Нядзеля ў Курапатах: «культурны фронт» і багата дзетак
Выходныя на
курапацкай вахце былі надзвычай люднымі ды багатымі на падзеі: музычныя,
рэлігійныя і нават кінематаграфічныя.

Нядзеля ў Курапатах. Фота Алеся Кіркевіча
На выходных эскалацыі канфлікту не назіралася. Наадварот, атмасфера пераўтварылася ў цёплую і сяброўскую, а культурныя падзеі дадалі новых фарбаў і колераў.
Аб 11-й гадзіне Валерыя Чарнаморцава, якая не першы год займаецца тэмай сталінскага тэрору, правяла па ўрочышчу Курапаты экскурсію, у якой прыняла ўдзел каля паў сотні чалавек. Былі і мясцовыя, якія, у сваю чаргу, падзяліліся ўспамінамі, як яшчэ ў 80-я знаходзілі каля дамоў косткі — у тым ліку на месцы будоўлі, якая выклікае зараз столькі шуму.

Падчас экскурсіі ў Курапаты. Фота з фб Валерыі Чарнаморцавай

У другой палове дня, прыкладна а 16-й у лагеры прайшла супольная малітва, арганізаваная евангельскімі хрысціянамі. Вернікі падышлі да справы сур’ёзна, узяўшы з сабой калонкі, мікрафоны ды сінтэзатар, а пастар Антон Бокун, нагадаў, што: “Нявінна пралітая кроў заўжды кліча да Госпада”, маючы на ўвазе ахвяр расcтрэлаў 1930-х, якія ляжаць у Курапатах.

Евангельскія хрысціяне падчас малітвы. Фота Алеся Кіркевіча

За пратэстантамі эстафету пераняў Пётр Клюеў, які сыграў некалькі сваіх кампазіцый рамантычнага кірунку. Музыка выбачыўся за тое, што не можа знаходзіцца на вахце пастаянна, бо мае гастрольны графік і хутка з’язджае ва Украіну.

Пётр Клюеў. Фота Алеся Кіркевіча
Увечары, калі ўжо сцямнела, актывісты вывесілі вялікі белы банер на плот будоўлі, каб выкарыстаць яго ў якасці экрану. А 20.00 пачалася трансляцыя легендарнага фільму “Дарога на Курапаты”, у якім прыводзяцца дакументальныя звесткі ды жывыя сведчанні з першых вуснаў аб расстрэлах ва ўрочышчы з 1937 па 1941 гады.
Аўтар фота-галерэі Арцём Лява
Менавіта ў нядзелю, ці не ўпершыню ў лагеры знаходзілася адначасна каля 20 дзетак, якіх узялі з сабой бацькі. Такі факт яшчэ раз сведчыць пра мірны характар пратэсту.

Са слоў пратэстоўцаў, пры гэтым, надыходзячая ноч можа быць трывожнай, бо наперадзе — будзёны дзень, а значыць людзей застанецца меней. Зранку ў панядзелак нарэшце стане ясна, ці адновяць рабочыя працу, што і вызначыць перспектыву лагеру на бліжэйшы тыдзень.
Таму заклікаем усіх, хто можа прыйсці а 8-й ранку ў Курапаты!