Перад чэмпіянатам Мінск ачысцяць ад бамжоў і алкаголікаў
Вязні Акрэсціна сцвярджаюць, што турма перапоўненая так званымі асацыяльнымі элементамі, якіх забіраюць, каб потым накіраваць ў ЛТП і ачысціць Мінск да чэмпіянату па хакеі.
«У раённыя РУУС зверху паступіў загад, каб да чэмпіянату свету ачысціць Мінск ад бамжоў і алкаголікаў. Дык пад гэтую марку хапаюць нецвярозых людзей, даюць ім не штрафы, а садзяць на суткі, каб потым было лягчэй аформіць іх ў ЛТП і гэтак выканаць загад ад «ачыстцы» сталіцы да чэмпіянату»,— распавёў Свабодзе Леанід Смоўж, які з 10 па 15 лістапада адбываў пакаранне ў мінскай турме на вуліцы Акрэсціна за тое, што на мітынгу ў Лошыцкім Яру апрануў майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».
Калі Леанід Смоўж выйшаў на волю, то галоўным ягоным уражаннем ад турмы былі не цемра і холад, якія ён зведаў на Акрэсьціна, а тое, што камеры забітыя тымі, каго абвінавачваюць у алкагалізме. Часта зусім несправядліва, мяркуе Леанід Смоўж:
Леанід Смоўж
У нашай камеры было некалькі чалавек. Сярод іх і тыя, каго ППСнікі (міліцыянты патрульна-паставой службы) затрымалі ўсяго за распіванне на вуліцы бутэлькі піва. Але калі б раней ім за гэта пагражаў штраф, то зараз — суткі арышту. І шмат хто з іх лічыць, што потым будзе прымусовае накіраванне ў ЛТП. Такіх гісторый ужо шмат, і становіцца ўсё болей. Людзі гэта наўпрост звязваюць з чэмпіянатам свету па хакеі. Нават кажуць, што ёсць загад РУУСам гэтым займацца, каб ачысціць Мінск»,— распавёў Леанід Смоўж.
Слова Леаніда Смоўжа пацвердзіў і Вадзім Цярлецкі, які з 12 па 15 лістапада таксама быў адміністрацыйна арыштаваны на Акрэсціна:
Леанід Цярлецкі
«Сапраўды, гэта так. Людзі кажуць, што такое ёсць. Цяжка вызначыць, ці ёсць такі загад, але відавочна, што колькасць затрыманых за распіццё спіртных напояў там ўнушальная, і ўсе кажуць, што іх становіцца ўсё болей», — кажа Вадзім Цярлецкі.
Атрымаць каментар да гэтых звестак ў мінскім цэнтры ізаляцыі адміністрацыйных правапарушальнікаў на Акрэсціна не ўдалося. Дзяжурны не стаў нічога каментаваць, а тэлефоны кіраўніцтва маўчалі.
Ці законна тое, што ў Беларусі людзей паводле суду можна накіраваць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму? Паводле праваабаронцы Алега Гулака, ў Беларусі штогод да 5 тысяч чалавек гэтак пазбаўляюцца волі на розныя тэрміны, што праваабаронца лічыць незаконным:
Алег Гулак
«Такі закон прыняты, але ён цалкам супярэчыць Дэкларацыі аб правах чалавека і абавязальніцтвам, якія ўзяла на сябе Беларусь па абароне гэтых правоў, калі падпісала Дэкларацыю. Тут парушаюцца правы чалавека ў сэнсе прымусовага пазбаўлення волі, што магчыма толькі за злачынства, між тым як алкагалізм не з’яўляецца злачынствам, гэта сацыяльная хвароба. Другое, парушаецца права чалавека, бо ў нас па Канстытуцыі забароненая прымусовая праца. Да таго ж гэта цалкам неэфектыўны спосаб барацьбы з алкагалізмам. Фактычна грамадства робіць выгляд, што змагаецца, а насамрэч хвароба проста адкладаецца на нейкі час. Людзі выходзяць з ЛТП і бяруцца за сваё. Бо яны азлобленыя на ўсё грамадства і часта пазбаўленыя любой матывацыі да нармальнага жыцця»,— кажа праваабаронца Алег Гулак.
Паводле прадстаўнікоў грамадскасці, ў Беларусі прымусовае лячэнне ад алкагалізму выкарыстоўваецца і як сродак ціску на людзей з іншымі палітычнымі поглядамі.
Праваабаронцы згадваюць былога палітвязня Арцёма Грыбкова, якога суд не толькі адправіў за краты на 3 гады за ўдзел ў Плошчы, але і прымусіў лячыцца ў ЛТП. На судзе Арцём Грыбкоў даводзіў, што ніколі не меў залежнасці ад алкаголю, але міліцыянты ў Карэлічах, адкуль ён паходзіць, афармлялі яму затрыманні «па гэтай лініі» пасля ягоных антыўрадавых выказванняў.
Васіль Парфянкоў
Другі прыклад — лёс былога палітвязня Васіля Парфянкова, які цяпер пад прымусам праходзіць лячэнне ў ЛТП. У 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны за Плошчу на 4 гады, выйшаў на волю паводле памілавання, але працягваў апазіцыйную дзейнасць, патрапіў пад прафілактычны нагляд і паводле суду быў накіраваны на 6 месяцаў у арыштны дом ў Баранавічах. Праз некалькі месяцаў, як Васіль Парфянкоў адбыў гэта пакаранне, яго адправілі ў ЛТП у Светлагорск.
«Нядаўна атрымаў там працу, а больш нічога не ведаем. Набылі яму мабільны тэлефон, толькі вось званіць з яго яму не дазваляюць», — паведаміла Свабодзе Ганна Шапуцька, якая апякуецца былы палітвязнем.