«Мы не ў дзіцячым садку». Як бабруйчанін, звольнены «за палітыку», змагаўся за аднаўленне на працы


35-гадовы Сяргей Мардушкоў 11 гадоў прапрацаваў на «Белшыне». Сёлета 25 сакавіка мужчына вывесіў на сваё акно бел-чырвона-белы сцяг. На наступны дзень Сяргея забралі проста з працы супрацоўнікі ў цывільным. Суд пакараў «белшынаўца» 15 суткамі арышту за незаконнае пікетаванне. Пасля вызвалення з бабруйчанінам разарвалі кантракт за прагулы. Сяргей палічыў сваё звальненне незаконным і звярнуўся ў суд, піша «Белсат».

photo1624342733_1.jpeg

«Пікетаванне» сцягам і галадоўка ў ІЧУ

У сваім пазове Сяргей Мардушкоў прасіў прызнаць звальненне паводле п.7 арт.42 Працоўнага кодэкса (за прагулы) незаконным, аднавіць яго на працы, выплаціць заробак за вымушаны прагул і 500 рублёў маральнай кампенсацыі.

21 чэрвеня адбылося канчатковае пасяджэнне. Справу Мардушкова супраць «Белшыны» разглядала суддзя суда Бабруйскага раёна і г.Бабруйска Таццяна Шчагельская. Завод прадстаўлялі спецыяліст па кадрах Таццяна Радзевіч і юрысконсульт Лілія Пятрова.

Мардушкоў патлумачыў на судзе, што лічыць сваё звальненне незаконным, бо ў яго «не было намеру адсутнічаць на працоўным месцы», ён не змог з’явіцца на працу, паколькі быў «узяты пад варту і адбываў адміністрацыйны арышт».

Сяргея затрымалі 26 сакавіка на працоўным месцы. За мужчынам прыйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным і сказалі, што забіраюць яго на размову. «Размова» скончылася складаннем пратаколу паводле арт.24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і ізалятарам часовага ўтрымання. На наступны дзень быў суд, які пакараў Сяргея 15 суткамі арышту. Мужчыну абвінавацілі ў незаконным пікетаванні шляхам вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на акно ўласнай кватэры.

У ізалятары Сяргей, разам з яшчэ пяццю бабруйчанамі, затрыманымі ў Дзень волі, абвясціў галадоўку з-за невыносных умоў. Усіх шасцярых кінулі ў карцар, бо мужчыны нібыта адмаўляліся прыбірацца ў камеры. Для галадоўнікаў не прымалі ваду.

Загад аб звальненні падпісаў генеральны дырэктар

Пасля вызвалення Мардушкоў пайшоў на працу, прадаставіў начальніку даведку з ІЧУ пра адбыццё арышту з 26 сакавіка па 7 красавіка. 14 красавіка мужчыну папрасілі напісаць тлумачэнне пра прычыну адсутнасці на працоўным месцы, а 30 красавіка звольнілі за прагулы. Загад аб звальненні падпісаў генеральны дырэктар ААТ «Белшына».

Сяргей Мардушкоў працаваў лагістам у бюро па арганізацыі перавозак. На «Белшыну» бабруйчанін прыйшоў адразу пасля вучобы. Апошні раз кантракт з мужчынам перазаключаўся ў 2020 годзе на максімальны тэрмін — 5 гадоў, да 2025 года. Начальнікі розных падраздзяленняў транспартнага ўпраўлення, якія выступалі на судзе сведкамі, гаварылі пра Сяргея як пра добрага супрацоўніка, да якога не было прэтэнзій. Палітычную пазіцыю, паводле сведак, заяўнік ніколі на працоўным месцы не выказваў.

— Я ніяк не мог асацыяваць Мардушкова з удзелам у падобным мерапрыемстве, — гаварыў на судзе Уладзімір Храмцоў, які на момант затрымання Сяргея быў начальнікам транспартнага ўпраўлення. — Мы ніколі не абмяркоўвалі палітыку, ён нікога не агітаваў.

