«Усё залежыць ад таго, наколькі моцным будзе пратэст»

Абаронцы Курапатаў правялі надзвычайны сход.

abarona_kurapatau_2017_liava_arciom_11_logo_1.jpg


Не менш за 50 чалавек прынялі ўдзел у надзвычайным сходзе побач з будаўнічай пляцоўкай каля мемарыяльнага комплексу Курапаты.

Актывісты заклікалі збірацца на сход пасьля таго, як сёння ў Адміністрацыі Першамайскага раёну камісія па разглядзе вынікаў грамадзкіх слуханьняў зацвердзіла дэталёвы плян, у якім канфліктная пляцоўка каля Курапатаў, дзе нядаўна пачалі будаваць бізнэс-цэнтар, застаецца па-за ахоўнай зонай.

У сходзе прынялі ўдзел як актывісты, так і мясцовыя жыхары. Да прысутных звярнуліся сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Севярынец прызначыў агульную мабілізацыю на заўтра а 8-й раніцы, каб блакаваць магчымыя спробы аднавіць будаўнічыя працы. Ён таксама адзначыў, што канфлікт вакол Курапатаў можа зацягнуцца на тыдні, таму трэба размяркоўваць вахты паміж актывістамі, каб у намётавым лагеры заўсёды было дастаткова абаронцаў. Севярынец выказаў упэўненасць, што грамадства здольнае спыніць будоўлю.

«Усё залежыць ад таго, наколькі моцным і рашучым будзе пратэст. Канчатковае слова будзе за жыхарамі і абаронцамі Курапатаў», — заявіў у сваю чаргу старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Таксама палітыкі заклікалі прыходзіць 3 сакавіка а 18:00 на агульнагарадскі мітынг.

Кароткачасовы сход скончыўся агульным скандаваньнем «Жыве Беларусь» і «Верым! Можам! Пераможам!».

svaboda.org