Вячорка: ЕС не будзе ўводзіць візавы бан супраць беларусаў

Дарадца Святланы Ціханоўскай паведаміў, што на сумесным пасяджэнні міністраў замежных спраў Еўропы было прынята рашэнне не спыняць выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам Беларусі. Але не ўсім.

302097070_308465211484733_8384289126506508915_n.jpg


На «Форуме для Украіны», які зараз праходзіць у Празе, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка аб'явіў, што Еўрасаюз спыняе дзеянне пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме, але ўводзіць візавы бан у дачыненні да беларусаў не будзе.
Праўда, гэта тычыцца не ўсіх грамадзян краіны. Паводле слоў Вячоркі, будзе ўведзены індывідуальны спіс санкцый для чыноўнікаў, сілавікоў, прапагандыстаў і іншых памагатых рэжыму.
«Мы грукаліся — і нас пачулі: еўрапейскія міністры не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў. Мы тлумачылі, чаму важна адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі. Мы казалі, што візы — гэта не пра адпачынак, гэта пра падтрыманне сувязей, гэта пра бяспеку людзей, гэта пра стыпендыі і стажыроўкі, у рэшце рэшт. Для беларусаў візы — гэта не раскоша, гэта неабходнасць падтрымання грамадства і абароны незалежнасці.
Гэта не значыць, што сітуацыя не можа памяняцца: пакуль Лукашэнка пры ўладзе і з Беларусі ляцяць ракеты, Еўрасаюз будзе разглядаць абмежаванні. Наша задача — дамагчыся, каб гэтыя абмежаванні тычыліся Лукашэнкі і яго атачэння, чыноўнікаў і сілавікоў, прапагандыстаў і прарэжымных алігархаў. Мы будзем працаваць над індывідуальным спісам санкцый. Але мы будзем заўжды супраць ізаляцыі Беларусі».
Вячорка выказаў падзяку прадстаўнікам Аб'яднанага кабінета, Паўлу Латушку і яго камандзе, беларускім дыяспарам, журналістам і ўсім тым, хто выказваўся супраць спынення выдачы віз для беларусаў.