Максім Жбанкоў: Мы вывезлі за мяжу не свае страты, а сваю свабоду

Ці зведалі паражэнне беларусы ў 2020 годзе? Што такое Расія, і ці варта бараніць сябе ад «імперскасці»? Як ставіцца да вымушанай эміграцыі? Пра ўсё гэта ў выпуску «Жыццё-маліна» разважаў культуролаг, кінакрытык Максім Жбанкоў. Прыводзім цікавае.

4_nnjxk.jpg


Пра «добрых рускіх», лібералаў і імперскасць

Праблема не ў тым, ты беларус ці расіянін. Праблема ў тым, чаго ты варты як асоба, якімі прынцыпамі ты карыстаешся. Я ў сваім свеце не падзяляю людзей паводле пашпарта. Барыс Грабеншчыкоў — гэта харошы рускі ці не? А каму як.

Ці можам мы казаць, што рускія лібералы — імперцы? А мне нецікава. Што думае спадар Кац — гэта справа спадара Каца. Што думае спадар Быкаў — гэта пытанне да спадара Быкава. Чаму я мушу думаць, што думае Дзмітрый Быкаў? Для мяне гэта абсалютна неістотна.

І куды ім падзецца ад культурнага кантэксту, у якім яны гадаваліся ўвесь гэты час? Расійскасць — гэта залежнасць ад пэўнага іканастаса, пэўнага набору каштоўнасцей, пэўнага градуса жыцця, у якім яны ўсе існуюць.

Магчыма, гэта гадуе імперскасць, але я ўпэўнены, што большая частка тых, каго мы гатовы залічыць да імперцаў, у такіх катэгорыях не думаюць. Яны думаюць пра любоў да радзімы, пра захаванне адвечных каштоўнасцей. Мы кажам: дык гэта ўсё імперцы! А для іх гэта — абарона свайго. І хто вінаваты, што сваё ў іх такое?

Я думаю, нам трэба адзін аднаго пакінуць у спакоі. Калі мне захочацца рускага, я вазьму «Рускі альбом» Грабеншчыкова і атрымаю свой кайф. Альбо Бродскага, альбо Быкава. Гэта мой асабісты беларускі выбар.

Расія тут — гэта палічка ў глабальным культурніцкім гіпермаркеце. Захачу — вазьму штосьці адтуль. Не захачу — буду слухаць Джымі Хендрыкса. Альбо чытаць Джэймса Джойса.


Як выратаваць беларусаў ад панавання рускай культуры

Я мяркую, сама думка, што культуру можна насаджваць, што чалавечыя каштоўнасці можна, як бульбу, сеяць: ты кідаеш бульбу і ведаеш, што будзе бульба… А тут як гэта робіцца? Тут простых варыянтаў няма і быць не можа.

Трэба вучыць свабодзе. Не правільнай культурнасці, не той, якую мы вырашылі, што будзем шанаваць, а той, да якой чалавек прыходзіць сам, дзякуючы свайму выбару. І трэба ствараць магчымасці не для татальнага чарговага культурнага канона, бо на кожны канон знойдзецца альтэрнатыва, а вучыць аўтаномнаму руху ў прасторы культурніцкіх тэкстаў і каштоўнасцей.

Да самых істотных рэчаў у жыцці чалавек прыходзіць сам. Трэба разумець, чаго мы хочам. Мы хочам аднастайных жаўнераў адзінай правільнай ідэі ці мы хочам грамадства свабодных аўтаномных людзей?

3_jlx6k.jpg


Пра эміграцыю як беларускую экспансію

Гаворка ідзе пра пазбаўленне ад ахвярнасці, ад пакутніцтва. З аднаго боку, эміграцыя — гэта заўсёды стрэс, страты, пэўныя ўпушчаныя магчымасці. А з другога боку, мы цяпер выязджаем са сваімі кампетэнцыямі, сваімі здольнасцямі, з дакладным уяўленнем, што і як мусім рабіць. У новую сітуацыю мы трапляем людзьмі з прынцыпамі, з гонарам, з кваліфікацыяй, з пэўнымі сіламі і г. д.

Я выязджаў, бо гэта была адзіная магчымасць працягу майго прафесійнага шляху. Для мяне было мэтай — не пакутаваць, а рабіць справу.

Айцішнікі, медыйшчыкі, музыкі, літаратары і іншыя — мы пачынаем працягваць нашу гісторыю па-за межамі папярэдняй лакацыі. І гэта і ёсць фактычна экспансія, бо мы працягваем пазначаць сваю эфектыўную прысутнасць і працаваць на яе.

Мы вывезлі за мяжу не свае страты, а сваю свабоду. Не сваю разгубленасць, а свае перспектывы. Гэта чэлендж. Гэта выклік. Гэта стварэнне новых магчымасцей і здольнасць агучыць сваю эфектыўнасць у прынцыпова іншым асяроддзі.


