Пяць беларусаў удастоены звання "Праведнік народаў свету"

У Дзень Катастрофы і Гераізму еўрапейскага яўрэйства, які штогод адзначаецца 27 нісана па яўрэйскім календары (сёлета 8 красавіка), з 771 да 776 вырас лік беларусаў і беларускіх сем'яў, удастоеных звання "Праведнік народаў свету". Цырымонія прызнання праведнікамі, арганізаваная Ізраільскім культурным цэнтрам пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі, адбылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.



vgxhzqnqvag.jpg

Звання "Праведнік народаў свету" ўдастойваюцца людзі, якія, рызыкуючы сваім жыццём і жыццямі родных, ратавалі яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны.
 

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Ізраіля і іншых замежных краін, беларускіх ведамстваў і ўніверсітэтаў, кіраўніцтва Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, ветэраны вайны, вязні гета і прызнаныя праведнікі народаў свету.
 

На гэты раз усе званні былі прысуджаны пасмяротна, а сімвалы — грамату і імянны медаль — атрымалі блізкія сваякі ўзнагароджаных. Новымі беларускімі праведнікамі сталі Іван і Ганна Кісялёвы, Фядосія Халадзінская, Рыгор і Анастасія Мазуркевічы, Марыя Кірылава, Рыгор і Алена Пашкоўскія і іх дачка Ларыса.
 

Непасрэдна перад уручэннем сімвалаў праведнікаў пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал прызнаўся, што для яго "гонар быць паслом у краіне, дзе ёсць 776 праведнікаў". "Ахвяруючы сваім жыццём, жыццямі сваіх дзяцей, яны ішлі на рызыку і ратавалі самае дарагое, што ёсць на свеце, — чалавечыя жыцці. Калі б не было такіх людзей, то ахвяр нацызму, Халакосту было б значна больш", — адзначыў дыпламат.
 

Цырымонія прызнання праведнікамі прымеркавана да найбуйнейшага яўрэйскага выступлення супраць нацыстаў у гады вайны — паўстання ў Варшаўскім гета ў 1943 годзе (http://novychas.info/poviaz_casou/jany_nie_zachacieli_bycj_paslu/). У Ізраілі і яўрэйскіх абшчынах усяго свету ў гэты дзень — напамінак пра шэсць мільёнаў загінулых яўрэяў — праходзяць цырымоніі памяці, гучыць жалобная сірэна, якая абвяшчае дзве хвіліны маўчання.
 

Імёны ўсіх праведнікаў народаў свету выгравіраваны на сцяне мемарыяла Катастрофы (Халакоста) і Гераізму Яд ва-Шэм, які знаходзіцца ў Іерусаліме на Гары памяці. На тэрыторыі мемарыяльнай алеі ў гонар кожнага выратавальніка пасаджана дрэва.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН