«Нельга паказваць сэрцайка і іншыя жэсты». Адвакат пра суд над Віктарам Бабарыкам

Умовы справядлівага суду ў гэтым працэсе «пачалі не выконвацца яшчэ да таго, як справа стала разглядацца», кажа Дзмітры Лаеўскі, адзначае Свабода.

babaryka_new.jpg

Адвакат былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі Дзмітры Лаеўскі расказаў «Настоящему времени», што адбывалася на судзе і ці ёсць у абароны надзея на справядлівы суд.

Паводле адваката, пакуль ідзе судовы разбор, у яго няма магчымасці канфідэнцыйна кантактаваць з падабаронным — толькі ў залі суда, і то размаўляць, фактычна, не дазваляюць, бо канвой атачае клетку шчыльным колам і падысці да яе немагчыма.

Учора Віктар Бабарыка прасіў суд дазволіць яму жэстыкуляваць, бо ён у працэсе зносін з любымі людзьмі актыўна жэстыкулюе, а канвой на судзе забараняе яму наогул рабіць любыя жэсты — нават проста падымаць і апускаць рукі. Як адзначае адвакат, прававых норм, якія б дазвалялі накласці такую забарону, няма. Суддзя дазволіў Бабарыку жэстыкуляваць «у рамках дачы паказанняў», а ў астатні час «гэта не кампетэнцыя суду — нешта тут рэгуляваць».

«Таму Віктару Дзмітрыевічу нельга паказваць сэрцайка і рабіць іншыя жэсты», — дадае адвакат.

Паводле адваката, яму невядома, што Бабарыку нібыта ўгаворваюць выехаць за мяжу ў абмен на здзелку (інфармацыя пра гэта з’яўлялася ў СМІ).

«Я думаю, што калі б яны былі, то, вядома, Віктар Дзмітрыевіч бы гэта, безумоўна, абмяркоўваў з намі, таму што ў нас з ім дастаткова высокі ўзровень даверу, як гэта і трэба для абароны. Нічога такога я пацвердзіць не магу адназначна. Гэта, напэўна, нейкія інсінуацыі людзей, якія хочуць стварыць абстаноўку недаверу да сумленнага чалавека, які трапіў пад незаконны крымінальны пераслед», — кажа Дзмітры Лаеўскі.

Ён не стаў каментаваць тое, што шэсць абвінавачаных па «справе Белгазпрамбанкв» заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, але дадаў, што «прызнанне віны кім-небудзь ці ўсімі, акрамя Бабарыкі, абсалютна не даказвае яго вінаватасць».

Дзмітры Лаеўскі кажа, што ўмовы справядлівага суду ў гэтым працэсе «пачалі не выконвацца яшчэ да таго, як справа стала разглядацца», бо тое, што Вярхоўны суд разглядае справу ў якасці суду першай інстанцыі, пазбаўляе абвінавачаных магчымасці падаць апеляцыю. Плюс абмежаванне зносін з падабаронным, немагчымасць скапіяваць матэрыялы справы, хоць працэс нібыта адкрыты і, вядома ж, само абвінавачанне.

Суд над Віктарам Бабарыкам пачаўся 17 лютага ў Мінску. Бабарыку прад’явілі абвінавачанні ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі («адмыванні») грошай, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры. Віны ён не прызнаў.

Суд праходзіць у паўзакрытым рэжыме: сваякі дапускаюцца, але без тэлефонаў і планшэтаў, прыхільнікаў Бабарыкі ў суд не пусцілі, а са СМІ акрэдытавалі толькі лаяльныя ўладам выданні. Першы дзень у асноўным быў прысвечаны хадайніцтвам абароны: адвакат прасіў адводу суддзі з прычыны магчымага канфлікту інтарэсаў і замены зняволення на хатні арышт. Таксама Бабарыка прасіў вылучыць 1 дзень на тыдзень для азнаямлення са справай і прасіў дазволіць яму жэстыкуляваць. Хадайніцтвы аб змене меры стрымання і магчымасці для адваката кантактаваць з падабаронным не задаволілі.