На БелАЭС правядуць вучэнні на выпадак аварыі
На Беларускай атамнай станцыі пройдуць вучэнні, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
![338bba56_25da_4339_be14_18a6f53d0355_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg 338bba56_25da_4339_be14_18a6f53d0355_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/338bba56_25da_4339_be14_18a6f53d0355_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«3-4 кастрычніка РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» правядзе практычную трэніроўку па адпрацоўцы «Плану мерапрыемстваў па абароне персаналу ў выпадку аварый на Беларускай АЭС», — гаворыцца ў паведамленні аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў.
Падчас вучэнняў супрацоўнікі БелАЭС будуць прымаць захады, неабходныя для стабілізацыі сітуацыі ў выпадку аварый прыроднага і тэхнагеннага характару.
8-20 кастрычніка ў Беларусі будуць працаваць эксперты МАГАТЭ па ацэнцы гатоўнасці да надзвычайных сітуацый на атамных электрастанцыях (EPREV), каб вызначыць узровень гатоўнасці станцыі да ядзерных або радыялягічных надзвычайных сытуацый.
Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расіі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.
Для Беларускай АЭС выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаннем рэактара ВВЭР-1200.
Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплуатацыю першага энергаблоку запланаваны на снежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першы блок Беларускай АЭС практычна цалкам укамплектаваны супрацоўнікамі, другі — на 50%. Цяпер на Беларускай АЭС працуюць 1 353 чалавекі, з іх каля 900 — апэратыўны пэрсанал.
Літва не раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кіламетраў ад Вільні. Краіна не верыць у надзейнасць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію з БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзідэнтка Эстоніі.
Улады і чыноўнікі Беларусі няспешна рэагуюць на паведамленні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэнні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасля таго, як звесткі пра іх з'яўляюцца ў СМІ — так, пра падзенне корпуса рэактара расказалі толькі пасля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы збіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджанняў не выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэнняў па афіцыйных звестках аб здарэннях на закрыцці Ігналінскай АЭС.