Адміністрацыйны арышт — не ўважлівая прычына для адсутнасці на працы

Прадстаўнікі «Белшыны» назвалі звальненне Мардушкова цалкам законным.

— Ён доўгі час адсутнічаў на працы. А ў заканадаўстве няма канкрэтызацыі таго, якія прычыны адсутнасці можна лічыць уважлівымі, а якія — не. Права ацэнкі даецца наймальніку, — гаварыла на судзе спецыялістка па кадрах Таццяна Радзевіч.

Кадравік распавядала, што была створаная адмысловая камісія, якая запрасіла пастанову суда, вывучыла ўсе абставіны справы і прыйшла да высновы, што Мардушкоў адсутнічаў на працоўным месцы без уважлівых прычын.

— 25 сакавіка заяўнік у парушэнне «Закона аб масавых мерапрыемствах» па сваім адрасе вывесіў на акно бел-чырвона-белы сцяг, тым самым заклікаючы да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, — гаварыла спецыялістка па кадрах. — Работнік мусіў разумець, якія наступствы могуць быць, тым больш што на працоўных месцах неаднаразова праводзілася праца па тлумачэнні недапушчэння парушэння заканадаўства.

«Тлумачальную працу з падначаленымі не праводзіў, бо я не ў дзіцячым садку працую»

Пасля згоды афіцыйнага прафсаюзу, сябрам якога з’яўляўся заяўнік, Сяргей быў звольнены.

Сведка Прохар Крук, начальнік бюро аўтамабільных перавозак, непасрэдны начальнік Мардушкова, падкрэсліў, што Сяргей «характарызаваўся са станоўчага боку, не меў парушэнняў, не працу не спазняўся».

На пытанне пракурора, ці Крук тлумачыў сваім падначаленым недапушчальнасць парушэння заканадаўства, сведка адказаў, што такую працу не праводзіў, бо гэта не ўваходзіць у яго службовыя абавязкі.

— А самі вы ведаеце пра тое, што недапушчальна парушаць закон? — пыталася далей пракурор.

— Так, канешне, — адказваў Крук.

— Чаму тады не даводзілі гэта да сваіх падначаленых?

— Яны самі — пісьменныя людзі, я не ў дзіцячым садку працую, — адказваў начальнік бюро перавозак.

Калі ты не згодны з палітыкай дзяржавы, ты не можаш працаваць на дзяржпрадпрыемстве

На судзе выступаў намеснік гендырэктара «Белшыны» па камерцыйных пытаннях Яўген Мікулінскі. Ён распавёў, што як да работніка да Мардушкова ў яго прэтэнзій не было, але арышт за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга ён не лічыць уважлівай прычынай для адсутнасці на працы.

— Працуючы на дзяржаўным прадпрыемстве, ты паказваеш, што салідарны з пазіцыяй дзяржавы, — гаварыў Мікулінскі. — Калі не згодны, рабі высновы і выказвай сваё меркаванне недзе ў іншым месцы.

Суддзя прапанавала бакам заключыць міравое пагадненне. Мардушкоў сказаў, што згодны, але калі звальненне будзе паводле згоды бакоў. Прадстаўнікі «Белшыны» на гэта адказалі, што такі варыянт быў прапанаваны заяўніку раней, але ён не пагадзіўся, у выніку наймальнік прыняў рашэнне аб звальненні па артыкуле. Мардушкоў зазначыў, што не памятае, каб яму прапаноўвалі сысці паводле згоды бакоў.

Суддзя прыняла рашэнне адмовіць у пазове Мардушкову ў поўным аб’ёме.

Сяргея не здзівіў такі вынік. Мужчына не вельмі спадзяваўся на перамогу. Абскарджваць рашэнне суда бабруйчанін не збіраецца — не бачыць сэнсу. У бліжэйшы час ён плануе заняцца пошукам новай працы.