Лідзія Ярмошына адказала на прапанову абараніць скрыні для галасавання ад незаконнага ўскрыцця

Брэсцкі каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк атрымаў адказ з Цэнтрвыбаркаму на свой зварот, у якім ён прасіў забяспечыць падчас прэзідэнцкіх выбарах-2015 апячатванне скрыняў для галасавання ўнікальнымі пячаткамі. На думку Турчаняка, гэта неабходна для папярэджання несанкцыянаванага ўскрыцця скрыняў і недапушчэння фальсіфікацый. Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына адказала на ініцыятыву адмовай.



32131089_w640_h2048_ekjrvepr.png

Дзяніс Турчаняк адзначае, што падчас папярэдніх выбараў рознага ўзроўню апячатванне скрыняў для галасавання ажыццяўлялася адбіткамі металічных пячатак, якія былі папярэдне выраблены Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. «Гэтыя пячаткі не маюць унікальнага малюнкаяны абсалютна аднолькавыя. У выніку чаго на ўсіх скрынях для галасавання пасля апячатвання знаходзяцца абсалютна аднолькавыя адбіткі», — кажа актывіст.

Прычым «кожныя выбары выдачу аднолькавых пячатак старшыням зноў сфармаваных выбарчых камісій здзяйсняюць службовыя асобы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». У выніку ва ўдзельнікаў выбарчай кампаніі няма ні функцый, ні магчымасці кантраляваць выдачу і перасоўванне пячатак, якія выкарыстоўваюцца для апячатвання выбарчых скрыняў: «Таму нельга цалкам выключыць выпадкі незаконнага ўскрыцця выбарчых скрыняў і замены бюлетэняў выбаршчыкаў з наступным апячатваннем скрыні падобнай пячаткай».

На думку актывіста Руху «За Свабоду», «апячатванне адбіткамі аднолькавых пячатак, якія да таго ж працяглы час знаходзіліся ў распараджэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, падкантрольных Лукашэнка А.Р., не можа гарантаваць мне і астатнім выбаршчыкам, што скрыня для датэрміновага галасавання, якая апячатаная старшынём канкрэтнага выбарчага ўчастка, не выкрывалася без яго ведама, бо наяўнасць вялікай колькасці аднолькавых пячатак не выключае магчымасці паўтарэння апячатвання з выкарыстаннем любой з іх пасля незаконнага ўскрыцця ўрны».

Выхад з сітуацыі, якая склалася, Дзяніс Турчаняк бачыць у прадастаўленні права давераным асобам кандыдатаў у прэзідэнты ажыццяўляць апячатванне скрыняў любога ўчастку для галасавання па сваім выбары альбо пячаткай, або набытымі за кошт рэсурсаў кандыдата сродкамі пламбавання з унікальным нумарам са ступенямі абароны ад падробкі, якія дазваляюць выключыць доступ да змесціва скрыняў без бачных слядоў спробы ўскрыцця.

Акрамя таго, «кожная ўчастковая выбарчая камісія павінна забяспечыць апячатванне або пламбаванне скрыняў для галасавання ўнікальнай, непаўторнай пячаткай, альбо выкарыстоўваць сродкі пламбавання з унікальным нумарам са ступенямі абароны ад падробкі, якія дазваляюць выключыць доступ да змесціва скрыняў без бачных слядоў спробы ўскрыцця».

У адказе Лідзіі Ярмошынай гаворыцца, што парадак апячатвання скрыняў для галасавання ўстаноўлены Выбарчым кодэксам, а Цэнтрвыбаркам не мае права змяняць гэтыя нормы, у тым ліку дазваляць пламбаваць скрыні давераным асобам кандыдатаў у прэзідэнты сваімі сродкамі. Да таго ж, па яе словах, у краіне больш за 6 тысяч участкаў для галасавання, тады як давераных асобаў у кандыдата каля 30, а значыць, «рэалізаваць такую прапанову на практыцы немагчыма».

Што тычыцца ідэі забяспечыць выбарчыя камісіі індывідуальнымі пячаткамі, то «дапушчэнні аб ускрыцці скрыняў мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, у якіх паміж выбарамі захоўваюцца аднолькавыя пячаткі ўчастковых камісій, надуманыя і не пацверджанымі фактамі».

Пры гэтым Лідзія Ярмошына адзначыла, што «у далейшым з улікам практыкі правядзення выбараў магчымае ўдасканаленне парадку апячатвання (пламбавання) скрыняў для галасавання».

Паводле; Рух “За свабоду”