Блюз, рок і фолк на фоне вернісажу
"Новы час" ужо паведамляў пра адкрыццё выставы «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта». Падзея такога маштабу не абмяжоўваецца толькі знаёмствам з панарамай сучаснага выяўленчага мастацтва.
Андрэй Плесанаў — акорд за акордам
У яе праграме сустрэчы з маладымі і сталымі мастакамі — удзельнікамі выставы, і прэс-канферэнцыі, і аўтограф-сесіі…
Адной з падзеяў выставы «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» стаў unplugged-канцэрт аднаго з удзельнікаў выставы, мастака і музыканта, лідара гурта P.L.A.N. Андрэя Плясанава. Бадай, упершыню адрэстаўраванае памяшканне выставачнага комплексу адчула і ўспрыняла рытмы року і блюзу. І гэта выставачнай зале, так бы мовіць, «спадабалася» — гук атрымаўся сакавітым, а словы песень і гітарныя акорды не зліваліся ў адну каламесу.
Творы Андрэя Плясанава на выставе
Гэта дапамагло Андрэю адразу распачаць своеасаблівы дыялог з публікай і ўвайсці ў эмацыянальны кантакт са слухачамі, якія патроху ад экспанатаў выставы падыходзілі да канцэртнага подыюма. Тым больш, што распачаў А. Плясанаў свой незвычайны «выставачны» канцэрт адным са сваіх даўніх хітоў — апрацоўкай народнай песні «Шынкарачка», якая была вельмі цёпла сустрэтая слухачамі.
Беларуская мова — нязменны атрыбут твораў А.Плесанава
Сваю канцэртную праграму А. Плесанаў пабудаваў як напамін пра выданыя ім і гуртом P.L.A.N. шэсць альбомаў. Таму ім былі праспяваныя і рытм-блюзавы «Скрып-блюз», і лірычныя «Аковы кахання», і гімн жыццю паэткі-эмігранткі Н. Арсенневай «Пра вясну». Лірычная плынь ў канцэрце была працягнута хітамі гурта, якія былі ў першых радках шматлікіх беларускіх хіт-парадаў — «Легенда» (кавер на Uriah Heep), «Анна-Мар’я», «Шлях да каханай» і іншымі цудоўнымі кампазіцыямі.
Андрэй Плесанаў на фоне сваіх прац
Акрамя беларускамоўных кампазіцый, А.Плесанаў прапанаваў слухачам і рускамоўныя творы, якія яму вельмі падабаюцца. Напрыклад, песню Чыжа & кампаніі «Она не вышла замуж…» і іншыя песні з ранейшага перыяду музычнай творчасці аўтара.
Таксама вельмі цёплы быў прыняты беларускамоўны кавер Андрэя Плясанава на знакамітую песню Уладзіміра Высоцкага «Коні пераборлівыя», у якой слухачы змаглі ацаніць лексічныя і паэтычныя магчымасці роднай мовы, якой пад сілу пераасэнсаваць самыя складаныя радкі і эмоцыі класічнай рускай і славянскай паэзіі…
Гучыць твор Высоцкага па-беларуску
Ну а завяршыў Андрэй Плясанаў свой гадзінны канцэрт пад скляпеннямі выставачнага комплексу «Мінск-ЭКСПА» адным са сваіх ранейшых хітоў — кампазіцыяй «Добрай раніцы, Беларусь» («Ранішнія адчуванні»), якую ўсе прысутныя заспявалі разам.
Канешне, канцэрт мастака і музыканта Андрэя Плясанава ў «Мінск-ЭКСПА» — гэта толькі крэска да тых скарбаў, якія прадстаўлены на стэндах. Але такімі музычнымі творамі толькі ўзмацняецца вартасць такой небанальнай мастацкай падзеі, як выстаўка «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта».
Фота аўтара