МУС: Сітуацыя ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў характарызуецца негатыўнай дынамікай
Сітуацыя ў сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў на тэрыторыі Беларусі працягвае заставацца складанай і характарызуецца негатыўнай дынамікай. Аб гэтым, як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС, было заяўлена 30 лістапада на калегіі ведамства.
У міліцыі выклікаюць апасенне аб'ёмы кантрабанды наркотыкаў, якія павялічваюцца, выраб іх з мясцовай сыравіны і лекавых прэпаратаў, з'яўленне новых відаў псіхаактыўных рэчываў, якія садзейнічаюць фарміраванню залежных форм паводзін.
Звыш 60% нарказалежных не маюць пастаяннай крыніцы даходаў і, як правіла, здабываюць грошы на набыццё дурману злачынным шляхам. Толькі ў Мінску, паводле звестак камітэта па ахове здароўя, у 2011
годзе на лячэнне і рэабілітацыю гэтай катэгорыі асоб было патрачана больш чым 1 мільярд 177 мільёнаў рублёў.
Асноўныя намаганні МУС у гэтай сферы дзейнасці накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства. Напрыклад, узмоцнены кантроль за легальным абаротам прэпаратаў з утрыманнем наркотыкаў, юрыдычна замацаваны
механізм аператыўнага рэагавання на з'яўленне новых відаў сінтэтычных наркотыкаў. Сёлета ўведзена забарона на абарот 18 новых відаў псіхатропаў, а за апошнія два з паловай гады забаронены
абарот 123 новых асабліва небяспечных наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, 34 прэкурсораў і трох наркатычных раслін.
Усяго органамі ўнутраных спраў за 10 месяцаў 2012 года выяўлена 3 560 нарказлачынстваў, з незаконнага абароту канфіскавана звыш 242 кг наркотыкаў і 10,5 кг псіхатропаў. Як правіла, іх пастаўкамі на
ўнутраны рынак краіны займаюцца міжнародныя злачынныя групы з выкарыстаннем складаных схем і транспарту, абсталяванага тайнікамі.
Паводле звестак ААН, у 2008–2009 гадах ва ўсім свеце з-за эканамічнага крызісу адбылося падзенне плацежаздольнага попыту на наркотыкі. У выніку ўтварыўся запас у 12.000 тон нерэалізаванага
опіуму. Эксперты адзначаюць, што цяпер няма звестак аб месцах захоўвання гэтага запасу, таму цяжка прадбачыць, калі і як ён будзе рэалізаваны, якія пры гэтым будуць наступствы.
Удзельнікі калегіі абмеркавалі яшчэ адну не менш важную праблему — процідзеянне п'янству і правапарушэнням у сферы сямейна-бытавых адносін, якія ўчыняюцца ў стане алкагольнага
ап'янення.
За 10 месяцаў гэтага года колькасць "п'яных" злачынстваў знізілася на 18,5. Паменшылася колькасць учыненых пасля ўжывання алкаголю забойстваў і наўмысных прычыненняў цяжкіх
цялесных пашкоджанняў, скарацілася колькасць ДТЗ па віне нецвярозых вадзіцеляў і колькасць загінулых у іх грамадзян. Зафіксавана на 22,6% менш выпадкаў гібелі ў выніку выпадковага атручэння
алкаголем.
У пэўнай ступені такая сітуацыя абумоўлена прынятымі органамі ўнутраных спраў мерамі. У 2012 годзе за знаходжанне ў п'яным стане і распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы да
адміністрацыйнай адказнасці (арт. 17.3 КоАП) прыцягнута больш чым 220 тысяч правапарушальнікаў. У медвыцвярэзнікі памешчана звыш 43 тысяч чалавек. На прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў ЛПП ізалявана
каля 4,5 тыс. грамадзян, больш чым тысяча з іх — жанчыны.
Акрамя таго, выяўлена звыш 36,5 тыс. фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане ап'янення. Прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці больш чым 15 тысяч нецвярозых пешаходаў і
веласіпедыстаў.
Эфектыўным спосабам скарачэння спажывання алкаголю з'яўляецца абмежаванне яго даступнасці. У гэтай сувязі МУС ініцыявана пытанне аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у існуючае заканадаўства,
звязаных з даваннем права мясцовым органам улады прымаць рашэнні пра абмежаванне продажу алкаголю падчас правядзення выпускных вечароў, а таксама мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага
ладу жыцця, прафілактыку п'янства і алкагалізму; забаронай на трансляцыю рэкламы піва і слабаалкагольных напояў на тэлебачанні і радыё з 7 раніцы да 22 гадзін; павелічэннем да 21 года ўзросту,
пасля дасягнення якога можна набываць спіртное; павышэннем кошту алкагольнай прадукцыі; забаронай "скрытай" рэкламы, якая апошнім часам атрымала шырокае распаўсюджанне.
Дзякуючы прынцыповай пазіцыі МУС пастановай урада замацавана неабходнасць узгаднення з органамі ўнутраных спраў рэжыму працы гандлёвых аб'ектаў, якія рэалізуюць алкагольныя, а ў начны час
таксама слабаалкагольныя напоі і піва.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН