Украіна гатовая стаць сябрам ЕС хутка — «за дзве ночы»

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што ўваходжанне яго краіны ў ЕС — гэта не справа многіх гадоў. Было б жаданне.

ukraina_es_2.jpg

Пры гатоўнасці Украіны і Еўрапейскага саюза дзейнічаць хутка, Украіна можа далучыцца да ЕС не ў шматгадовай аддаленай перспектыве, а значна хутчэй.

Пра гэта кіраўнік МЗС Украіны заявіў 31 жніўня падчас мерапрыемства Forum 2000 у Празе, піша «Еўрапейская праўда».

Украінскі міністр адзначыў, што з сямі рэкамендацый Еўракамісіі, неабходных для пачатку перамоваў аб уступленні ў ЕС, Украіна цалкам выканала адну і гатовая хутка імплементаваць астатнія.

«Паверце, мы ведаем, што стаіць на коне. Мы вельмі адданыя імплементацыі гэтых рэкамендацый і задаём наступнае пытанне не аб тым, што далей, а калі далей. Я думаю, мы ўсе заслугоўваем трохі аптымізму. Таму што традыцыйна, калі хтосьці кажа аб еўрапейскай інтэграцыі Украіны, натуральна, заўсёды дадаюць наступнае: "У, на гэта могуць сысці гады, на гэта можа сысці шмат часу". А што, калі не? Тры месяцы таму ніхто не верыў у тое, што Украіна стане краінай-кандыдатам. Мы чулі адну і тую ж гісторыю: "У, гэта зойме шмат гадоў..." Цяпер мы — кандыдаты, мы выконваем рэкамендацыі», — сказаў Дзмітрый Кулеба.

Ён выказаў упэўненасць, што пры гатоўнасці двух бакоў працэс уступлення ў Украіну ў ЕС можа адбыцца хутка.

«І калі мы гатовыя дзейнічаць хутка, ЕС павінен дзейнічаць хутка таксама. Як вы сказалі, магчыма, сяброўства ў ЕС не адбудзецца за ноч. Але яно можа адбыцца праз дзве ночы, а не за гады», — дадаў жартам кіраўнік МЗС.


Як пісаў НЧ, 23 чэрвеня Еўрапарламент заклікаў даць статус кандыдата ў ЕС Украіне і Малдове. Рэзалюцыю падтрымалі тады 529 дэпутатаў Еўрапарламента, супраць выказаліся 45, яшчэ 14 — устрымаліся. У дакуменце парламентарыі заклікаюць Еўрапейскую Раду надаць Украіне і Рэспубліцы Малдова статус кандыдата ў ЕС «неадкладна».

Еўрапейская рада надала Украіне статус кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз. Гэта рашэнне аднагалосна падтрымалі ўсе лідары ЕС падчас саміту ў Бруселі. Чаканы тэрмін уступлення Украіны ў Еўрасаюз — 2029 год. Перамовы Украіны з ЕС пра сяброўства ў Еўрасаюзе могуць пачацца ў канцы 2023 года.