З 12 па 14 верасня ў Беларусі адбудзецца II фэст мастацтваў беларусаў свету

З 12 па 14 верасня ў Беларусі адбудзецца II фэст мастацтваў беларусаў свету. Пра гэта 11 верасня ў Мінску, у Нацыянальным прэсавым цэнтры паведамілі журналістам удзельнікі прэсавай канферэнцыі — супрацоўнікі  Міністэрства культуры, Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары з Казахстана і Расіі.



fest_12_14_9_14_logo.jpg

Удзельнікі прэсавай канферэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры

Яны распавялі, што ў фэсце прымуць удзел каля 250 этнічных беларусаў з 18 краінаў свету. Сярод іх — госці з шэрагу постсавецкіх краінаў, а таксама з Аргенціны, Італіі, Іспаніі, Мексікі і Францыі. Дарэчы, на першым такім фэсце, што адбыўся тры гады таму ў Віцебску і Мінску, удзельнічалі таксама каля 250 беларусаў з 12 краінаў свету. У праграму фэста ўключаны канцэрты прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў аграгарадках краіны, выступленні ўдзельнікаў фэсту пад час святкавання ў Мінску Дня горада, а таксама заключны канцэрт у вялікай залі Белдзяржфілармоніі (14 верасня а 15.00). Прычым, акрамя лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці і народных майстроў на фэст запрошаны выбітныя дзеячы класічнага мастацтва беларускага замежжа — піяністы і оперныя спевакі.

Апроч таго, для гасцей краіны запланаваны экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сустрэча з беларускімі пісьменнікамі ў Дзяржаўным гісторыка-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, а таксама выстава выяўленчага, дэкаратыўна-ужытковага і фотамастацтва ў Нацыянальным гістарычным музеі.    

Трэба мець на ўвазе, што ўдзельнікі фэсту мастацтваў беларусаў свету сістэматычна наведваюць сваю гістарычную радзіму і прымаюць удзел у розных мастацкіх святах, у тым ліку ў фэсце народной музыкі “Грайгармонікзвініпрыпеўка!”, міжнародным фэсце песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, а таксама ў рэгіянальных фэстах.