Лёсы ахвяраў Трасцянца ўзгадалі іх родныя з краін Еўропы
4 траўня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў лёсы ахвяраў канцлагера “Трасцянец” узгадалі іх родныя з Нямеччыны, Беларусі і Чэхіі.
Удзельнікі сустрэчы
Гэтыя ўспаміны сталі часткай памятных мерапрыемстваў у гонар 70-годдзя Перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне. Думкі людзей, чые родныя загінулі ў Трасцянцы, вельмі актуальныя сёння, калі свету пагражае новая сусветная вайна. Паспрабуем асэнсаваць пачутае…
Габрыэль Хайм з Нямеччыны:
— Я — нашчадак габрэйскай сям’і з Берліну — змог прыехаць да вас, бо маёй маці ўдалося эмігрыраваць і выратавацца ад пераследу і смерці. Аднак мая бабуля Мары Вінтэр, 1879 года народзінаў, не змагла пакінуць Нямеччыну і ніколі не думала, што стане выгнанніцай у сваёй Радзіме… У 1999 годзе, пасля сыходу маці ў лепшы свет, я знайшоў у яе дзве скрынкі з 172 лістамі 1938–1942 гадоў ад бабулі. З гэтых лістоў, адрасаваных маёй матулі ў Швейцарыю, паўстае жыццё і побыт, штодзённыя абмежаванні, нягоды і зняволенне адзінокай габрэйкі і яе сяброў ў Берліне — сталіцы Трэцяга Рэйху. Для бабулі паўсталі жудасныя часы, калі неверагоднае стала праўдай…
Урэшце, як сведчаць ваенныя дакументы, насуперак волі камандавання СС і з ініцыятывы кіраўніцтва гестапа, якое жадала ачысціць астрогі Берліна ад габрэяў, мая бабуля, закратаваная разам з іншымі сябрамі Агульнаімперскага аб’яднання габрэяў Нямеччыны, 24 чэрвеня 1942 года апынулася ў 16-м эшалоне, які вёз вязняў на ўсход. Праз два дні разам з габрэямі, дэпартаванымі з Кёнігсберга, Мары Вінтэр у вагоне для жывёлы прыбыла ў Мінск. Выгрузка зняволеных і іх багажу з карнага транспарту адбывалася ў атачэнні сябраў СД, які адбіралі каштоўнасці ў габрэяў і сартавалі іх для адпраўкі ў трасцянецкае ўрочышча Благаўшчына. Частку вязняў везлі ў грузавіках да толькі што павыкопваных ямаў, дзе паліцаі і эсэсаўцы расстрэльвалі няшчасных. Частка зняволеных — састарэлыя, хворыя і малыя дзеці — адвозіліся ў Благаўшчыну сямю газвагенамі нямецкай вытворчасці, празваных мясцовымі жыхарамі душагубкамі. За той час, што газваген праходзіў 15 кіламетраў ад цягніка да Трасцянца, выхлапныя газы забівалі ўсіх пасажыраў душагубкі…
Хутчэй за ўсё, Мары Вінтэр, саслабелая пасля двухмесячнага зняволення ў астрозе, была вымушаная сесці ў адзін з гэтых газвагенаў. Напрыканцы свайго зямнога шляху яе чакала хлорная вапна, якой нацысты залівалі забітых. Далей была цішыня…
Галіна Пшанічная з Беларусі:
— Падчас акупацыі нашая сям’я жыла ў Негарэлым. Бацька працаваў на чыгунцы і праз маці — былую настаўніцу — да 1944 года перадаваў звесткі пра рух цягнікоў савецкім партызанам. Перад самым вызваленнем Беларусі ад фашыстаў здраднік выдаў бацьку, і яго закратавалі ў мінскім астрозе на вуліцы імя Уладзіміра Валадарскага. У астрозе тата сустрэў майго дзядулю з родзічамі, якія пазней загінулі. Паколькі нават пад катаваннямі бацька адмовіўся даваць звесткі пра партызанаў, а Чырвоная Армія набліжалася, тату вывезлі ў Трасцянец. Бацька апынуўся сярод тых, каго чакаў расстрэл. Вязняў падводзілі к хляву, выводзілі са строю па пяць чалавек, заводзілі ў хлеў і забівалі стрэлам у спіну. Калі стрэльнулі ў тату, ён страціў прытомнасць, бо куля прайшла праз шыю і выйшла ў вока… Апрытомнеў ён толькі тады, калі адчуў на сабе кроў, што збягала з забітых, якія ляжалі зверху.
