Перапіс–2019: чаму сацыёлагі баяцца рэлігіі і навошта пазначаць беларускую мову роднай?

23 жніўня, у Дзень працаўнікоў дзяржаўнай статыстыкі, таксама запрацаваў прома-сайт перапісу насельніцтва. Але ці патрэбнае гэтае маштабнае мерапрыемства Беларусі? Пра гэта «Белсату» паразмаўляў з сацыёлагам, Аленай Арцёменка.

Госці і ўдзельнікі Дня вышыванкі. Гродна 10 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Госці і ўдзельнікі Дня вышыванкі. Гродна 10 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

З 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. У Нацыянальным статыстычным камітэце абяцаюць, што ён стане самым інавацыйным з усіх тых, што раней былі ў краіне. У прыватнасці, у адрозненне ад папярэдніх перапісаў збор і апрацаванне персанальных звестак будуць цалкам аўтаматызаваныя.

Жыхары краіны змогуць удзельнічаць у перапісе праз інтэрнэт, на стацыянарным участку або прыняць перапісчыка ў сябе дома.

«Інфармацыя, атрыманая падчас правядзення перапісу, унікальная і важная не толькі для краіны ў цэлым, але і для кожнага яе жыхара паасобку», — заявілі ў статыстычным камітэце.

23 жніўня, у Дзень працаўнікоў дзяржаўнай статыстыкі, таксама запрацаваў прома-сайт перапісу насельніцтва. Але ці патрэбнае гэтае маштабнае мерапрыемства Беларусі? Пра гэта карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з сацыёлагам, аналітыкам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аленай Арцёменка.

 

Сацыёлаг, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Алена Арцёменка. Фота ptushki.org

Сацыёлаг, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Алена Арцёменка. Фота ptushki.org

Якіх пытанняў не будзе на перапісе?

«Статыстыка ў Беларусі працуе так, што базавыя лічбы, ад якіх усе адштурхоўваюцца, – гэта лічбы перапісу. А пасля адносна колькасці насельніцтва звесткі пералічваюць, сыходзячы са статыстыкі прыросту: смяротнасці, нараджальнасці, міграцыі, у тым выглядзе, як яна кантралюецца ў нас», – адзначыла суразмоўца.

Паводле яе, паколькі метады падліку, асабліва міграцыі, «не зусім дасканалыя», кожны год назапашваецца памылка. Звесткі перапісу патрэбныя, каб удакладніць гэтыя звесткі, падкрэсліла сацыёлаг.

На думку Алены Арцёменка, пытанні беларускага перапісу «добра пашыраюць бачанне» дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. У тым ліку плануецца дадаць пытанні пра намеры працоўнай міграцыі, што дае дадатковую інфармацыю для аналізу рынку працы і дэмаграфічных тэндэнцыяў.

Разам з тым ёсць і сферы, якія беларускія афіцыйныя сацыёлагі пазбягаюць. Перадусім гэта датычыць пытанняў пра рэлігійную прыналежнасць, бо яны нібыта носяць асабісты характар і могуць бянтэжыць рэспандэнтаў.

«З другога боку, гэта можа быць цікавым для сацыёлагаў і тых, хто карыстаецца гэтымі звесткамі. Рэлігійная прыналежнасць можа ўплываць на пэўныя культурныя рэчы, каштоўнасныя ўстаноўкі і гэтак далей», – адзначыла экспертка. 

Што можа змяніць перапіс?

Беларускія ўлады ўжо заявілі, што па выніках перапісу можа быць скарэктаваны адміністрацыйны падзел краіны. Як мяркуе Алена Арцёменка, гэта можа стаць вынікам таго, што ў некаторых раёнах колькасць насельніцтва можа апынуцца каля 5–7 тысячаў. Таму там нерацыянальна нават утрымліваць адміністрацыю. На думку суразмоўцы, змены могуць насіць тэхнічны характар для аптымізацыі адміністрацыйных працэдураў.

«Я не думаю, што гэта істотна негатыўна ці пазітыўна паўплывае на чыімсьці жыцці», – сказала яна.

Увогуле, заявіла экспертка, для сацыёлагаў і дэмографаў было вельмі нязручна працаваць са звесткамі 2009 года, бо, паводле яе, насельніцтва Менску з тых часоў вырасла значна – на амаль 200 тысячаў чалавек, пераважна маладых людзей, якія прыязджаюць у горад на працу ці вучыцца.

«Гэта стратэгічны рэсурс. Недастаткова наяўных лічбаў, каб аналізаваць насельніцтва ў сталіцы. Таму для рэчаў, звязаных з сацыялагічнымі даследаваннямі, пабудовай выбаркі, абноўленыя звесткі будуць вельмі карысныя», – заявіла Алена Арцёменка. 

Беларускамоўны? Кажы пра гэта

Суразмоўца таксама падкрэсліла важнасць таго, каб грамадзяне падчас перапіс казалі праўду пра сваю родную мову. Але, мяркуе яна, можа спрацаваць «такі механізм, як спіраль маўчання, калі людзі схільныя не казаць тое, што яны думаюць і тое, што для іх сапраўды з’яўляецца праўдай, а прыпісваць сабе меркаванне большасці».

«Напрыклад, калі яны адчуваюць, што большасць кажа, што першая засвоеная мова – руская, то ёсць небяспека, што людзі схільныя не вылучацца і даваць, магчыма, непраўдзівыя адказы. І калі гэта дамінуючае меркаванне, яно зацьміць, выцісне рэальную карціну людзей, якія засвоілі беларускую мову першай, для якіх беларуская мова родная», — падкрэсліла сацыёлаг.

На яе думку, такія непраўдзівыя звесткі сказяць карціну ўжывання беларускай мовы і пацясняць яе пазіцыі, «якія і так у нас вельмі няўстойлівыя». Важна, каб людзі сапраўды адказна казалі пра беларускую мову, бо ёй патрэбна падтрыманне, каб яна развівалася, адзначыла Алена Арцёменка.

belsat.eu