Краіна, якая абагнала Рэспубліку Беларусь

Суд Лідскага раёну 19 жніўня прызнаў інфармацыйную прадукцыю старонак «Veisnoria\Вейшнория» ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі», але не прызнаў яе «экстрэмісцкім фармаваннем». Між тым, сёлета гэтай віртуальнай дзяржаве споўнілася пяць гадоў. Узгадаем, што за яна?

1280px_zapad2017_conditioned_situation.jpg


Вейшнорыю прыдумала дзяржава

Краіна пад назвай «Вейшнорыя» паўстала падчас маштабных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад 2017». Згодна легендзе гэтага мерапрыемства, агучанай 28 жніўня 2017 года (гэтую дату можна назваць «Днём заснавання Вейшнорыі») на вучэннях распрацоўвалася мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расія) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаў-агрэсараў: Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі). «Лубенія» ахоплівала так званым «Сувалкскі калідор»: тэрыторыю паўночна-усходняй часткі Польшчы і паўднёва-заходняй часткі Літвы. «Весбарыя» займала тэрыторыю заходняй Літвы і цэнтральнай Латвіі. Па сцэнары, «Заходнія» спрабавалі раскалоць саюз Беларусі і Расіі, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя», якая займала тэрыторыю большай часткі Гродзенскай вобласці і паўночна-заходніх частак Мінскай і Віцебскай абласцей. «Паўночныя», адпаведна, павінны былі гэтым планам супрацьстаяць.

Само па сабе вызначэнне часткі тэрыторыі Беларусі як «варожай дзяржавы» ўзрушыла грамадства. Алею ў агонь дадаў аналітык Сяргей Чалы, які заўважыў, што абвешчаная агрэсіўнай Вейшнорыя супадае з электаральнай картай Зянона Пазняка падчас выбараў прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе. Апроч таго, у гэтай частцы Беларусі пражывае больш людзей, якія размаўляюць на беларускай мове, а таксама гэта раёны Беларусі з вялікай доляй каталіцкага насельніцтва.

vv_ujp66.jpg


Не дзіва, што пасля такіх звестак байнэт узарваўся мемамі і жартамі наконт Вейшнорыі. Ужо 29 жніўня 2017 года ў Твітары з’явіўся акаунт «МЗС Вейшнорыі», у якім пачалі публікавацца палітычныя заявы ад імя віртуальнай дзяржавы.

Пасля «грамадзяне Вейшнорыі» абралі гімн (песня «Нямон» гурта «Стары Ольса»), сцяг, герб і размясцілі «афіцыйныя рэзідэнцыі» віртуальнай дзяржавы ў Гродне, парламент і ўрад (акрамя міністэрства культуры) — у Лідзе, а культурнай сталіцай Вейшнорыі стала Смаргонь.


Ужо недзіцячыя гульні

Гульня ў Вейшнорыю захапіла вялікую колькасць беларусаў, якія вокамгненна надалі віртуальнай краіне элементы «рэалу». Былі створаныя «пашпарт Вейшнорца» — ІD-картка, сцягі Вейшнорыі з’явіліся на вуліцах. Выпрацавана грашовая сістэма, афіцыйнай валютай Вейшнорыі стаў талер, і неўзабаве гэтыя талеры з’явіліся ў фізічным выглядзе, для калекцыянераў.

135bfca7b85fff572114b87e82c7a1d9_thumb_1400x1500_w_logo_1.jpg


Быў абраны «Сойм» з рэальных людзей, якія пагаджаліся развіваць праект. Цяпер на сайце Вейшнорыі заяўляецца, што яе грамадзянства атрымала каля 20 тысяч чалавек — верагодна, менавіта столькі было выдадзена ІD-картак.

Некаторыя ўспрымалі гульню сур’ёзна, і нават бачылі ў стварэнні Вейшнорыі небяспеку, прычым, з розных бакоў. Напрыклад, гарадзенскі журналіст і актывіст Саюза палякаў, які цяпер сядзіць за кратамі, Анджэй Пачобут пісаў з той нагоды: «Вейшнорыя — яшчэ той анекдот, але ёсць штосьці злосна-вычварнае ў тым, з якой лёгкасцю генералы абвясцілі адну частку краіны ворагам іншай часткі... У любым выпадку гэта мне не падабаецца».

З іншага боку таксама раздаваліся галасы з перасцярогамі. Пісьменнік Вінцэсь Мудроў — і не ён адзін, — лічыў, што розгалас вакол выдуманай дзяржавы распальвае сепаратысцкія настроі: «Гісторыя з Вейшнорыяй, якая апанавала інфармацыйную стужку, гэта нішто іншае, як наўмыснае распальваньне сэпаратысцкіх настрояў у краіне. Бо сярод “вейшнорцаў” відавочна знойдуцца тыя, хто ўхопіцца за ідэю адасабленьня згаданай тэрыторыі і стварэньня там незалежнай краіны, вэктар разьвіцьця якой будзе скіраваны на Захад».

