Нажыцца на чужой бядзе. Як раскрадалі Прыпяць

Пакінутая людзьмі маёмасць ва ўкраінскім горадзе Прыпяць напрыканцы красавіка 1986 года стала мішэнню для тых, хто гатовы быў любым коштам нажыцца на чужым. Былы ахоўнік радыяцыйнай зоны расказвае, як гэта было.

Чарнобыльскі шлях-2013. Фота «НЧ»

Чарнобыльскі шлях-2013. Фота «НЧ»


У ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года на атамнай станцыі ва ўкраінскім Чарнобылі пад Кіевам адбылася аварыя, якая стала найбуйнейшай у гісторыі атамнай энергетыкі. У ліквідацыі наступстваў аварыі прынялі ўдзел дзясяткі тысяч спецыялістаў і вайскоўцаў з усіх краін былога СССР, у тым ліку і каля сямі тысяч жыхароў Літвы. Адным з іх быў Анатоль (Анатоліюс) Зароўскіс: сёння ён маёр запасу Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, а тады служыў у міліцыі.

Зароўскіс успамінае, што ў зону паражэння ЧАЭС паехаў па загадзе: яго і ягоных таварышаў па службе з МУС аб'ядналі ў зводны атрад з беларускімі міліцыянтамі і на паўтара месяца адправілі на мяжу Украіны і Беларусі.

«Мы стаялі з боку Беларусі ў Прыпяці, ахоўвалі грамадскі парадак, а таксама ахоўвалі гэту зону ад пранікнення старонніх, — расказвае Анатоль «Настоящему времени». — Таксама нашай задачай было не дапусціць вывазу любых прадуктаў і вырабаў з той, заражанай, зоны ў «чыстую».


Анатоль кажа, што горад Прыпяць знаходзіўся ўсяго за 3 км ад Чарнобыльскай АЭС: ён быў эвакуіраваны праз 36 гадзін пасля аварыі (жыхароў вывезлі на аўтобусах і грузавіках). З гэтага моманту ён стаў прывабнай мэтай для марадзёраў, якія дзеля нажывы былі гатовы на ўсё і якіх радыяцыя зусім не палохала.

«Там былі сутыкненні не горшыя, чым у зонах ваенных канфліктаў, — расказвае Зароўскіс. — З марадзёрамі: яны прарываліся на самазвалах, на бульдозерах».

Марадзёрам у Прыпяці, кажа Анатоль, было чым пажывіцца: пры эвакуацыі жыхарам практычна не дазвалялі браць з сабой рэчы, і абстаноўка кватэр заставалася некранутай.

«Край быў багаты, там шмат чаго было. Матацыклы, дываны, крышталь — па тых часах гэта быў дэфіцыт, — расказвае былы міліцыянт. — Былі і водныя ровары — у той час у СССР гэта наогул была рэдкасць. Былі катэры, лодкі, на якіх у асноўным стаялі японскія маторы. Там шмат чаго было каштоўнага. Таму гэтым бандытам было што вывозіць адтуль».

«Думаю, што тыя, хто кралі, усяго яшчэ не разумелі. Хоць у савецкіх школах і выкладалася грамадзянская абарона, яны былі ў разрадзе двоечнікаў: не ведалі, што такое радыяцыя, які яе ўплыў на арганізм і наступствы гэтага ўплыву», — тлумачыць ён дзеянні марадзёраў.

Зароўскіс кажа, што маёмасць, якая была заражана радыяцыяй (кухонныя прыборы, лядоўні, шафы для смажання, пліты), вывозілася з кінутага горада не толькі марадзёрамі, але і па загадзе грамадзянскай адміністрацыі — ужо афіцыйна. Куды яна потым ішла і ці была рэальна знішчана або паступіла ў продаж, ён не ведае.

«Калі ёсць дазвол райвыканкама — лепш не перашкаджай. Па тых часах гарвыканкам або райкам партыі — улада, і ўсё, — расказвае Анатоль. — Нікуды не дзенешся. Мы такія машыны выпускалі. Але ў чым розніца паміж бандытамі і выканаўчымі савецкімі органамі? Шчыра кажучы, мы яе не бачылі. Таму што тыя і іншыя не думалі пра людзей і пра іх здароўе».


Міліцыянт успамінае, што і ён, і ўсе яго калегі атрымалі значныя дозы радыеактыўнага апраменьвання.

«Вядома, мы не працавалі на даху чацвёртага рэактара, мы не насілі шуфлі (саўковыя рыдлёўкі. Заўв. рэд.) радыеактыўныя, якія выпраменьваюць па чатыры, пяць рэнтгенаў. Мы проста ахоўвалі пэўную тэрыторыю. Але мы жылі ў тых умовах, сілкаваліся тымі прадуктамі, якія вырошчваліся там, нам не завозілі чыстай прадукцыі», — падкрэслівае ён.

Пасля вяртання ў Літву Анатоль, паводле яго слоў, «адчуў сябе вельмі блага».

«Потым праверылі, я цягнуў і так, і так, думаў, што поўная смерць, — успамінае ён. — Ну нічога, праверылі, у Каўнасе ў клініцы зрабілі аперацыю».

Зароўскіс кажа, што праца ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС прымусіла яго перагледзець погляды на тое, што ўяўляе сабой атамная энергетыка. Усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Вільні, дзе ён жыве, у беларускім Астраўцы працуе вялікая атамная станцыя, і бяспечнай яна яму не здаецца.

«Цяпер Літва знаходзіцца ў такім стане, як быццам хтосьці побач сядзіць на парахавой бочцы і гуляецца з запалкамі, — тлумачыць ён. — І калі бабахне — ты не ведаеш. Я за тое, каб не бабахнула. Няхай яны (беларусы) атрымліваюць сваю энергію і жывуць шчасліва. Але «Фукусіма» паказала, што атамныя станцыі выбухаюць — таму што чалавечая дурасць заўсёды не мае меж, а прыродныя катаклізмы таксама не падпарадкоўваюцца чалавечым жаданням. І таму можа адбыцца што заўгодна».