаяннем ў Курапатах. Менавіта гэтыя падзеі падштурхнулі да падрыхтоўкі праекту зон аховы ўрочышча. У 2003 годзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня са сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя” распрацавалі гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча. Гэты праект заслугоўвае высокай ацэнкі, бо ён улічвае інтарэсы ўсіх бакоў — Курапатаў, грамадскасці і дзяржавы.

20 мая 2003 года праект быў аднагалосна ўхвалены сябрамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (далей — Рада). Прычым, сябра Рады, намеснік дырэктара дэпартамента па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі назваў подзвігам працу спецыялістаў, якія навукова абгрунтавалі праект, зыходзячы з сусветнага вопыту ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню.

На думку аўтараў праекту, мяжа новай забудовы павінна праходзіць на адлегласці не менш за 300 метраў ад Курапатаў. Гэта годная ахоўная зона для нацыянальнага некропалю. Разам з тым, Косьціч і Кукуня ўбачылі мемарыял у выглядзе парослага збажыною поля — поля жалобы і смутку, па якім віецца апошняя дарога бязвінных ахвяр — дарога за небакрай. Дарэчы, гэты шлях, так званая “Дарога смерці”, па якой ў 1930-я гады людзей вазілі на “чорных варанках” з Мінска ў Курапаты на расстрэл, не толькі тапаграфічна вызначаны, але і дагэтуль бачны з космасу на полі паміж урочышчам і “Экспабелам”.

У 2003 годзе на гэтым полі з усходняга боку Курапатаў распачалася пабудова катэджнага пасёлку “Сонечны” з праваслаўнай царквою. Прычым, першай пачалі ўзводзіць менавіта царкву. Але пад уціскам грамадскасці Мінкультуры прымусіла суб’ектаў гаспадарання і забудоўцаў адмовіцца ад гэтых планаў. Спынілася ўзвядзенне царквы, яе фундамент быў разабраны, а катлаван засыпаны. Трэба аддаць належнае дэпартаменту па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры, кіраўніцтва якога знайшло ў сабе мужнасць абараніць недатыкальнасць прылеглай да Курапатаў тэрыторыі.

Урэшце толькі пасля гэтых падзей Мінкультуры зацвердзіла не прадугледжаную заканадаўствам часовую схему зон аховы Курапатаў, якая ўключае зоны ахоўную, рэгулявання забудовы і аховы ландшафту. Прычым, Мінкультуры насуперак рашэнню Рады ад 20 мая 2003 года значна скараціла прапанаваную спецыялістамі “Праектрэстаўрацыі” плошчу ахоўнай зоны помніка з яго усходняга боку. Свае дзеянні чыноўнікі матывавалі тым, што праект Косьціч і Кукуні не адпавядае існуючым нормам, але так і не змаглі адказаць на пытанне — якім канкрэтна.

kurapaty_kasztounasc_6.jpg
kurapaty_kasztounasc_7.jpg

На схемах бачна, як мяняліся межы зон аховы Курапатаў паводле: праекту Таццяны Косьціч і Вольгі Кукуні 2003 г.; пастанове Мінкультуры ад 12 мая 2004 г.№ 15; пастанове Мінкультуры ад 1 снежня 2014 г. №70. 

kurapaty_kasztounasc_8.jpg


Тым не менш, няпэўны — часовы статус зон аховы Курапатаў і ласыя кавалкі зямлі, што атачаюць урочышча, спакусілі забудоўцаў да незаконнага новага будаўніцтва ў ахоўнай зоне помніка.

Першай тут з’явілася СТАА “БелРэстІнвест”, якое ў ахоўнай зоне з заходняга боку Курапатаў пабудавала чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарацыі і дзіцячую пляцоўку аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. І хоць 27 лістапада 2012 года Генеральная пракуратура накіравала Мінскаму аблвыканкаму адпаведнае прадстаўленне аб неабходнасці цягам месяца ліквідаваць гэтыя парушэнні заканадаўства, вышэйназваныя пабудовы стаяць і да гэтай пары — праз 50 месяцаў.

Пачаўся наступ і на паўночную частку ахоўнай зоны Курапатаў з боку катэджнага пасёлку “Сонечны”, былі агучаныя планы будаўніцтва Міжнароднага выставачнага комплексу паміж урочышчам і “Экспабелам” на полі, частка якога ўваходзіць у ахоўную зону помніка.

Паколькі грамадскасць разумела небяспеку гэтых выклікаў для народнага мемарыялу і найперш лічыла недапушчальнымі любыя праектна-вышукальніцкія і будаўнічыя працы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, бо такія працы ствараюць пагрозу існавання асяроддзя помніка, у тым ліку і “Дарогі смерці”, напрыканцы 2013 году была створана грамадзянская ініцыятыва “Эксперты ў абарону Курапатаў”.

