У Мінску прайшла канферэнцыя па арганічным земляробстве (ФОТА)

Мерапрыемства арганізавалі Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Партнёрамі выступілі Амбасада Вялікабрытаніі і Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Ілюстрацыйнае фота, crisalves3 з сайта Pixabay 

Ілюстрацыйнае фота, crisalves3 з сайта Pixabay 

Менавіта эксперт з Цэнтра экалагічных рашэнняў кандыдат сельскагаспадарчых навук Любамір Клепач вёў рэй напачатку канферэнцыі. Ён цягам дзвюх гадзінаў прадставіў прысутным шырокую прэзентацыю канцэпцыі арганічнага земляробства, а таксама распавёў пра перадумовы, стан і перспектывы развіцця арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі. Удзельнікі канферэнцыі, пераважная частка якіх былі фермеры дробнатаварнай вытворчасці, з цікавасцю слухалі і занатоўвалі выступоўцу.

img_0690_logo.jpg


Сапраўды, падчас прэзентацыі прагучала багата займальнай інфармацыі. Напрыклад, распаўсюджаныя пазнакі на таварах кшталту “экапрадукт”, “біяпрадукт”, “натуральны прадукт”, якімі злоўжываюць беларускія вытворцы, строга кажучы, не сведчаць пра іх арганічнасць. У Еўрасаюзе дастаткова даўно распрацаваны строгія крытэрыі, у адпаведнасці з якімі дазваляецца чапляць цэтлік “зялёны ліст”. Калі каротка: сельскагаспадарчая прадукцыя павінна быць вырашчана і перапрацавана без аніякай хіміі. Забараняецца выкарыстоўваць пестыцыды, штучныя стымулятары росту, мінеральныя ўгнаенні, харчовыя дадаткі ў кармах, дадаваць кансерванты і ўзмацняльнікі смаку ў гатовы прадукт. За гэтым сочаць адмысловыя структуры. Прадпрыемства праходзіць сертыфікацыю падчас якой інспектары правяраюць тэхналогію вытворчасці на месцы, у лабараторных умовах правяраюць прадукцыю і для пачатку прызначаюць пераходны перыяд цягам двух гадоў. Калі парушэнняў не фіксуецца, даюць урэшце сертыфікат.

img_0784_1_logo.jpg


Цікава, што калі арганічнае земляробства вядзецца з размахам, да яго падключаецца капітал, ствараюцца холдынгі, сабекошт такой напраўду экалагічнай прадукцыі не нашмат вышэйшы за звычайную, але пры гэтым атрымліваецца значна больш карысная для здароўя ежа. Нешта падобнае зараз адбываецца ў суседняй Украіне, якая паспяхова нарошчвае экспарт прадукцыі арганічнага земляробства на Захад.

img_0747_logo.jpg


У Беларусі арганічнае земляробства ў зародкавым стане. Закон які прыняты Палатай прадстаўнікоў напрыканцы мінулага году, па словах Ганны Канапацкай, рамачны. Ён фактычна не працуе, бо нарматыўна-прававая база пад яго яшчэ не створана. Пад арганічнае земляробства занята ў нас усяго 1656 гектараў. Сертыфікаты арганічнай прадукцыі (пакуль што еўрапейскія, іншых для нас проста няма) маюць гаспадаркі і прадпрыемствы, якія можна пералічыць на пальцах. Дэпутатка Гана Канапацкая занепакоена тым, што Міністэрства сельскай гаспадаркі пры стварэнні нацыянальных стандартаў арганічнай прадукцыі намерана арыентавацца на Расію, а не на Еўрасаюз. Такім чынам, мы самі закрываем сабе еўрапейскі рынак арганічнай прадукцыі.

img_0695_logo.jpg


Удзельнікі канферэнцыі заўважалі, што перашкодай у развіцці фермерскай гаспадаркі, у тым ліку арганічнай, з’яўляецца адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю. Таксама зазначалі, што ў Беларусі развіваць гэты кірунак вельмі складана, паколькі гэтым займаюцца дробныя прадпрыемствы, дзе нерэальна стварыць поўныя цыклы арганічнай вытворчасці (бо тыя ж арганічныя ўгнаенні альбо кармы, набытыя на баку могуць утрымліваць антыбіёцікі). Па другое, кошты на арганічную прадукцыю атрымліваюцца ў нас значна вышэйшымі, і арганіка становіцца не па кішэні нашаму спажыўцу.


Гэтыя і многія іншыя праблемы зялёнай гаспадаркі ўдзельнікі канферэнцыі актыўна абмяркоўвалі падчас работы секцый “Тэхналогіі арганічнай вытворчасці ў Беларусі”, “Заканадаўчае рэгуляванне”, “Гандаль і экспарт”.
Агучаныя прапановы пастараюцца ўлічыць пры стварэнні нарматыўна-прававой базы. Таксама ў планах стварэнне грамадскай рады, якая будзе прасоўваць ідэі арганічнага земляробства.
Фота аўтара.