Мяжа на замку

Нарада Аляксандра Рыгоравіча са старшынёй дзяржаўнага памежнага камітэта Леанідам Мальцавым выклікае дзіўнае ўражанне. Яны паразмаўлялі пра кіно. Нібыта кіраўнік Беларусі збіраецца перарабіць дзяржаўную мяжу ў вялікую здымачную пляцоўку. Але ці так яно на самай справе?



granica_15_09.jpg

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з Мальцавым і дзяржсакратаром Савета бяспекі Беларусі Аляксандрам Мяжуевым. Найперш Лукашэнка пацікавіўся, як памежнікі справіліся з наплывам турыстаў на Чэмпіянат свету па хакеі і ці трэба на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прымаць нейкія захады па ўдасканаленні памежнай службы. Мальцаў адзначыў, што ў памежнікаў «усё акэй», але няма мяжы да ўдасканалення. «Сістэма працуе, яна надзейная, але жыццё ідзе, і любая сістэма патрабуе ўдасканалення», — заявіў Мальцаў.

А потым Аляксандра Рыгоравіча панесла. Ён заявіў, што мае намер азнаёміцца з развіццём турыстычнага патэнцыялу беларускіх выспаў на рацэ Заходні Буг. «Гэта вельмі цікава для людзей. З пункту гледжання патрыятычнага, ваенна-патрыятычнага выхавання для нас гэта вельмі важна», — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што тры гады таму старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар абяцаў прывесці ў парадак адпаведныя тэрыторыі і забудовы, якія на іх знаходзяцца — катакомбы, збудаванні і руіны, арганізаваць турыстычныя сцежкі.

Як праінфармавалі ў прэс-службе, на думку Лукашэнкі, тыя месцы можна было б задзейнічаць для кіназдымак. «Там з задавальненнем будуць здымаць фільмы, таму што лепшага месца для натуральных здымак не знойдзеш», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Насамрэч рэальных праблемаў з мяжой сапраўды шмат. Па-першае, не можа не турбаваць досвед Украіны і ўсходняй агрэсіі. У нас няма мяжы з Расіяй — Аляксандр Рыгоравіч сам выкопваў памежны слуп на Смаленскім напрамку. Зараз выявілася, што гэтае рашэнне было калі не памылковым, то значна ўскладніла абароназдольнасць «сінявокай». Па-другое, сапраўды цікава, як памежнікі справіліся з наплывам заўзятараў на Чэмпіянат свету і які досвед з гэтага можна скарыстаць у павелічэнні замежнага турызму ў Беларусі. І, па-трэцяе, гэты ж досвед будзе вельмі цікавы ў тым плане, што зараз Беларусь і Еўрапейская камісія працягваюць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.

Дзве праблемы складаюць дылему: як спрасціць візавы рэжым, не страціўшы ў памежным кантролі і абароназдольнасці Беларусі? Сітуацыя ўскладняецца тым, што наўрад ці спрашчэнне візавага рэжыму можна ажыццяўляць, не запусціўшы яшчэ адну праграму — праграму малога памежнага руху (МПР) паміж Літвой і Польшчай.

Гэтыя краіны ратыфікавалі дамову аб такім руху ў 2011 і 2010 гадах адпаведна, але аналагічных дакументаў з беларускага боку дагэтуль не атрымалі. Беларусь усяляк тармозіць гэты працэс, спасылаючыся на досвед МПР з Латвіяй: памежныя пераходы не здольныя прапусціць усіх жадаючых.

«Але калі ў памежным руху з Латвіяй удзельнічае каля 200 тысяч чалавек, то з Літвой патэнцыйных удзельнікаў толькі з літоўскага боку — 800 тысяч і яшчэ 600 тысяч — з беларускага. Калі мы сёння інтэнсіўна запусцім паток праз мінімальную памежную інфраструктуру, мы створым вялікія праблемы», — ужо трэці год тлумачыць пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль. За гэты час можна было б не толькі пабудаваць памежныя пункты, але і навучыць новых памежнікаў для працы ў іх.

У сваю чаргу пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус нагадаў беларускаму калегу, што часу ў яго няшмат. «Мы рады, што Беларусь пачала перамовы аб лібералізацыі візавых адносін. Спадзяемся, што да канца гэтага года дамова аб лібералізацыі візавага рэжыму будзе завершаная, і тады адкрыюцца новыя магчымасці, для турыстаў у тым ліку», — сказаў ён.

Абароназдольнасць і візавая лібералізацыя — гэта два галоўных пытання для беларускіх памежнікаў, лічыць кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Прычым другое крыху менш важней за першае. «Нейкіх спецыфічных выклікаў зараз на беларускай мяжы і ў беларускіх памежнікаў няма. Асноўная праблема памежных структураў, як, дарэчы, і амаль ва ўсіх дзяржаўных структураў, — «кадравы голад». На мяжы фізічна не хапае людзей, а тыя новыя кадры, якія туды прыходзяць, недастаткова падрыхтаваныя», — адзначыў Паротнікаў.

Канешне, спрашчэнне візавага рэжыму з ЕС, па словах Паротнікава, «пытанне палітычнае, а не памежнае». Аднак, у выпадку ўвядзення МПР з Польшчай і Літвой недахоп кадраў стане ўвогуле крытычным.

«Я думаю, што кіраўнік дзяржавы і кіраўнік памежнага камітэту не маглі ігнараваць сітуацыю на расійска-ўкраінскай мяжы. Бо раней, у перыяд кіраўніцтва памежнікамі Ігара Рачкоўскага, беларуская мяжа зазнала моцныя перамены: прыярытэт быў зменены з «сілавой» абароны мяжы на правядзенне «палітычна-міліцэйскіх» мерапрыемстваў: пропуску праз мяжу, выяўленне мігрантаў, наркатрафіку і гэтак далей. Лічылася, што наўпроставых боесутыкненняў на беларускай мяжы быць не можа. Але досвед Украіны паказаў, што магчыма ўсё. Таму я не выключаю, што пэўным чынам абмяркоўвалася і магчымасць вяртання да «савецкай» канцэпцыі памежных войскаў, якія былі б здольныя да баявога супрацьстаяння», — лічыць Паротнікаў.

Дадае асаблівасці гэтай размове і факт прысутнасці на сустрэчы дзяржсакратара Савета бяспекі спадара Мяжуева. Натуральна, што гаворка ішла пра абароназдольнасць, а не пра кіно, інакш замест Мяжуева на ёй бы прысутнічаў дырэктар «Беларусьфільма» Алег Сільвановіч.

А на наступны дзень, «у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы», Дзяржсакратарыят Савета Бяспекі «прыступіў да праверкі аператыўна-службовай дзейнасці органаў памежнай службы краіны». «Плануецца вывучыць гатоўнасць сіл і сродкаў памежнай службы выконваць задачы па прызначэнні ў сучасных умовах», — гаворыцца ў паведамленні.

Ну і хто паверыць у тое, што Лукашэнка, Мальцаў і Мяжуеў гаварылі пра кіно?