Будаўніцтва ў Курапатах узаконілі. Пратэстоўцы склікаюць агульнагарадскі мітынг
Камісія разгляду вынікаў грамадскіх слуханняў сабралася сёння ў адміністрацыі Першамайскага раёну і зацвердзіла змены, паводле якіх пляцоўка, дзе пачалося будаўніцтва бізнес-цэнтру, не ўваходзіць у ахоўную зону.

Прадстаўнік «Белграда» прадставіў план, спыніўшыся на некаторых аб’ектах, якія знаходзяцца ў Першамайскім раёне — установе аховы здароўя і паркоўках. Пра будаўніцтва бізнэс-цэнтру нічога не было сказана.
9 чалавек прагаласавалі «за», 1 — «супраць», 1 — устрымаўся. Такім чынам, дэталёвы план зацверджаны.
Апроч прадстаўнікоў камісіі, на паседжанне прыйшлі каля 30 прадстаўнікоў грамадскасці, сярод якіх Аляксей Янукевіч, Юры Беленькі, Павал Севярынец, а таксама жыхары Першамайскага і Савецкага раёнаў. Грамадскасць настойвала, што была парушаная працэдура вываду з ахоўнай зоны ўчастку каля Курапатаў, дзе пачалася будоўля офіснага цэнтру.
Палітыкі Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец заклікалі правесці ў пятніцу а 18.00 агульнагарадскі мітынг каля Курапатаў.
svaboda.org