Футбольны клуб падсанкцыйнага лукашэнкаўскага бізнесмена Зайцава адмовіўся ад удзелу ў юнацкай лізе УЕФА
Брэсцкі «Рух» сёлета не выступіць у юнацкай лізе УЕФА. Як даведалася «Тр*буна», ён адмовіўся ад удзелу. Клуб належыць «кашальку Лукашэнкі» бізнесмену Аляксандру Зайцаву, які патрапіў пад міжнародныя санкцыі.
Замест берасцейцаў у турніры згуляе люксембургскі «Расінг Юніён».
Раней брэсцкі «Рух» з-за фінансавых праблем зняўся з розыгрышу беларускай вышэйшай лігі. Планавалася, што клуб заявіцца ў другую лігу, але потым і гэтага не атрымалася.
Праблемы ў берасцейцаў пачаліся пасля таго, як кіраўнік клуба Аляксандр Зайцаў трапіў у санкцыйны спіс ЗША праз тое, што 24 лютага Расія пры ўдзеле Беларусі напала на Украіну.
З чэрвеня юрыдычная асоба ТАА ФК «Рух» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.