Яе рознабаковая дзейнасць, у тым ліку шэраг ініцыяваных экспертамі судовых працэсаў, прыпыніла праектаванне забудовы ахоўнай зоны каштоўнасці. Урэшце, Міністэрства культуры пастановай №70 ад 1 снежня 2014 году зацвердзіла сталы праект зон аховы Курапатаў, што 29 снежня ўнесены ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

У чым плюсы і мінусы новых межаў?

Плошча самога помніка павялічылася на 3,3 га — з 23 да 26,3 га, аднак значна скарацілася плошча ахоўнай зоны Курапатаў, дзе забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, — на 13,4 га (з 45,87 да 32.47 га). Прычым плошча ахоўнай зоны не толькі скараціліся, але і страцілі сваю цэласнасць.

З ахоўнай зоны выключана частка МКАД і тэрыторыя на поўдзень ад яе.

З заходняга боку плошча ахоўнай зоны скарацілася прыкладна на 1,1 га. за кошт тэрыторыі, незаконна забудаванай аб’ектам прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол”.

З паўночнага боку народнага мемарыялу плошча ахоўнай зоны скарацілася на 4,6 га. Апроч таго, на гэтай тэрыторыі насуперак заканадаўству была выпрастаная гістарычная дарога на вёску Дроздава і ўзведзены ачышчальныя збудаванні з вадаёмам.

З усходняга боку Курапатаў зацверджаная плошча ахоўнай зоны на 1,97 га меней за прадстаўленую грамадскасці 27 лістапада 2013 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры і 17 красавіка 2014 году на прэзентацыі праекту дэталёвага планавання забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў. Аднак нават у гэтых варунках зацверджаная плошча ўсходняй часткі ахоўнай зоны усё ж такі большая за ранейшую згодна часовай схеме зон аховы помніка. Бо раней пад аховай знаходзілася толькі частка “Дарогі смерці”, а зараз — уся. І гэта — важкае дасягненне грамадскасці. Менавіта яе дзеяннямі парушаныя планы аддаць пад Міжнародны выставачны комплекс поле паміж Курапатамі і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі і, такім чынам, забудаваць амаль усю усходнюю частку ахоўнай зоны каштоўнасці.

Разам з тым, распрацоўшчык праекту прапанаваў ўсталяваць мяжу на адлегласці ў 240 м ад ускрайку Курапацкага лесу. Такая адлегласць гарантавала захаванасць дарогі, дазваляла яе будучую мемарыялізацыю і стварала дастатковую буферную зону паміж дарогай і сучаснай забудовай з усходняга боку. У зацверджанай Мінкультуры ахоўнай зоне яе ўсходняя мяжа прывязана да адсутнай сёння “Дарогі смерці” і праходзіць у 6 метрах на ўсход ад гэтай дарогі. Пры гэтым пакінута прыблізная прывязка да лесу ў 240 м. Але рэальна зацверджаная мяжа будзе бліжэй да лесу на 20-50 м. Атрымліваецца, што ўсходняя мяжа ахоўнай зоны дакладна не прывязаная, што стварае пагрозу непаразуменняў.

З катэджнага пасёлку “Сонечны” зняты статус зоны рэгуляванай забудовы і, такім чынам, гэтая зона, дзе нельга будаваць прамысловыя прадпрыемствы і шматпавярховікі, скарацілася прыблізна на 12,5 га.

Нягледзячы на ўсе гэтыя хібы, дзякуючы высілкам грамадскасці працэс забудовы тэрыторыі каля ўрочышча ўпершыню у гісторыі ўведзены ў прававое поле, бо ўся праектная дакументацыя па будаўніцтве Міжнароднага выставачнага комплексу будзе распрацоўвацца адпаведна зацверджанага праекту зон аховы народнага мемарыялу.

Хто стаіць за “БелРэстІнвестам”?

Разам з тым, новыя межы зон аховы аніяк не вырашылі сітуацыю вакол цэнтру адпачынку з былой назвай “Бульбаш-хол”. Пад сціплай назвай аб’екту прыдарожнага сервісу каля самых Курапатаў насамрэч узведзены сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс з рэстарацыяй на 100 пасадачных месцаў, лазняй, чатырма дамкамі модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкай. Прычым значная частка гэтага комплексу, збудаваная ў ахоўнай зоне Курапатаў, згодна пастанове Мінкультуры ад 1 снежня 2014 года апынулася па-за межамі ахоўнай зоны.

