Мінскі бомж Васіль Хадзькоў падаў заяўку на пікет

У заяўцы ад 20 лістапада, між іншым, адзначаецца, што пікет праводзіцца дзеля прыцягнення ўвагі грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў заяўніка, прадастаўленых артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў”.



vch_3.jpg

Фота Алега Груздзіловіча з Беларускай службы Радыё Свабода, зроблена пад час гвалтоўнага высялення Васіля Хадзькова з уласнай хаты 17 лютага 2009 году

З 2009 года Хадзькоў змагаецца за прадстаўленне яму кватэры замест знесенага дому на месцы, дзе зараз знаходзіцца станцыя метро “Грушаўка”. Нягледзячы на пратэст Генеральнай пракуратуры, якую на той час узначальваў Рыгор Васілевіч, а таксама на станоўчыя судовыя пастановы, адміністрацыя Маскоўскага раёну сталіцы і Мінгарвыканкам адмаўляюцца прадстаўляць  мужчыне новае жылое памяшканне. Вось чаму пенсіянер Васіль Хадзькоў пяты год вымушаны бамжаваць.

Пікетаванне запланавана на Дзень правоў чалавека 10 снежня з 12.00 да 13.00 у Маскоўскім раёне сталіцы недалёка ад грушы, якая засталася ад былога саду на прыватнай сядзібе Васіля Хадзькова. Ён мяркуе праводзіць пікетаванне сам і за кошт уласных сродкаў з выкарыстаннем плакату наступнага зместу: “Хату знеслі, метро пусцілі, а кватэру даць забылі!”.

У каментары НЧ Васіль Хадзькоў падкрэсліў, што на адстойваннее сваіх грамадзянскіх правоў і на зацяжную барацьбу з чынавенствам яго натхняе подзвіг ягонага дзеда-артылерыста, беларуса, ураджэнца вёскі Агародня-Гомельская Добрушскага раёна Гомельскай вобласці Барыса Хадзькова. Дзед напрыканцы Другой сусветнай вайны пад час баёў ва Усходняй Прусіі за адзін дзень адбіў сем танкавых атак нацыстаў, застаўся жывым і вярнуўся дахаты.   

Дзень правоў чалавека з 1950 году адзначаецца па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН 10 снежня. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.