Пачаўся анлайн збор ахвяраванняў на лагер абароны Курапатаў
У інтэрнэце з’явіўся сайт лагеру абароны Курапатаў kurapaty.by. Асноўная функцыя сайту — збор ахвяраванняў на патрэбы лагеру.
У падарунак ахвярадаўцам прапаноўваюцца паштоўкі і цішоткі з нядаўна створаным лагатыпам.
На старонках актывістаў абароны Курапатаў перыядычна з’яўляюцца спісы таго, чым можна дапамагчы існаванню лагеру. Людзі актыўна дапамагаюць і падвозяць неабходныя рэчы.
“Людзі падтрымліваюць не толькі барацьбу супраць амаральнай забудовы крывавага помніку савецкім рэпрэсіям, яны патрымліваюць змаганне з карумпаванасцю і глухасцю улады. Мэта сайту — дапамагчы падтрымаць гэтае змаганне людзям, якія не маюць магчымасці фізічна далучыцца да лагеру ці падвезці неабходныя рэчы”, — кажа стваральнік сайту Пётр Маркелаў.
На дадзены момант сабрана 9 ахвяраванняў на агульную суму ў 295 эўра. На сайце пазначана, што справаздача аб выдатках лагеру будзе даступная пазней.
“Актывісты, што мерзнуць там па начох, ведаюць найлепш, што ім трэба. Калі пытаньне забудовы Курапатаў будзе вырашанае, сродкі, якія застануцца, пойдуць на кампанію па ўсталёўцы мемарыялу ў Курапатах ці іншую мэту, якая будзе абраная ахвярадаўцамі і грамадскасцю,” — адзначыў Пётр Маркелаў.
Збор сродкаў вядзецца праз сістэму PayPal, якая дазваляе ахвяраваць самастойна абраную суму ў еўра кожнаму ўладальніку картаў VISA, Maestro і MasterCard у любой валюце. Акрамя таго, ахвяраванні можна пакінуць непасрэдна ў самім лагеры (Мірашнічэнкі 53), на сядзібе БНФ (Чарнышэўскага 3, кв. 39) і ў Арт-Сядзібе (Незалежнасці 58, оф. 430, 4 паверх Маскоўска-Венскага ГЦ).
Паводле прэс-рэлізу