Любыя праекты мемарыялізацыі Курапатаў мусяць прымацца з улікам публічнага абмеркавання

Да такой высновы прыйшлі 5 снежня ў Мінску сябры грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты».



zumk_5_12_12.jpg

Культуролаг Вацлаў Арэшка паведаміў, што рэдакцыя газеты «Наша ніва» на свой ліст  кіраўніцтву СТАА «БелРэстІнвест» — заказчыку забаўляльнага комплексу каля Курапатаў атрымала адказ, у якім паведамляецца, што забудоўшчык падрыхтаваў праект мемарыялізацыі Курапатаў і накіраваў яго ў Міністэрства культуры.

Арэшка нагадаў, што ў 2002 годзе грамадскія ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» і «Моладзь у абарону Курапатаў» распрацавалі «Канцэпцыю мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій «Курапаты», каторую зацвердзілі 14 грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій, Аб’яднанне ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920-1980-х гадоў і Таварыства беларуская мовы імя Францішка Скарыны.
Гэтая канцэпцыя не страціла актуальнасць. Таму ў сваёй працы грамадская ініцыятыва павінна зыходзіць з гэтай канцэпцыі і асабліва палажэння пра тое, што «любыя прапановы і рашэнні» па мемарыялізацыі Курапатаў «мусяць прымаца з улікам публічнага абмеркавання».
Як распавяла каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька, на 12 снежня запланавана сустрэча прадстаўнікоў ініцыятывы з начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім. Падчас гэтай сустрэчы неабходна абмеркаваць шэраг праблем па сітуацыі вакол Курапатаў у сувязі з рэалізацыяй праекту «Прыдарожны сервіс на 51-м кіламетры МКАД» без дазволу Міністэрства культуры.
 
Вырашана звярнуцца да грамадзянскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі» дзеля выпрацоўкі грамадскага эскізнага праекта забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў тымі аб’ектамі, каторыя найбольш адпавядаюць сутнасці народнага мемарыялу, а таксама будуць спрыяць яго папулярызацыі і захаванню.
Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову былога вязня ГУЛАГу Уладзіміра Раманоўскага пра арганізацыю талок у Курапатах па санітарнай ачыстцы ляснога масіву. Паводле ягоных слоў, трэба зыходзіць з таго, што Курапаты, як помнік гісторыі міжнароднага значэння знаходзіцца пад аховай дзяржавы, і імкнуцца праводзіць такія масавыя мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі структурамі.
На думку актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валерыі Чарнаморцавай, наспела неабходнасць усталявання ва ўрочышчы мемарыяльнага знаку ў гонар больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, расстраляных у ноч з  28 на 29 кастрычніка 1937 году ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС БССР (у так званай «Амерыканцы»).