Павел Усаў: Перад беларусамі яшчэ далёкі шлях да свабоды

«Ці павінны мы прызнаць факт, што ключавым стымулам у электаральнай мабілізацыі 2020-га была не нацыянальна-грамадская пазіцыя (матывацыя) беларускай супольнасці, а расійскі фактар?» — задаецца пытаннем у сваім тэлеграме палітолаг Павел Усаў.

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg

«У палітыку штурхала вера ў тое, што менавіта Масква была гатова канчаткова вырашыць пытанне Лукашэнкі.

І гэта «вера» падштурхоўвала да палітычнай актыўнасці як грамадзян, так і наменклатуру. Без веры ў гэта падзеі ў Беларусі развіваліся б зусім па іншым сцэнарыі і хутчэй нагадвалі б 2015 год.

Ці павінны мы прызнаць факт, што без расійскай агрэсіі 2022 года прарасійскі матыў, фактар усцяж быў бы вельмі моцны ў палітычных арыентацыях беларусаў, у тым ліку новай апазіцыі. Што азначае моцны дэфіцыт нацыянальнага духу і годнасці, цывілізацыйнай самадастатковасці беларускага грамадства.

І апошняе, наколькі моцнымі застаюцца прарасійскія настроі, «рускі мір» у беларускім грамадстве, нягледзячы на 2020 і 2022 гады? Наколькі моцнай застаецца вера «ў добры, глыбінны расійскі народ», у  тое, што не варта, а нават нельга (і шкодна для Беларусі і яе будучыні) парываць сувязь з усім расійскім.

У гэтай сітуацыі ці можам мы казаць, што пачаўся інтэнсіўны працэс фарміравання шырокай нацыянальнай палітычнай эліты (не кан'юнктурнай), ці ёсць запыт на нацыянальную палітычную эліту з боку большасці грамадства? І, напрыклад, у выпадку свабодных і дэмакратычных выбараў якую б падтрымку меў  нацыянальны кандыдат, а не кандыдат без нацыянальнага характару? Калі ў грамадстве, пасля драматычных падзей 2020 і 2020 гадоў застаецца запыт на добрага «гаспадарніка», а не на дзяржаўніка, то перад беларусамі яшчэ далёкі шлях да свабоды».