Сапраўды, адной з палітычных заяў «МЗС Вейшнорыі» было тое, што «Вейшнорыя – гэта краіна без Лукашэнкі, без расійскіх войскаў, краіна, што сябруе с заходнімі суседзямі».

Гулька перайшла ў больш сур’ёзныя рэчы, калі стваральнікі беларускай «крыпты» («крыптаталеру») Дзяніс Лаўнікевіч і Сяргей Лаўрыненка перадалі праект пад патранат Вейшнорыі. Гэта дало падставы разглядаць Вейшнорыю не толькі як мем, падобна Сан Эскабару, але і як устойлівую кібердзяржаву.


Краіна, якая апярэдзіла Беларусь

Шмат хто казаў пра Вейшнорыю, як пра «палігон» ці мару. Грамадзяне Вейшнорыі маглі ствараць грамадскія арганізацыі, ініцыяваць і прасоўваць законапраекты, удзельнічаць у парламенцкіх выбарах — увогуле, атрымліваць досвед грамадзянскай ініцыятывы. І пры гэтым іх актыўнасць аплочвалася тымі самымі крыптаталерамі, якія былі перададзеныя Лаўнікевічам і Лаўрыненкам.

Біяметрычныя пашпарты Беларусь увяла ў дзеянне толькі ў 2021 годзе. Напрыканцы 2017 года (21 снежня) Лукашэнка падпісаў знакаміты дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі, які набыў моц толькі 28 сакавіка 2018 года. На той час ІD-картка вейшнорца мела ідэнтыфікацыйны нумар і цалкам чытэльны персанальны QR-код, які не толькі пацвярджаў асобу «вейшнорца», але і даваў доступ да віртуальнага гаманца з «крыптаталерамі».

izobrazenie_2022_08_31_011228735.png


Пра інтэрнэт-выбары «Сойму» Вейшнорыі ўжо згадвалася.

Карацей, на энтузіязме і натхненні гульцоў у Вейшнорыю ім сапраўды ўдалося апярэдзіць беларускую дзяржаву — як мінімум, у тэхналагічным плане.

Але, як і ўсякая гулька, Вейшнорыя не хутка, але надакучыла гульцам. Прынамсі, «Сойм» Вейшнорыі дайшоў толькі да другога склікання (дэпутаты абіраліся на год). Трэцяга склікання не было.

Тым не менш, Вейшнорыя пакінула свой след у свядомасці людзей як цікавы і вясёлы праект. І часткова — гэта быў праект супраціву мілітарызацыі Беларусі і расколу яе тэрыторыі на «добрых» і «дрэнных».

Варта дадаць, што вучэнні «Захад-2017» на той час вельмі напружвалі нашую паўднёвую суседку — Украіну. Тады шмат хто чакаў, што вялікая колькасць прыбыўшых на іх расійскіх войскаў проста так Сінявокую не пакіне. І потым гэтыя войскі паспрабуюць уварвацца ва Украіну. Гэта адбылося — але пяццю гадамі пазней. Мажліва, менавіта феномен «Вейшнорыі», які паказаў выключна негатыўнае стаўленне беларусаў да бразгання зброяй, у чымсьці перашкодзіў «націснуць на кнопку» пяць гадоў таму.

А ўвогуле, як пісаў у той час палітолаг Павел Усаў, «Вейшнорыя — гэта мара пра нармальную краіну, палітычная сублімацыя. Гэта ўсё тое добрае, чаго цяпер няма ў Беларусі, гэта пазітыўнае яе адлюстраванне».


Так, дык што ж з вучэннямі?

«21 верасня войскі захопнікаў, несучы значныя страты, з ганьбай пакінулі тэрыторыю Вейшнорыі», — напісана ў гісторыі віртуальнай краіны.

Вучэнні «Захад-2017» запомніліся шматлікімі інцыдэнтамі. У ДТЗ трапілі камандуючы Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў і яго намеснік па паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы генерал-маёр Уладзімір Качаткоў. У выніку несанкцыянаванага пуску ракеты з расійскага верталёта былі параненыя некалькі журналістаў (казалі пра трох чалавек) і знішчаная машына кіравання беспілотнікамі комплексу РБ-341В «Леер-3». Нечакана на вучэннях стрэліў танк — ён пацэліў баявым снарадам у аддзяленне сапёраў, адзін з якіх загінуў. Стратэгічны бамбавік Ту-22М3 на авіябазе Шайкаўка (Калужская вобласць) выкаціўся са ўзлётнай паласы — і ўзнаўленню не падлягаў. Вучэбна-баявы самалёт ЯК-130 разбіўся паблізу аэрадрома Барысаглебск у Варонежскай вобласці…

5fa18cc34b5bccfa7c66d81459695683.jpg


Войскі Вейшнорыі не страцілі ў гэтых «баях» ніводнага чалавека, а таму цалкам справядліва прыпісалі сабе перамогу ў тым, што ў Вейшнорыі называецца «Сямідзённай вайной».