Ад чорнага квадрата да чорнага куба

Такога маштабнага паказу сучаснага выяўленчага мастацтва Мінск не ведаў. Адразу на трох пляцоўках стартавалі тры тэматычна звязаныя праекты: “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”, “Сто гадоў беларускага авангарда”, “Мастак і горад. BelART.by”.



Як гэта ни дзіўна гучыць, усе экспазіцыі арганізаваны ў рамках правядзення ў Мінску Чэмпіянату свету па хакеі і будуць доўжыцца па 10 чэрвеня. Жыхары сталіцы, якія прызвычаіліся чакаць надыход эпахальнай спартовай падзеі з адчуваннем непазбежнай катастрофы ў розных сферах штодзённага побыту, гэтым разам могуць не хвалявацца. Арганізатары экспазіцый, атрымаўшы ад кіраўніка дзяржавы пажаданне  паказаць свету, чым багатае беларускае мастацтва апошняга стагоддзя, — пра агучаны Аляксандрам Лукашэнкам год таму заклік неаднойчы нагадаў на вернісажах міністр культуры Барыс Святлоў — падышлі да справы творча і канструктыўна.

Прынамсі, Выставачны цэнтр, “рамонак”, на неабсяжных прасторах якога разгарнулася экспазіцыя “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта” выглядае сёння як годны сусветных стандартаў музей сучаснага мастацтва. І само адкрыццё, што адбылася ў максімальна афіцыёзным асяроддзі паміж аб’ектамі асаблівай ідэалагічнай насычанасці — Плошчай дзяржаўнага сцяга і новым Палацам незалежнасці, сваёй паратэатральнай экспрэсіўнасцю вылучыла наведвальнікаў з абцугоў ідэалагічнай дэтэрмінаванасці. Джазавы аркестр на ўваходзе, прыгажуні ў эксперыментальных строях, хадульныя паяцы і фарбаваныя ў бронзу людзі-манументы, шаленства музыкі і святла ў сярэдзіне разам з прыгажосцю кампазіцый пластычнага тэатру на сцэне — усё імкнулася стварыць святочную і вольную атмасферу, падказваючы: Мінск — не толькі горад пампезных парадаў, але і цэнтр свабодных мастацтваў.

У інтэр’еры выставачнага “рамонка” арганізатары прадставілі творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дызайну, фатаграфіі і арт-аб’екты, створаныя мастакамі Мінска, і, што істотна, правінцыйных цэнтраў, пераважна за апошняе дзесяцігоддзе. Кампазіцыя разгарнулася ад пампезнага “Куба Казіміра Малевіча” (2014) Канстанціна Вашчанкі і ўвасобленага ў фатаздымках арт-праекта “Горад” вобраза разнастайнага адпаведна аўтарскім адчуванням Мінска (Сяргей Ждановіч, Артур Клінаў, Сяргей Кажамякін, Вадзім Качан) да перыферыі вялізнай залы.

Акуратна арганізаваная спецыяльнымі выставачнымі модулямі прастора расцякаецца да абасобленых пляцовак з творамі найбольш цікавых праектаў апошніх гадоў. Іх дэманструе Музей сучаснага мастацтва,  віцебскія мастакі (“Матэрыя мастацтва: цвёрдае і мягкае”), Галерэя  Універсітэта культуры (“Тапаграфіка”, “H2О”, “Тэхна-арт” і іншыя), Беларускі саюз дызайнераў (“Пастулат”).  Як справядліва адзначыў на адкрыцці экспазіцыі віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік — беларускі авангард пачатку ХХ ст. зрабіўся класікай, а сённяшнія маладыя, маюць шанс, зрабіцца настолькі ж вядомымі, як іх папярэднікі.

Ці будзе так, пакажа час, але сама выстава, як і выпушчаны да яе шыкоўны каталог, які ўвабраў творы з усіх трох экспазіцый — гэтаму відавочна паспрыяе. І дасі штуршок больш шырокаму выкарыстанню творчасці сучасных мастакоў у гарадскім асяроддзі — у якасці сродкаў дэкаравання, камунікацыі, арганізацыі прасторы. Засвоеная спадчына нацыянальнага авангапрду і эксперыментальных плыняў сусветнага мастацтва ХХ ст., пераапрацаваная сродкамі дызайну сама просіцца на прасторы гарадскіх вуліц. “Далі рады ў арганізацыі гэтага глабальнага праекту — дадзім рады і ў арганізацыі “Чэмпіянату свету па сучасным мастацтве”, — заўважыў кіраўнік саюза дызайнераў Зміцер Сурскі.

Прадстаўленая аматарам на наступны дзень, 22 красавіка, другая частка агульнай задумы -“Сто гадоў беларускага авангарда” у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва не зусім адпавядае сваёй назве. Апрача нязначнай колькасці твораў і рэпрадукцый першай паловы ХХ ст., сапраўды звязаных з авангардам, прадстаўлены ў асноўным работы мастакоў андэграўнда, нон-канфармістаў, і пазасаюзных мастакоўскіх аб’яднанняў, як “Няміга-17” — разнастайныя, цікавыя, але не авангардныя.

У тым ліку такія, якія ў першую чаргу адлюстроўваюць неафіцыйныя плыні ў культуры Беларусі 1970-1990-х гадоў. Часу, калі, як заўважыла адна з прадстаўленых у экспазіцыі аўтарак Вольга Сазыкіна, “пачаўся рух духу”, калі да творчасці прыйшлі шматлікія непрафесійныя творцы, каб, пераадольваючы атмасферу застою, дастукацца да сэрцаў аднадумцаў мастацкімі работамі, пранізлівымі дэкларацыямі пошукаў свабоды. Часу, калі шчасцем было паказаць свае творы на падпольных выставах, перадаць іх амаль бясплатна ў калекцыі сяброў, а калі пашанцуе — у шырокі свет.

Значную частку экспанаванага арганізатары пазычылі з прыватных збораў — Андрэя Плясанава, Аляксандра Іванова і іншых. Што датычыць работ — то пра іх сукупнасць і пра андэгранд як з’яву маюць выказацца не столькі мастацтвазнаўцы, як сацыёлагі, гісторыкі, псіхолагі — андэграунд адбыўся хутчэй як сацыяльная з’ява.

Імёны мастакоў у экспазіцыі — знакавыя: Генадзь Хацкевіч, Андрэй Жданаў, Людміла Русава, Бісмарк, Фёдар Кашкурэвіч. “Гэта другі прарыў, другі выхад андэграунда да мінскай публікі — разам з грунтоўным каталогам,” — адзначыў уладальнік ладнай часткі прадстаўленых твораў Андрэй Плясанаў. Першы, нагадаў ён, адбыўся 9 снежня 1987 г., на самым пачатку перабудовы.

23 красавіка, завяршаючы трыадзіны выставачны праект, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва адчыніў экспазіцыю рэпрадукцый твораў сучасных беларускіх мастакоў з уласнай калекцыі пад назвай “Мастак і горад. BelART.by” на плошчы Якуба Коласа. Прыходзьце і глядзіце — у Мінск у бліжэйшыя тыдні можна ўбачыць не толькі хакей.