«Мы — нашчадкі пакаленняў, звар'яцелых на крыві»

«Гнілая нялюдская сістэма засталася нам ад крывавых камісараў Кастрычніцкага перавароту. Мы — нашчадкі пакаленняў, звар'яцелых на крыві. Вось гэта трэба, каб кожны асэнсаваў». Адкуль бярэ вытокі гвалт, як беларусы дапусцілі рэпрэсіі, дзе шукаць сілы і чаму перамога непазбежная, разважае педагог з 28-гадовым стажам.

Марш супраць тэрору 1 лістапада 2020 года. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Марш супраць тэрору 1 лістапада 2020 года. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Трэсліся рукі і ногі, але я ішла»

Суразмоўца «Новага Часу», якая з меркаванняў бяспекі пажадала застацца ананімнай, цяпер на пенсіі, а да гэтага працавала ў сістэме адукацыі. У 2020 годзе яна брала ўдзел ва ўсіх маршах сталых людзей, апроч першага, выходзіла і на іншыя акцыі пратэсту.
У пратэставы рух жанчына прыйшла вельмі паступова, і актыўна супрацьстаяць беззаконню наважылася толькі летась, хаця нельга сказаць, што да гэтага не звяртала ўвагі на тое, што адбываецца ў краіне.
— Як людзі, выхаваныя савецкай сістэмай, мы сапраўды калісьці верылі ва ўсё тое, што нам з дзяцінства ўбівалі ў галаву. Цяпер я, узгадваючы свае тагачасныя перакананні, дзіўлюся, як можна было быць такой дурніцай? На мяне значны ўплыў зрабіла Перабудова, калі пачалі выходзіць праўдзівыя звесткі пра тое, што насамрэч адбывалася — і пра вайну, і пра голад у Беларусі і Украіне.
Па словах суразмоўцы, нават адкрываючы для сябе праўду пра мінулае ды і сучаснае, яна доўгі час жыла асабістым жыццём, гадавала дзяцей, даглядала бацькоў, і не прымала актыўнага ўдзелу ў палітычных спрэчках або дзеяннях, хоць вельмі даўно не пагаджалася з той палітыкай, якая праводзілася ва ўжо незалежнай Беларусі, ніколі не галасавала за Лукашэнку. Жанчына гаворыць, што ў свой час вымушана пакінула пасаду праз тое, што ўстанова, дзе яна працавала, асабліва не настойвала на ўступленні навучэнцаў у піянеры і БРСМ.
Чытаючы незалежную прэсу і інтэрнэт ды бачачы, што адбываецца, ведаючы, як атручвае жыццё ідэалогія, якую дзяржава насаджвае з маленства, для сябе вырашыла, што больш не будзе апалітычнай, што хопіць ужо маўчаць, таму падчас выбарчай кампаніі актыўна падпісвалася за альтэрнатыўных кандыдатаў, з белай стужкай хадзіла на выбары, чакала вынікаў галасавання. Праўда, не дачакалася і сышла, бо стала дрэнна. Тыдзень з галаўным болем і высокай тэмпературай скончыўся інсультам і шпіталем, так што падчас самых гарачых падзей жніўня 2020 года яна выбыла са строю, потым нейкі час заняло аднаўленне. Але ўжо ў верасні суразмоўца выйшла на свой першы пратэсны марш.
— Гэта быў жаночы марш. Госпадзі, я памятаю, як гэта было страшна. Трэсліся рукі і ногі, але я ішла. Сустрэла знаёмых, мы з імі дайшлі да плошчы Незалежнасці. Другі выхад і самы яркі выпадак — калі прыйшлося ўцякаць, гэта быў вечар інаўгурацыі. Мы хаваліся ў рэстаране, нас людзі пасля адтуль вывозілі на машыне.
А ўвогуле маршы — гэта адны з самых лепшых падзей, што адбыліся ў маім жыцці за многа гадоў! Ні суды, ні штрафы не змянілі гэтага ўнутранага пачуцця! Я ні аб чым не шкадую!
Перамагчы страх жанчыну прымусілі нахабная фальсіфікацыя вынікаў выбараў і зверствы сілавікоў на вуліцах. — Было сорамна сядзець і нічога не рабіць. І было вельмі балюча за тых, каго па-нялюдску збівалі, з каго здзекаваліся азвярэлыя каты. Чалавек павінен пераадольваць свой страх. Да таго ж, калі ідзеш разам са знаёмымі, ужо не так страшна.

