МХД паспрабуе дайсці да моладзі праз выбары

У Мінску прайшоў з’езд «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў». Дэ-юрэ — гэта маладзёжная арганізацыя БХД. Дэ-факта — яны спрабуюць дзейнічаць самастойна. І не вельмі разлічваюць на дапамогу старэйшых сябраў.



zagruzhennoe1.jpg

Кіраўнік МХД Марына Хоміч паведаміла, што на з’езд абраныя 60 дэлегатаў з усёй рэспублікі. Але зарэгістравацца арганізацыя будзе спрабаваць, як мясцовая. Нагадаем, што мінулая спроба арганізацыі зарэгістравацца была смешнай і беспаспяховай. Мінюст заявіў, што не можа прызнаць арганізацыю, бо ў пратаколах і ў статутных дакумантах былі дапушчаныя грубыя арфаграфічныя памылкі. Выпускніцу педагагічнага ўніверсітэта Марыну Хоміч вельмі ўразіла не толькі тое, што нібыта заснавальнікі БХД не ведаюць беларускай мовы, але і тое, што такія памылкі Мінюст палічыў «невыпраўляльнымі». Бо толькі наяўнасць менавіта невыпраўляльных памылак, па законе, можа стаць падставай для нерэгістрацыі арганізацыі.

Давялося Марыне Хоміч ісці ў Вярхоўны суд з падручнікам беларускай мовы. Але нават падручнік уладу не пераканаў.

Зараз Хоміч кажа, што падручнік беларускай мовы яна ўжо ведае напамяць, і можа цытаваць яго раздзеламі.

«Гэта з’езд не толькі ўстаноўчы, але і працоўны. Трэба высвятляць нашыя пазіцыі, наперадзе ў нас мясцовая кампанія, трэба вызначацца з планам дзейнасці. Ёсць задумка пра шэраг нацыянальных і мясцовых кампаніяў, якія сёння будуць агучаныя, і, спадзяюся, прынятыя, з якімі арганізацыя пойдзе на бліжэйшы год працы», — паведаміла Хоміч.

Праца МХД за мінулы год амаль небачная, але дастаткова ўражвае. Найперш, гэта была кампанія «Мы не забудзем» са спробаю нагадаць грамадству пра зніклых у 1999–2000 гадах зніклых палітыкаў, бізнэсменаў і журналіста Дзмітрыя Завадскага. «Гэта кампанія будзе працягнутая, таму што ў наступным і 2015 гадах гэтыя справы будуць здадзеныя ў архіў за сканчэннем тэрміну даўніны. Застаўся да гэтага год. Таму мы павінны працягваць кампанію», — адзначыла Хоміч.

МХД бралі удзел у праектах БХД — кампаніі па вызваленні палітвязняў «Хваля салідарнасці», кампаніі «За сямейныя каштоўнасці», правяла шэраг круглых сталоў па праблеме маладзёвай палітыкі, ў кампаніі па прапагандзе беларускай мовы і гэтай далей. Неяк МХД у гэтых справах аказвалася «у цяню» БХД, аднак без іхняга ўнёску палова гэтых кампаній, падаецца, і не атрымалася б.

Гэта, дарэчы, адзначылі і кіраўнікі «вялікай» БХД. Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі зазначыў у вітальным выступе, што мясцовыя выбары — безумоўна, добра. Але наперадзе і ў БХД, і ў МХД прэзідэнцкія выбары, якія будуць, магчыма, вызначальныя. І таму БХД чакае ад маладзёнаў актыўнай працы, і новых ідэяў. «У тых, хто ўдзельнічае ў палітыке, «замыльваюцца вочы». Нам не хапае крэатыву ад маладых людзей», — прызнаўся Садоўскі.

Сустаршыня Віталь Рымашэўскі быў больш падобны на прапаведніка, і заклікаў маладых людзей найперш, паверыць у Хрыста, а потым змяніць сябе ў лепшы бок. А потым ужо пачаць змяняць гарады, краіны і сусвет. «МХД — гэта ваша арганізацыя, гэта вашыя гарады, ваша краіна», — крыху дыстанцыяваўся ад МХД Рымашэўскі.

Павал Севярынец, які ўчора вярнуўся з «хіміі», таксама наведаў з’езд МХД. Яго, як ён прызнаўся, уразілі новыя твары хрысціянскіх дэмакратаў. «Калі я вас пабачыў, я зразумеў, што за тры гады я нешта прапусціў», — адзначыў ён. Рассыпаючыся ў кампліментах маладзёнам, тым не менш, ён адзначыў, што менавіта гэтая моладзь будзе вырашаць, якой заўтра будзе Беларусь, і ці будзе яна ўвогуле. Бо змяняецца свет хутка. «Не такія як вы, а менавіта вы будзеце вырашаць, якой быць Беларусі. Можна вызначаць, што прагрэс — гэта адсутнасць стэрэатыпаў, забабонаў, і пайсці да Беларусі, узяўшы за ўзор адкрытыя еўрапейскія грамадствы. Але гэта толькі форма. Новы свет вымяраецца не грамадствам спажывецтва, не мабільнікамі і лазернымі шоў, а каштоўнасцямі — тым, што чалавек можа аддаць. Галоўнае, што чалавек аддае сваім блізкім, краіне, Богу. Сучасная беларуская форма — яркая і стылёвая, але для глыбокага хрысціянскага зместа. Для Беларусі гэтае пытанне фармулюецца проста: ці дазволім мы праявіца Хрысту ў нашых сэрцах і ў краіне. Хтосьці думае, што лінія фронту ў нас праходзіць па геапалітыке, альбо па персоне: «Ты за Расію, — ты не наш. Ты за Лукашэнку — ты не наш». Насамрэч мяжа праходзіць у нашых сэрцах, па выбару праўды і непраўды, злога і добрага», — лічыць Севярынец.

А надалей пачалася праца. Маладыя хрысціяне заявілі, што асобна ад БХД, самастойна будуць удзельнічаць у мясцовых выбарах. Ізноў жа — не для таго, каб перамагаць. МХД крытычна ставіцца да выбараў. У той час, як у Беларусі няма сумленнага падліку галасоў, няма свабоды СМІ, прысутнічаюць палітвязні і з’яўляюцца новыя, — зразумела, паўнавартасны ўдзел у выбарах праблематычны. Але выкарыстаць гэтую кампанію ў якасці агітацыйнай і прапагандычнай цалкам магчыма.

«Калі мы пайшлі ў палітыку — мы пайшлі, каб нешта змяніць. І я вас упэўніваю: ані Севярынец, ані Рымашэўскі не будуць прадстаўляць інтарэсы студэнтаў. Гэта проста немагчыма. Моладзь жа — наш кантынгент. І мясцовая кампанія — гэта магчымасць проста легальна прыйсці і пагрукацца ў дзверы. Мясцовая кампанія — гэта першая прыступка да нашай палітычнай дзейнасці», — падкрэсліла Хоміч.

Хоміч паставіла перад сябрамі з’езда амбітную ўмову: вылучыць 50 самастойных кандыдатаў у дэпутаты. «На выбары мы плануем ісці самастойна. У нас маладзёвыя кандыдаты, у якіх свае праграмы і свая мэтавая аўдыторыя. Нас зараз больш у залі, чым 50 чалавек», — адзначыла Хоміч.

Энтузіязму ў залі наконт 50 кандыдатаў у дэпутаты было мала. Некаторыя казалі: «Калі я прыеду ў свой горад, і ў той час, калі сядзіць Андрэй Гайдукоў, буду вылучацца кандыдатам у дэпутаты, мне проста плюнуць у рожу». Але ж лічба ў 50 кандыдатаў па рэспубліцы была зацверджаная.

Пакуль што МХД пакінула пытанне «вылучацца кандыдатам — не вылучацца», на ініцыятыву сваіх сябраў. Хто захоча вылучыцца — зможа гэта зрабіць. Але трэба, па словах Хоміч, вызначыцца з гэтым у самы бліжэйшы час. Бо ўжо ідзе навучанне кандыдатаў у дэпутаты, і, каб мець магчымасць прыняць у ім удзел, трэба заявіць пра ўдзел менавіта зараз.

Але ж ужо на з’езде былі прызначаныя рэгіянальныя каардынатары па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты і кантролю над імі. А МХД ім дапаможа — трэнінгамі, адукацыяй, і агітацыйнай прадукцыяй. Зараз “мясцовым” трэба распрацаваць план выбарчай кампаніі. Пэўна, гэта і стала галоўным вынікам з’езду.