ЕС не ўзгадніў забарону на выдачу віз расіянам, але прыпыніць пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме

Кіраўнікі МЗС краін ЕС не ўзгаднілі забарону на выдачу віз расіянам, але Еўрасаюз прыпыніць дзеянне пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме з Расіяй. Пра гэта па выніках нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў у Празе заявіў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта.

img_3229_1.jpg


Пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме з Расіяй было заключана ў 2007 годзе. Яно дазваляла грамадзянам Расіі атрымліваць візы прасцей і хутчэй, а таксама зніжала візавы збор да 35 еўра, паведамляе Reuters.

Па словах Сіярта, супраць забароны на выдачу віз расіянам выступілі Венгрыя і яшчэ некалькі краін.

Разам з тым краіны ЕС, якія мяжуюць з Расіяй, заявілі пра гатоўнасць прыняць «нацыянальныя захады», каб скараціць колькасць расійскіх грамадзян, што ўязджаюць у іх краіны і Шэнгенскую зону.

Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», гаворыцца ў сумеснай заяве краін, якую бачыла Financial Times.

«Да таго часу, пакуль такія захады не будуць уведзены на ўзроўні ЕС, мы разгледзім магчымасць усталявання часовых мер на нацыянальным узроўні для вырашэння непазбежных праблем грамадскай бяспекі, звязаных з павелічэннем патоку расійскіх грамадзян праз нашы межы», — гаворыцца ў заяве Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Літвы.

«Гэта наша нацыянальная кампетэнцыя згодна з прынцыпам нацыянальнай бяспекі — вырашаць пытанні ўезду на нашу тэрыторыю», — сказаў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў канцы лютага ў гэтыя пяць краін заехала каля 700 тысяч расіян. Большасць з іх — турысты, якія выкарыстоўваюць памежныя краіны ў якасці варот для паездкі на адпачынак у заходнія краіны ЕС.

«Мы лічым, што гэта можа стаць сур'ёзнай пагрозай грамадскай бяспецы», гаворыцца ў сумеснай заяве пяці краін, у якой таксама падкрэсліваецца неабходнасць захавання «выключэнняў для дысідэнтаў, а таксама іншых гуманітарных выпадкаў».