Разумеючы па-нямецку, бацька з размоваў ахоўнікаў уцяміў, што калі сцямнее, хлеў з забітымі падпаляць. Далей чакаць было нельга. Таму тата выкараскаўся з-пад забітых і папоўз да брамы, а далей — у жыта. Дапоўз да крайняй хаты, дзе гаспадар адразу ўсё зразумеў, перабінтаваў галаву, папаіў малаком і папярэдзіў, што больш у яго доме нельга заставацца, бо ўвесь час шастаюць паліцаі і немцы. Бацька пайшоў у вёску, дзе жыў яго знаёмы — партызанскі сувязны, аднак па дарозе быў перахоплены двума немцамі — афіцэрам і салдатам. Апошні хацеў садраць бінт з галавы таты, але афіцэр запярэчыў і запытаўся, куды крочыць бацька. Ён патлумачыў, што ідзе ў Негарэлае да маці, якая працуе перакладчыцай у немцаў, каб разам з імі выехаць на захад. Апроч таго, тата з афіцэрам коратка абмовіліся пра вайну і аказалася, што яны адносяцца да яе аднолькава кепска…
Бацька ўсе ж такі дайшоў да свайго знаёмага — партызанскага сувязнога, які даставіў цяжка параненага ў савецкі франтавы шпіталь ва Уздзе, ужо вызваленай Чырвонай Арміяй. З Узды тата патрапіў у мінскі шпіталь, дзе яго вярнулі да жыцця пасля шэрагу складаных аперацый па перасадцы скуры і пратэзаванню вока. Пасля вайны ўсе жыхары Негарэлага добра ведалі лёс майго бацькі і дапамагалі нашай сям’і ўсім, чым маглі. А калі мне споўнілася 10 гадоў, тата павёз мяне ў Трасцянец і са слязьмі на вачах распавёў сваёй дачцэ, дзе, калі і як адбываўся ягоны расстрэл…
Пётр Кленка з Чэхіі:
— Мае бацькі — чэшскія габрэі — прайшлі нацыстоўскія канцлагеры і выжылі, прычым маці была вязнем 12 лагераў, а тата — трох. Трасцянец стаў для яго апошнім месцам зняволення і прымусовай працы. Разам з сваім сябрам Каралем Шымекам бацька збег з Трасцянца да партызанаў, затым ваяваў супраць фашыстаў у складзе I Чэхаславацкага армейскага корпуса пад камандаваннем Людвіка Свобады, восенню 1944 года, падчас баёў за Дуклінскі перавал, быў паранены і ўзнагароджаны чэхаславацкімі баявымі ардэнамі.
Я нарадзіўся пасля вайны, і ў мяне было шчаслівае дзяцінства. Ад бацькоў я навучыўся дзяліць людзей на добрых і кепскіх, а не ў залежнасці ад колеру скуры, нацыянальнасці ці веравызнання. Сучасныя немцы жывуць з пачуццём сораму за злачынствы сваіх продкаў. У мяне, як грамадзяніна Чэхіі, злачынствы чэхаславацкай дзяржавы супраць судэцкіх немцаў таксама выклікаюць пачуццё сораму. Вось чаму я асуджаю любую нецярпімасць і ганаруся тым, што жыву ў згодзе з іншымі людзей і з павагай да іх…
У памяць ахвяраў Трасцянца гучыць класічная музыка.