kurapaty_kasztounasc_2_logo.jpg

На гэтым месцы ў траўні 1988-га вучань 8 класа Мінскай СШ №171 Алесь Макрушын (на здымку 2016 г.) і яго сябры Віктар Пятровіч і Ігар Бага дапамаглі беларускім археолагам адкрыць таямніцу Курапатаў


Усе спробы грамадскасці вырашыць пытанне з гэтай незаконнай забудовай праз звароты ў Генеральную пракуратару і скаргі ў суд пакуль не даюць аніякіх вынікаў. Адзінае, што з-за пазіцыі грамадскасці гэты цэнтр адпачынку яшчэ не пачаў працаваць. А калі адчыніцца? Гэта нават немагчыма ўявіць, каб пад самым мемарыяльным лесам, дзе ляжаць парэшткі дзясяткаў, а можа і сотняў тысяч ні ў чым не вінаватых людзей — нашых продкаў, адбываюцца гулянкі і вяселлі, удзельнікі якіх выпіваюць, смажаць шашлыкі, спяваюць, танчаць і парацца ў лазні…

Любы нармальны чалавек, які ставіцца да Курапатаў як да народнай святыні, добра разумее, што так быць не павінна. Тым больш, як сведчыць гісторыя, забавы на касцях заўсёды заканчваюцца кепска.

У гэтай сітуацыі цалкам лагічным выглядае пытанне да кіраўніцтва дзяржавы: чаму не выконваецца прадпісанне Генеральнай пракуратуры ад 27 лістапада 2012 года, чаму Міністэрства культуры, якое павінна каардынаваць дзейнасць ў сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства ў названай галіне, сваёй пастановай ад 1 снежня 2014 года № 70 увяло ў прававое поле незаконнае будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў?

Ад гэтага кроку Мінкультуры, (які ўзмацняе антрапагенны ўціск на ўрочышча і пагражае яго знішчэнню, бо шырыня ахоўнай зоны з заходняга боку каштоўнасці скарацілася з 120 да 50 метраў), пацярпелі Курапаты, ушчымленыя правы грамадзянаў, а ў выгадзе засталося толькі СТАА “БелРэстІнвест” — заказчык работ па будаўніцтве рэстаранна-забаўляльнага комплексу.

kurapaty_kasztounasc_1_logo.jpg


Хто стаіць за “БелРэстІнвестам”, пад інтарэсы якога падганяецца айчыннае заканадаўства?

Да гэтай пары на гэтае пытанне няма адказу. На жаль, далёкая ад свайго вырашэння і сама праблема звужэння ахоўнай зоны Курапатаў.

Пра гэта сведчаць спробы ўнітарнага прадпрыемства “Праектны інстытут Белгіпразем” атрымаць дазвол на адвядзенне зямель для ўзвядзення ў ахоўнай зоне Курапатаў гаспадарча-бытавой каналізацыі для аб’екту “Будаўніцтва лагістычнага цэнтру з пад’язной дарогай да яго, а таксама са складскімі, адміністрацыйнымі і сэрвіснымі памяшканнямі” каля вёскі Дроздава Мінскага раёна.

У адказ на пісьмовы зварот Міністэрства культуры патлумачыла заяўніку, што станоўчае заключэнне аб адвядзенні зямель можа быць падрыхтавана пасля ўнясення адпаведнай змены ў дзеючы праект зон аховы Курапатаў з улікам “навукова-метадычнага абгрунтавання” гэтай змены.

Такім чынам, Міністэрства культуры дапускае магчымасць далейшага звужэння ахоўнай зоны каштоўнасці праз “навукова-метадычнае абгрунтаванне” чарговых зменаў у праекце зон аховы.
Аднак здаровы сэнс падказвае, што навуковымі метадамі можа быць абгрунтаваны толькі адзін памер шырыні ахоўнай зоны Курапатаў — прынамсі 300 метраў. Меншая шырыня ахоўнай зоны каштоўнасці вызначаецца ўжо не навуковымі метадамі.

У цяперашняй сітуацыі чарговага супрацьстаяння каля Курапатаў з-за пачатку будаўніцтва пяціпавярховага офіснага цэнтру побач з нацыянальным некропалем Міністэрства культуры можа зняць праблему ахоўных зон народнага мемарыялу адным крокам — аднаўленнем і зацвярджэннем гістарычна абгрунтаванага і адпаведнага беларускаму заканадаўству Праекту ахоўнай зоны Курапатаў шырынёй у 300 метраў ад 20.05.2003 г., які быў аднагалосна ўхвалены Радай.

Менавіта такі крок чыноўніцтва засведчыць дзяржаўнае стаўленне Міністэрства культуры да Курапатаў, як да святыні, а таксама знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі Беларусі.

 

kurapaty_kasztounasc_5_logo.jpg