Пакроўскі кірмаш

У мінскім Палацы мастацтва распачалася 7-я духоўна-асветніцкая выстава «Пакроўскі кірмаш». На ёй можна набыць неймаверныя рэчы і трапіць на самыя разнастайныя культурныя мерапрыемствы.



8deb8d1dd92840f975b6931ab3a3c61e.jpg

У мінскім Палацы мастацтва распачалася 7-я духоўна-асветніцкая выстава «Пакроўскі кірмаш». На ёй можна набыць неймаверныя рэчы і трапіць на самыя разнастайныя культурныя мерапрыемствы.
Арганізатары выставы-кірмашу — Беларуская праваслаўная царква і выставачнае прадпрыемства «Экспафорум». «Пакроўскі кірмаш» звязаны са святам Пакроваў Багародзіцы, — распавяла супрацоўніца сінадальнага паломніцкага аддзела БПЦ Наталля Закрэўская. — І ўключае ў сябе вялікую колькасць стэндаў удзельнікаў. Але самае галоўнае, што тут праходзяць духоўна-асветніцкія праграмы. Гэта могуць быць і глыбокія духоўныя праграмы, і больш лёгкія для ўспрыняцця. Але ўсё гэта вельмі захапляе і аб’ядноўвае людзей».
Свае экспазіцыі дэманструюць каля 100 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Іерусаліма і Грэцыі. Манастыры, царкоўныя прыходы, выдавецтвы і майстэрні прапануюць вялікі выбар духоўнай літаратуры, ікон, аўдыё- і відэапрадукцыі, сувеніраў і пачастункаў. На выставе можна знайсці літаральна ўсё — ад валёнак, арэнбургскіх пуховых хустак, вырабаў з лазы і срэбра да лекавых траў, гаючых мазей, поснага шакаладу і тульскіх пернікаў. А ад беларускіх пернікаў і вачэй нельга адвесці. Каляровыя, у выглядзе мілых звяркоў і цацак, яны адразу спыняюць наведнікаў. А вырабляюць гэты цуд у храме Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Прылукі. Усе гэтыя рэчы можна набыць, а таксама пакаштаваць кулінарныя вырабы і стравы манастырскай кухні. Праводзяцца падчас выставы і майстар-класы — пляценне з лазы і шыццё з абрэзкаў.
У канферэнц-залі праходзяць сустрэчы са святарамі, насельнікамі манастыроў, іканапісцамі, артыстамі, теле- і радыёвядучымі, урачамі, пісьменнікамі і паэтамі. Адбываюцца круглыя сталы і семінары, паказы фільмаў, прэзентацыі кніг і паломніцкіх маршрутаў, выступаюць хоры і музыкі. Асобныя праграмы прысвечаныя дзецям. Штодзень з 14 да 17 гадзінаў можна адмыслова сустрэцца са святаром, каб параіцца і задаць хвалюючыя пытанні. На выставе адбываецца і збор сродкаў для дзяцей-сірот і інвалідаў, а таксама на будаўніцтва храма ў Лошыцы.
Удзельнікі адзначаюць, што кірмашы здаўна ладзіліся нашымі продкамі. «На кірмашы заўсёды людзі збіраліся з розных куткоў, — сказала Наталля Закрэўская. — І заўсёды гэта былі сустрэчы. Таму можна сказаць, што «Пакроўскі кірмаш» пад покрывам прасвятой Багародзіцы — гэта месца сустрэч. І шматлікія прадстаўнікі манастыроў з усяго свету сюды прыязджаюць. І людзі тут сустракаюцца паміж сабой — тыя ж мінчане, госці з Расіі і з Украіны. І яны знаходзяць адзін аднаго. І нават можа быць знаходзяць свой шлях і да Бога».
У суботу, 16 кастрычніка, а 12-й гадзіне ладзіць сваю прэзентацыю Грузія. На ёй выступяць прадстаўнікі амбасады гэтай краіны, адбудзецца канцэрт і знаёмства наведнікаў з грузінскімі святынямі.
Падрабязную інфармацыю пра выставу і мерапрыемствы можна атрымаць на сайтах www.pravoslav-expo.by і www.sobor.by (ці па тэл. (017) 273 72 98; 299 82 99). Уваход на «Пакроўскі кірмаш» (вул. Казлова, 3) для ўсіх вольны.