Памёр мастак і музыка Андрэй Плясанаў
Памёр музыка і мастак-авангардыст, калекцыянер беларускага жывапісу, лідар гурта «P.L.A.N.» Андрэй Плясанаў. Яму было 72 гады.

Андрэй Плясанаў на фоне сваіх прац. Фота Анатоля Мяльгуя.
16 чэрвеня сышоў у лепшы свет мастак і музыка Андрэй Плясанаў.
Зміцер Бартосік у сваёй праграме «Барды Свабоды» распавёў пра Андрэя Плясанава: «Карэнны мінчук. Арганізатар і ўдзельнік першых біт-фестываляў у Мінску. Андрэй Плясанаў станавіўся лаўрэатам розных гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў студэнцкай песні. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў рэжысёрам студыі "Летапіс" кінастудыі "Беларусьфільм", здымаў дакументальнае і мастацкае кіно. Акрамя таго, здолеў праславіцца нават у розных краінах Еўропы як небанальны мастак-авангардыст… Калекцыянер беларускага жывапісу 70-х гадоў. Лідар гурта "P.L.A.N."».
Плясанаў запісаў альбомы: «Blues у канцы тунелю» (2003), «Вам слова, Джон Ячмень» (2003), «Вялікае калі ласка» (2004), «Зніч надзеі» (2004), «Шлях да каханай» (2007), «У пошуках страчанага» (2008).

Андрэй Плясанаў і нацюрморт Адама Глобуса, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, праспект Незалежнасці-47) на адкрыцці выставы «Беларускі авангард 1980-1990 са збору Андрэя Плясанава», 22 чэрвеня 2010 года.
Імя лідара гурта «P.L.A.N.» Андрэя Плясанава памятаюць яшчэ беларускія бітнікі мяжы 60/70, калі ён быў сярод арганізатараў і ўдзельнікаў першых біт-фестываляў у Мінску, — прыгадваецца на сайце www.last.fm. — У той час, калі ў Белдзяржфілармоніі рабілі толькі першыя крокі цяперашнія нашыя легенды «Лявоны» («Песняры»), Юрый Антонаў, «Дойліды», «Шпакі», быў там і артыст філармоніі Андрэй Плясанаў. На выпуск уласных альбомаў у той час мелі шанец толькі выбраныя, таму пісаліся песні… у стол.
Зрэшты, нават у той час Андрэй Плясанаў станавіўся лаўрэатам розных гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў студэнцкай песні. І ўсё ж, як спяваецца ў папулярнай ненароднай песні, у той час было «цяжка заставацца паслом рок-н-рола ў нерытмічнай краіне», таму далейшы лёс Андрэя Плясанава быў звязаны не з музыкай, але надалей з творчасцю.
Напрыканцы ХХ стагоддзя
Плясанава зноў паклікала музыка — і ён стварыў гурт, які вырашана было назваць «P.L.A.N.»
(што азначае P.Lясанаў A.Nдрэй). Выступаючы на «Рок-Каранацыі-2001», Андрэй
Плясанаў пазнаёміўся з двума цікавымі людзьмі: саўндпрадзюсерам Генадзем
Сыраквашам і журналістам Вітаўтам Мартыненкам.
Адзін з іх стаў прафесійным дарадцам у сферы
гукарэжысуры, а другі спатрэбіўся
ў жаданні вярнуць у беларускі кантэкст старыя свае песні ды пісаць у гэтым
кантэксце новыя.

Такім чынам, да вясны 2003 года на беларускім музычным рынку з’явіўся перш поўнафарматны альбом «Blues у канцы тунелю», кампазітарам і выканаўцам усіх песень якога стаў Плясанаў. З праграмай гэтага альбома гурт выступіў не толькі на салідных канцэртавых пляцоўках Беларусі (к/з «Мінск», сталічны Лядовы палац, шэраг прэстыжных клубаў), але і ў зорнай праграме аднаго з найбуйнейшых фестываляў Еўропы «Noc bluesowa» ў Раве Мазавецкай (Польшча).
Не прымусіў доўга чакаць другі альбом «Вам слова, Джон Ячмень», прэзентацыя якога прайшла ў снежні таго ж 2003 года ў клубе «Alcatraz». Далей — альбом «Вялікае калі ласка», у які ўвайшлі, акрамя рытм-энд-блюза, і эксперымэнты Андрэя ў модных плынях рэп-музыкі, адзін з якіх — «Пасадзіў дзед рэпку» — увайшоў у першы зборнік беларускага рэпу і нават даў яму назву: «Пасадзіў DEAD RAPку/Rap Not Dead».
Чацвёрты альбом унёс кардынальныя змены ў саўнд гурта «P.L.A.N.» і стаў пачаткам адмысловай серыі акустычных альбомаў «Piosenki samotnego Licwina», якіх на сённяші дзень выйшла ўжо два: «Зніч надзеі» (2004) і «У пошуках страчанага»(2008). Гэта ўсё не азначала каардынальнай змены стылю, бо да таго часу выйшлі і рок-альбомы: «Шлях да каханай» (2007), «Брама ў вырай».