Нічога асабістага, проста грошы

«Грошы скончыліся зусім», — першая рэакцыя некаторых маіх знаёмых на інфармацыю пра затрыманне кіраўніка групы кампаній "Трайпл" і набліжанага да Лукашэнкі бізнесоўца Юрыя Чыжа.



tchizh.jpg

Весткі аб затрыманні Чыжа з’явіліся ўвечары ў пятніцу, 11 сакавіка. 13 сакавіка, нягледзячы на выходны, КДБ патлумачыла, што алігарх затрыманы супрацоўнікамі гэтага ведамства па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Разам з Чыжом затрыманы яшчэ шэраг асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні і саўдзеле ў злачынстве. Усе затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Праводзяцца следчыя дзеянні і неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

Можна паверыць, што Чыж не плаціў падаткі. Але вы можаце ўявіць краіну, дзе такімі «ўхіленцамі» займаецца не Міністэрства па падатках і зборах і не Камітэт дзяржкантролю, а КДБ? Структура, якая адказвае (па ідэі) за дзяржаўную бяспеку?

З-за блізкасці Чыжа да Лукашэнкі адразу ўзнікла шмат версіяў затрымання. Першую з іх выкаўзаў Аляксандр Фядута. Маўляў, пасля зняцця еўрапейскіх санкцый з кіраўніцтва Беларусі «дзяржаўныя алігархі» сталі ў чаргу за крэдытнымі лініямі заходніх банкаў. Чыж, дзякуючы сваім сувязям і разгалінаванаму бізнесу, быў у гэтай чарзе, зразумела, першым. І нейкі «младаалігарх» вырашыў пасунуць канкурэнта.

«Арышт Чыжа азначае, што нейкая буйная дамоўленасць па крэдытнай лініі дасягнутая. Што камусьці з патэнцыйных супернікаў Чыжа да зарэзу патрэбныя грошы. Гэта не барацьба ўлады з алігархамі, а сутычка старэйшага пакалення беларускіх дзяржаўных капіталістаў з малодшым», — піша Фядута.

Версія даволі сумнеўная, хаця б таму, што санкцыі — санкцыямі, а заходнія банкі наўрад ці будуць інвеставаць буйныя грошы ў «беларускую мадэль», якая зараз трашчыць па швах. Ні ад увядзення санкцый, ні ад іх скасавання інвестыцыйны клімат у Беларусі не змяніўся.

Дый у якую галіну групы кампаній «Трайпл» Юрыя Чыжа можна ўкласці гэтую «буйную крэдытную лінію»? Хіба што толькі ў СТАА «НафтаХімТрэйдынг». Астатнія накірункі дзейнасці «Трайпла» — будаўніцтва, вытворчасць будматэрыялаў, безалкагольныя напоі, мясцовы турызм, сельская гаспадарка, фармацэўтыка, рэстаранны бізнес і нават рытэйл (сетка гіпермаркетаў ProStore) зараз перажываюць не лепшыя часы.

Канешне, мажліва, што нейкі «младаалігарх» захацеў «аджаць» у Чыжа бізнес, але зрабіць гэта можна было і менш гучнымі сродкамі. Тым больш, што па выніках першага паўгоддзя мінулага года «Трайпл» з паспяховага стаў стратным: сукупны аб’ём стратаў склаў 84,4 мільярда рублёў.

Другую версію выказаў палітык Анатоль Лябедзька. Маўляў, пасля зняцця санкцый Юрый Чыж вырашыў «выслізнуць у прыадчыненыя дзверы», — вывезці частку бізнесу і капітал у больш спрыяльнае месца, чым Беларусь. «Больш спрыяльным» з’яўляецца любое месца, асабліва ва ўмовах, калі краіна коціцца да банкруцтва.

Не верыце ў банкруцтва? Валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь на 1 кастрычніка 2015 года склаўся ў памеры $38,2 мільярда. А ВУП краіны за 2015 год — $54 мільярда. Паглядзеўшы гэтыя лічбы, любы буйны бізнесоўвец захоча апынуцца ў нейкай іншай краіне.

Можа быць кіраўнік «Трайпла» зрабіў неасцярожны рух, паспрабаваўшы адкрыць рахунак недзе ў Швейцарыі, не паставіўшы папярэдне ў вядомасць і не патлумачыўшы, навошта ён гэта робіць. За што і атрымаў, каб не гарэзнічаў.

Трэцюю версію агучыў палітык і таксама былы «алігарх» Андрэй Клімаў. Маўляў, лічбы ў студзеньскіх «жыроўках» наўпрост вялі да народнага бунта. Лукашэнка даручыў пакараць вінаватых, і іх нібыта пачалі караць — следчыя органы адрапартавалі пра 17 узбуджаных крымінальных спраў, у тым ліку і ў міністэрстве ЖКГ. Нават абяцалі агучыць персаналіі падазраваных, і… не агучылі.

«На коне стаіць давер электарату. Яго трэба вяртаць. Натуральна, больш справядліва было б, калі б за жыроўкі пад суд пайшлі міністры і ўрад, але менавіта на іх у гэты складаны час абапіраецца Лукашэнка. Дылема. Прыйшлося ахвяраваць сябрам», — кажа Клімаў.

Зразумела, што не Чыж падпісваў гэтыя «жыроўкі». Але ягоны арышт павінен прадэманстраваць, што «ў краіне недатыкальных няма». І (вось дзіва!) менавіта гэтую тэзу Лукашэнка агучыў 14-га сакавіка, на чарговай нарадзе па пытаннях камунальных плацяжоў.

Заўважым, што ў Чыжа гэта не першы арышт. У 2007-м годзе яго таксама затрымлівалі па справе тагачаснага кіраўніка «Белнафтахіма» Аляксандра Бароўскага. Сам алігарх адмаўляў арышт, але злыя людзі сцвярджалі, што Чыжа адпусцілі праз тры дні пад падпіску аб нявыездзе.

Хутчэй за ўсё, «справа Чыжа» — проста пужалка. Да суда яна наўрад ці дойдзе. Як звычайна, будуць «кампенсаваныя страты бюджэту», і на гэтай падставе Лукашэнка вызваліць Чыжа ад крымінальнай адказнасці. І, як заўсёды па восені, запросіць да сябе ў Дразды збіраць гарбузы і бульбу. Нічога асабістага — проста грошы.