«Нас прывучылі быць нікім»

Суразмоўца НЧ сама сабе задае пытанне: як мы дапусцілі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі і чаму маўчалі раней? І, маючы за плячыма 28-гадовы педагагічны досвед, перакананая, што ўсе адказы хаваюцца ў тым, як нас выхоўвалі.
— Я думаю, што тая сістэма выхавання, якую ў нас прымянялі (я нават лічу, што мы — ахвяры гэтага выхавання), прывучыла нас быць нікім, у лепшым выпадку — вінцікам. Не было ўсведамлення сябе як асобы. Які быў лозунг? Найперш думай пра Радзіму, а потым — пра сябе. Нас увогуле не вучылі думаць пра сябе. Мяне ў дзіцячы садок аддалі ў два месяцы. І колькі такіх дзетак было? Цяпер мы ведаем, што гэта разрывае эмацыйную повязь паміж бацькамі і дзецьмі, і з іншымі людзьмі. І нам і нашым бацькам таксама не хапала такіх пачуццяў, як любоў і эмпатыя. Мы закрытыя ў сабе, эмацыйна глухія, абыякавыя і да сябе, і да іншых. Нас вучылі працаваць у імя Радзімы і паміраць за яе.
На думку жанчыны, асноўная нашая праблема ў тым, што многія з нас не ўсведамляюць сябе як асобаў, не ведаюць сваіх жаданняў. Але ў той жа час суразмоўца кажа, што маладое пакаленне беларусаў — іншае, «больш чалавечнае», гатовае дапамагаць.
— Я вучуся ў моладзі. Але ёй у пэўным сэнсе значна цяжэй жыць пад ціскам, які працягваецца, калі нас прымушаюць хавацца і забараняюць выказваць свае погляды. Нам прасцей, бо мы жылі так усё жыццё. Мы ўсё хавалі ў сабе. Я ніколі не магла ляснуць дзвярыма перад начальнікам.
На вытокі жорсткасці і бесчалавечнасці жанчына таксама глядзіць з пункту гледжання педагога і чалавека.
— Адсутнасць цеплыні, пяшчоты, любові ў сям'і, непавага бацькоў да сябе, да дзяцей, да іншых людзей, культ сілы, хатні гвалт у маленстве. Далей школа — таксама, часцей за ўсё, ціск, знявага, абыякавасць і хлусня, на словах адно — на справе іншае. Нават у добрых настаўнікаў не хапае на ўсіх разумення і часу, бо на іх вешаюць горы бессэнсоўных паперак і бязглуздых патрабаванняў і абавязкаў. Ну і армія, або школы міліцыі, ці што там у іх — па маім уяўленні, гэта суцэльны жах, гвалт псіхалагічны і ідэалагічны, які ператварае чалавека ў крыважэрную істоту.
Гнілая нялюдская сістэма засталася нам ад крывавых камісараў Кастрычніцкага перавароту. Мы — нашчадкі пакаленняў, звар'яцелых на крыві. Вось гэта трэба, каб кожны асэнсаваў. Мы рухаемся наперад, павярнуўшыся да будучыні азадкам, таму што ўзіраемся ў мінулае, нібыта велічнае, слаўнае, гераічнае. А насамрэч — там толькі рэкі крыві, гвалт, здзек, роспач, гразь, голад і пакуты.

Усё зробленае — вяртаецца

Але нягледзячы на рэпрэсіі жанчына працягвае верыць у тое, што ў Беларусі ўсё зменіцца. Гэтая вера натхняе яе нешта рабіць для набліжэння перамогі і працягваць «партызаніць».
— А дурні самі рыюць сабе яму. Таму мне нават падабаюцца апошнія падзеі і ў краіне, і за яе межамі. Толькі балюча за тых, хто патрапіў за краты.
У тым, што гісторыя і лёс усё расстаўляюць на свае месцы, жанчына не сумняваецца, бо зазнала гэта на прыкладзе ўласнай сям’і.
— Я не ведала свайго свёкра, пабачыла яго толькі адзін раз у труне, калі ён памёр. Не ведаю, якім ён быў чалавекам, але ён працаваў ахоўнікам у турме. Не веру, што сістэма неяк змянілася і лічу, што сучасныя турэмныя ахоўнікі — нашчадкі тых. Я перакананая, што нашыя дзеянні, думкі і словы нам вяртаюцца. І мы не толькі адказваем за свае ўчынкі самі, але і «вешаем» іх на нашчадкаў. І гэта адна з прычын, чаму мы пакутуем, — бо на нас ёсць тая кроў, якую пралілі нашыя продкі.
У свёкра былі тры сыны, я была замужам за старэйшым. Сам свёкар памёр ад анкалагічнага захворвання, не дажыўшы да пенсіі. Мой муж піў, і ў турме сядзеў, і пасля таксама памёр ад анкалогіі, другі сын таксама піў, жонка яго выгнала, ён бадзяўся, і ў выніку хавала яго дзяржава — я нават не ведаю, дзе ён быў пахаваны і як. У малодшага брата быў адзіны сын. Спачатку ў яго праявілася эпілепсія, а ў 16 гадоў ён загінуў.
Так што я лічу, што ўсё зробленае — вяртаецца, і нашыя нашчадкі плацяць за тое, што зрабілі мы.
Таму жанчына вельмі ганарыцца тым, што беларускі пратэст застаўся мірным і прыхільнікі перамен не ўзялі ў рукі зброю — іначай наступным пакаленням давялося б расплачвацца за новую кроў.
— А ў тым, што нелюдзі, якія збівалі і калечылі людзей, заплацяць за гэта, я ўпэўнена на ўсе сто адсоткаў. І яшчэ я веру, што мы вытрымаем, перамога будзе, і для дзяржавы стане галоўным чалавек і яго жыццё.