Навукоўцы Беларусі падтрымалі мараторый на вясновае паляванне на птушак
Летась змены ў заканадаўстве зрабілі правілы палявання яшчэ больш жорсткімі ў дачыненні птушак. Сёлета паляўнічы сезон распачаўся 9 сакавіка.
Пад стрэл лёгка могуць трапіць нават тыя віды гусей і качак, паляванне на якіх забаронена, бо паляўнічыя не вельмі добра ведаюць птушак, а ў запале палявання вызначыць птушку часта не хапае часу. Стрэлы і людзі зганяюць водных і каляводных птушак з гнёздаў, і часцяком тыя проста кідаюць кладкі, альбо іх з’ядаюць вароны.
Летась АПБ запусціла на petitions.by петыцыю за ўвядзенне пяцігадовага мараторыя на паляванне на вадаплаўных птушак у Беларусі, якую падпісалі 1923 чалавек. Кампанію супраць вясновага палявання падтрымалі выбітныя людзі Беларусі: пісьменнікі, музыкі, спартоўцы ды іншыя.
І калі Мінлясгас адказаў на петыцыю негатыўна, то Мінпрыроды выказаўся за ідэю ўвядзення мараторыя на вясновае паляванне пры ўмове падтрымкі Акадэміі навук і яе адпаведнага заключэння.
АПБ звярнулася ў Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах з просьбай падтрымаць увядзенне мараторыя на 5 гадоў на вясновае паляванне і даць адпаведнае навуковае заключэнне.
У сваім адказе НПЦ па біярэсурсах выступіў у падтрымку мараторыя і выказаў занепакоенасць апошнімі зменамі ў правілах палявання (падаўжэннем тэрмінаў вясновага палявання, лібералізацыяй правілаў палявання, пашырэннем спісу паляўнічых відаў птушак, адсутнасцю нармавання здабычы ўвесну) і адзначае, што некаторыя з іх не маюць навуковага абгрунтавання і не ўзгадняліся з Мінпрыроды і НАН Беларусі.
НПЦ па біярэсурсах адзначае, што навуковыя дадзеныя пацвярджаюць , што паляванне негатыўна ўплывае як на пралётных водна-балотных птушак, так і на мясцовых, што гняздуюцца ў нас: у прыватнасці, вясновае паляванне з прымяненнем чучалаў і электронных вабікаў, а таксама дазвол на стральбу па птушках у паветры. У тым ліку адстрэльваюцца рэдкія гусі, такія як гусь-піскулька (Чырвоная кніга Беларусі) і таёжная гуменніца (рэдкі падвід, паляванне на які пакуль дазволена). Амаль палова гусей, адстрэляных на тэрыторыі Беларусі, — самкі, што сведчыць пра адмоўны ўплыў вясновага палявання на стан папуляцый шэрых гусей, якія гняздуюцца ў нас. НПЦ адзначае, што ў асноўнага рэсурснага віду качкавых птушак — крыжанкі — тэрміны палявання на 74 % (!) перакрываюцца з тэрмінамі наседжвання кладак і нават закранае перыяд з’яўлення першых птушанятаў у пачатку траўня.
Ёсць і дадзеныя па трэндах колькасці вадаплаўных птушак — яны негатыўныя. Напрыклад, у параўнанні з канцом ХХ ст. колькасць качкі-чыркі ў Беларусі знізілася больш чым напалову, колькасць іншых відаў качак таксама зменшылася, — гаворыцца ў лісце НПЦ па біярэсурсах.
Сітуацыя з вясновым паляваннем можа таксама прывесці да страты пазітыўнага міжнароднага іміджу Беларусі і магчымасці атрымліваць міжнародную фінансавую дапамогу на захаванне рэдкіх відаў, папярэджвае НПЦ па біярэсурсах. Паводле папярэдніх ацэнак, гэтая дапамога можа быць шматкроць большая за чаканыя выгады ад палявання на качак і гусей. Каб атрымаць дакладныя дадзеныя, патрэбная незалежная экспертыза эканамічнай эфектыўнасці вясновага палявання на тэрыторыі Беларусі.
НПЦ па біярэсурсах у межах навуковых даследаванняў распрацаваў шэраг рэкамендацый па зменах у правілы палявання. Сярод іх — усталяванне нормаў здабычы птушак і забарона палявання на пастаянных вадаёмах, якія забяспечваюць птушкам адпачынак і кармёжку, дзе гняздуюцца іншыя віды водна-балотных птушак, у тым ліку рэдкіх відаў.
Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі: “Мяне радуе, што нягледзячы на амаль поўную беспрынцыпнасць у пазіцыі Мінлясгаса ў адносінах да веснавога палявання — паляванне з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня, пяць відаў гусей і дзевяць відаў качак, страляй хоць 100 птушак у дзень — паляўнічыя Беларусі выпрацоўваюць этыку для сябе самі: хтосьці ўвогуле не палюе ўвесну, хтосьці прынцыпова не страляе рэдкія віды, такія як шэрая гусь. Асобныя паляўнічыя гаспадаркі таксама часцяком закрываюць паляванне ўвесну: некалькі гадоў назад так рабіў нацыянальны парк “Белавежкая пушча”, з гэтай вясны — Бярэзінскі запаведнік. Веснавое паляванне ў тым выглядзе, у якім дазволена ў Беларусі, з’яўляецца няўстойлівым і павінна быць больш абмежавана, а з часам і закрыцца”.