Хто вырашыць лёс самабуду каля Курапатаў?

Намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко лічыць, што лёс аб'екту прыдарожнага сервісу з былой назвай «Бульбаш-хол», самавольна і незаконна ўзведенага каля Курапатаў, павінны вырашаць мясцовыя ўлады.



kurapaty_tacciana_kolyshava_logo.jpg

Пра гэта са спасылкай на нормы Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь гаворыцца ў адказе намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко на ліст абаронцы Курапатаў, мінчанкі Таццяны Колышавай.
Нагадаем, што пасля таго, як восенню 2012 году СТАА «БелРэстІнвест» самавольна і незаконна ўзвяло ў недатыкальнай ахоўнай зоне Курапатаў шэраг пабудоў аб’екту прыдарожнага сервісу з абражальнай для нацыянальнай годнасці беларусаў назвай «Бульбаш-хол», па шматлікіх зваротах грамадзянаў Генеральная пракуратура правяла праверку. Вынікам яе стала прадстаўленне Генпракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году, у якім ішла гаворка пра неабходнасць вынасу (зносу) самабуду. Тэрмін выканання дакументу — 27 снежня 2012 году. Аднак гэтае прадстаўленне не выкананае і праз 21 месяц пасля прыняцця. 
Вось чаму грамадскасць звярнулася ў суд са скаргай на дзеянні (бяздзеянне) Генпракуратуры. Аднак 27 чэрвеня бягучага году суд Цэнтральнага раёну сталіцы не задаволіў скаргу грамадзянаў, а калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду пакінула ў сіле гэтае рашэнне суду першай інстанцыі. Зараз абаронцы Курапатаў рыхтуюць наглядную скаргу на імя старшыні Мінгарсуду, а таксама чакаюць адказу на свой ліст ва ўрад у сувязі з сітуацый вакол народнага мемарыялу
Трэба адзначыць, што Таццяна Колышава, па адукацыі медсястра і інжынер-будаўнік, зараз знаходзіцца на пенсіі. У гады Другой сусветнай вайны яе цётка перажыла сталінскія рэпрэсіі, была выслана з Тамбоўскай вобласці Расіі ў Пермскі край і рэабілітаваная пад час хрушчоўскай адлігі. Абаронай Курапатаў спадарыня Таццяна займаецца з восені 2001 году, калі грамадскасць выступіла супраць пашырэння МКАД каля народнага мемарыялу без праектнай дакументацыі і шырокага грамадскага абмеркавання. 
З восені 2012 году, калі грамадскасці стала вядома пра самавольнае і незаконнае будаўніцтва каля Курапатаў аб’екту прыдарожнага сервісу, спадарыня Таццяна пачала асабістую перапіску з уладамі, якая працягваецца да гэтай пары. На сёння гэтая перапіска налічвае сотні лістоў і важыць больш за два кілаграмы. Нягледзячы на тое, што Мінскі аблвыканкам спыніў ліставанне з Таццянай Колышавай, яна працягвае звяртацца ў іншыя дзяржаўныя структуры з пытаннямі, што тычацца зносу самабудаў, незаконна ўзведзеных ў ахоўнай зоне народнага мемарыялу.