Першамай адзначылі

У Беларусі адзначылі Першамай — хто як мог. Хто не мог — не адзначалі. Традыцыйна «свята працы» было аддадзенае афіцыйным прафсаюзам. А тыя, хто займаецца абаронай правоў працоўных, апынуліся збоку.

Міжнародны дзень салідарнасці працоўных публічна дазволілі адзначаць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Незалежным прафаб’яднанням і прадстаўнікам апазіцыі праводзіць якія-небудзь масавыя мерапрыемствы было забаронена як у Мінску, так і ў рэгіёнах.



f953ad57910572bd6803da3faaa6e92b.jpg

У Беларусі адзначылі Першамай — хто як мог. Хто не мог — не адзначалі. Традыцыйна «свята працы» было аддадзенае афіцыйным прафсаюзам. А тыя, хто займаецца абаронай правоў працоўных, апынуліся збоку.

Міжнародны дзень салідарнасці працоўных публічна дазволілі адзначаць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ). Незалежным прафаб’яднанням і прадстаўнікам апазіцыі праводзіць якія-небудзь масавыя мерапрыемствы было забаронена як у Мінску, так і ў рэгіёнах.
У Беларусі свята працы было заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў сакавіку 1998 года. Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных адзначаюць больш як у 140 краінах. У яго аснове ляжаць падзеі 1 мая 1886 года, калі актывісты рабочага руху ЗША і Канады правялі серыю мітынгаў і дэманстрацый, патрабуючы ўвядзення васьмігадзіннага працоўнага дня.
Афіцыйны мітынг з удзелам кіраўніцтва ФПБ і прадстаўнікоў органаў улады прайшоў у мінскім парку імя Янкі Купалы. Яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю з падтрымкай «курсу на пабудову сацыяльна арыентаванай дзяржавы», які праводзіць Аляксандр Лукашэнка. У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца пратэст супраць «спроб увядзення Еўрапейскім саюзам эканамічных санкцый у дачыненні да гаспадарчых суб’ектаў РБ» і патрабаванне «зняцця ўсякіх абмежаванняў у супрацоўніцтве ЕС і РБ». Афіцыйныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны.
Мітынг апазіцыі ў парку Дружбы народаў Мінгарвыканкам забараніў у сувязі з запланаванымі там афіцыйнымі гуляннямі. Гэтую забарону лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін пракаментаваў так: «Улады плююць на Канстытуцыю, на артыкул 35, які гарантуе свабоду сходаў і вулічных шэсцяў. Закон аб масавых мерапрыемствах стаў забаронай на іх правя­дзенне, улады нават не знаходзяць час нармальна растлумачыць прычыны адмовы ў правядзенні вулічных мерапрыемстваў, не жадаюць размаўляць з арганізатарамі пра перанос часу і месца акцыі».
Першамайскі апазіцыйны мітынг таксама забаронены ў Мікашэвічах (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці). Акцыя планавалася ў падтрымку рабочых мясцовага РУВП «Граніт», якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і абвясцілі пра намер стварыць незалежную прафсаюзную арганізацыю, за што зведваюць ціск з боку адміністрацыі.
Сітуацыя з правамі незалежных прафсаюзаў у Беларусі не проста не паляпшаецца — назіраецца новы віток націску на незалежныя прафаб’яднанні, заяўляе лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.
«Не рэгіструецца «пярвічка» Беларускага незалежнага прафсаюза на РУВП «Граніт». Адмоўлена ў заключэнні калектыўнай дамовы з сябрамі незалежнага прафсаюза на ААТ «Нафтан». Адзначаны факты дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, націск на нашых актывістаў на «Белшыне», Мазырскім НПЗ і, напэўна, упершыню — на сябраў незалежнага прафсаюза гарнякоў на «Беларуськаліі», — прывёў канкрэтныя прыклады старшыня БКДП.
Паводле слоў Ярашука, гэтыя факты, а таксама забарону на правядзенне першамайскіх мітынгаў у розных рэгіёнах краіны можна кваліфікаваць як чарговае абвастрэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў. «Улада прэвентыўна спрабуе засцерагчы сябе ад магчымых праблем з працоўнымі з-за сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, не даючы ім магчымасці аб’ядноўвацца для адстойвання сваіх інтарэсаў», — лічыць прафсаюзны лідар.
Такім чынам, падкрэсліў ён, улады Беларусі дэманструюць, што «не збіраюцца выконваць як свае ўласныя законы, так і рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы па выпраўленні парушэнняў правоў прафсаюзаў».
Варта адзначыць, што сітуацыя з захаваннем правоў прафсаюзаў у Беларусі будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні камітэта па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якое пройдзе ў Жэневе 4–9 чэрвеня. У 2003 годзе МАП канстатавала факты грубага парушэння беларускімі ўладамі правоў прафсаюзаў пасля адпаведнага расследавання. У 2007 годзе за парушэнне правоў прафсаюзаў Беларусь выключылі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза. Для вяртання ў сістэму прэферэнцый урад павінен выканаць шэраг рэкамендацый МАП. У іх ліку — неўмяшанне дзяржавы ў дзейнасць прафсаюзаў, спыненне пераследу грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці, удзел усіх прафсаюзных аб’яднанняў у вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны і іншыя.
Але ж сход ініцыятыўнай групы па змяненні выбарчага заканадаўства ўсё ж адбыўся. У сходзе, які арганізаваў экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітзняволены Дзмітрый Ус, узялі ўдзел каля 170 чалавек.
«Гэтага дастаткова для рэгістрацыі Цэнтрвыбаркамам ініцыятыўнай групы па ўнясенні змяненняў у заканадаўства», — паведаміў Дзмітрый Ус.
Мерапрыемства прайшло 1 мая пад адкрытым небам у Мінску ў раёне вуліцы Арлоўскай. Яно не анансавалася ў СМІ і не афішавалася, каб не прыцягваць увагу спецслужбаў. Тым не менш, за прысутнымі назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія здымалі ўсё на відэакамеру.
Разам з тым, некаторым актывістам з рэгіёнаў, якія планавалі ўзяць удзел у сходзе, не ўдалося дабрацца да Мінска. У Брэсцкай вобласці 1 мая раніцай былі затрыманыя сем актывістаў дэмсіл: трое — у Кобрынскім раёне (Віктар Катрыч, Станіслаў Фядзько і Ілья Лабушляк), чацвёра — у Баранавічах (Вячаслаў Болбат, Рыгор Грык, Арцём Бабей і Аляксандр Давыдаў). Праз некалькі гадзін іх адпусцілі. Паводле наяўных звестак, яшчэ адзін грамадскі актывіст быў затрыманы ў Віцебску.
Неабходнасць змянення выбарчага заканадаўства была адной з галоўных ідэй перадвыбарнай праграмы Дзмітрыя Уса на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Палітык лічыць неабходным унесці змяненні ў артыкулы 34, 35 і 72 Выбарчага кодэкса, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, спіс якіх павінен быць пададзены за 15 дзён да галасавання. Прадстаўнікам кандыдата павінны выдаваць пасведчанні членаў выбаркамаў на працягу трох дзён. Акрамя таго, членам камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, павінна быць дадзена права ставіць свой подпіс на зваротным баку кожнага бюлетэня. Гэта, на думку Уса, дазволіць пазбегнуць незаконнага ўкідвання бюлетэняў у скрыні ў ходзе датэрміновага галасавання і фальсіфікацый падчас падліку галасоў.