Дубінка супраць эспрэса

У мяне ёсць тэорыя, што новая культура спажывання, якая цягам некалькіх гадоў перад выбарамі склалася ў Мінску і наогул у Беларусі, выклікала пэўныя змены ў свядомасці.

Мы часам лічым, што змены адбываюцца тады, калі з’яўляецца новая ідэалогія ці новая рэлігія. Я думаю, што гэта памылкова. Што да мяне, то я думаю, што змены адбываюцца, калі мяняецца пэўны лад жыцця, калі нізавыя практыкі, шлях існавання людзей робіцца іншым, і гэта нараджае новую якасць мыслення.

Я ўпэўнены, што тое, што адбылося ў 2020 годзе, было б немагчымым без Кастрычніцкай, Зыбіцкай, без клубнага руху, без культурнай прасторы «Корпус» і г. д. У суме сваёй гэтыя нязначныя перамены, культурніцкія ініцыятывы, стрыманыя кулінарныя прыгоды, фермерскія кірмашы рабілі незваротнымі тыя змены ў мысленні, якія паўставалі проста дзякуючы таму, што ты мог недзе набыць добры эспрэса, зайсці на Свабоды, 4, пасядзець з людзьмі, пагаварыць з імі ў камфортнай нязмушанай адкрытай прасторы.

Мне падаецца, самым істотным было тое, што да з’яўлення якаснага эспрэса дзяржава не мела аніякага дачынення. У прынцыпе, гэты новы лад спажывання, гэты новы лад жыцця паўставаў як нізавыя грамадскія ініцыятывы, і гэта была тэрыторыя свабоднай самаарганізацыі людзей.

Калі людзі самі вырашалі, якія канцэрты ладзіць, якое кіно глядзець, якую музыку слухаць, і што гэтым разам пакаштаваць — смузі-мафіны ці нешта яшчэ не менш смачнае.

І вось гэты эспрэса — гэта сімвал для мяне культурніцкай самаарганізацыі і асабістых прыгод.

2_gp9g1.jpg


Што тычыцца дубінак — тут усё зразумела. Гэта сімвал прымусу, гэта прымусовае існаванне ў рэжыме татальнага падпарадкавання наймацнейшаму, таму, хто здольны прымяняць найбольшы адсотак гвалту ў дачыненні да ўсіх непадобных ці нязгодных.

Дубінкамі можна зачысціць пляцоўку, прымусіць маўчаць, але ці можна дубінкамі прымусіць любіць уладу? Шчыра любіць, а не імітаваць. На мой погляд, не. Ці можна дубінкамі забараніць Лявону Вольскаму пісаць песні, Андрэю Куцілу здымаць фільм, а Бахарэвічу пісаць раман? Натуральна, не.

Штука ў тым, што гвалт мае вельмі абмежаваныя магчымасці. І тое, што мы цяпер бачым — татальная капітуляцыя рэжыму перад той складанасцю і шматграннасцю існавання Беларусі і беларусаў, з якой ён не быў здольны нічога зрабіць, і цяпер не здольны нічога зрабіць. Усё, што ён можа: суды, тэрміны, рэпрэсіі, міграцыя — гэта вельмі нецікава, гэта вельмі неталенавіта.

Банальнасць зла — гэта той самы выпадак. Гэта логіка гопніка. Гэта тое, у чаго няма будучыні, у чаго няма нават сучаснасці.

Таму, калі казаць, хто перамог, я б адказаў, што перамагла прага да свабоды, перамагла прага незалежнасці, перамагло разуменне таго, што найлепшыя рэчы ў гэтай краіне робяцца незалежна ад гэтага рэжыму і, больш за тое, насуперак гэтаму рэжыму.

Гэта відавочная перамога, бясспрэчны вынік, а ўсё астатняе — як завуць нашага прэзідэнта ці прэзідэнтку, дзе геаграфічна жывуць беларусы і чым усё гэта скончыцца — гэта пытанні іншага ўзроўню. А галоўнае ўсё ж такі адбылося.

Я сам ніколі не быў сляпым аптымістам, ні ў 2020-м, ні тым больш цяпер. Але я веру ў няўхільнасць руху, у няўхільнасць эвалюцыі самаразумення нацыі. Гэта не гарантыя поспеху, але гэта абсалютная гарантыя іншага нашага існавання. І рэжым гэта ведае. Вось чаму ён шалее.

Рэжым жыве па-за часам, па інерцыі. У яго няма бачання перспектывы, сцэнарыяў развіцця, новых ідэй, яму няма што прапанаваць ні народу, ні тым больш свету. Так не перамагаюць. Так можна патрываць.

Паводле НН