...Плюс кітаізацыя ўсіх Смалявіч

Афіцыйныя ведамствы абвяргаць чуткі пра тое, што кіраўніцтва Беларусі гатовае запрасіць больш за паўмільёна кітайцаў для ўзвядзення Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.
 



3a454243_6c4f_438a_bf72_cf9b88919d68_w268_r1.jpg

Чыноўнікі сцвярджаюць: паколькі парк будзе фармавацца паэтапна, такая колькасць будаўнікоў не патрэбная фізічна. Да таго ж, згодна з папярэднімі разлікамі, цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя колькасць сталых ці часовых насельнікаў парку не дасягне і 40 тысяч чалавек, а на згаданыя 500-600 тысяч можна выйсці толькі пры рэалізацыі ўсіх задумаў і ў лепшым выпадку гадоў праз 30.
Некалькі апошніх дзён прадстаўнікі дзяржаўных структураў вымушаныя суцішваць грамадскасць, устрывожаную звесткамі пра 600 тысяч працоўных віз, якія Міністэрства замежных спраў Беларусі нібыта ўжо аформіла грамадзянам Кітаю на будучы год. Спачатку такую інфармацыю са спасылкай на «дасведчаную крыніцу» растыражаваў кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, а 13 снежня гэтыя звесткі быццам бы пацвердзіў расійскаму інтэрнэт-рэсурсу Gazeta.ru неназваны беларускі ўрадовец.
Прадстаўнік МЗС Андрэй Савіных удакладняе: за 2012 год замежным грамадзянам выдадзена блізу 400 тысяч віз, прычым працоўных віз сярод іх — усяго 1 тысяча. Спадар Савіных не можа сказаць, колькі аформлена віз менавіта кітайскім грамадзянам, але падстаў да прагназавання ўяўных 600 тысяч, кажа ён, няма ніякіх:
«Чаму, дапусцім, не 600 мільёнаў? Усяго толькі палова насельніцтва Кітаю».
Карэспандэнт: «Але хоць нейкая лічба па кітайцах ёсць?»
 «300 тысяч, калі працягваць фантазіраваць... Слухайце, давайце не будзем гэта пераўтвараць у абсурд. Вы што, думаеце, што прэсавы сакратар МЗС сядзіць, і кожны дзень яму на стол прыносяць зводку, колькі кітайскіх віз выдадзена? Мы не бачым ніякай тэндэнцыі да павелічэння, таму магу вас праінфармаваць, што гэта выдумка, якая выходзіць за рамкі здаровага сэнсу».
На пачатку чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім паблізу Смалявіч пад Мінскам будзе створаная асаблівая эканамічная зона з адмысловым прававым рэжымам тэрмінам на 50 гадоў. Пад індустрыяльны парк адводзіцца тэрыторыя плошчай 8,5 тысяч гектараў, што паводле памераў можна супаставіць з Віцебскам. На асобнай пляцоўцы мае паўстаць цэлы прамысловы горад, акцэнт у якім будзе зроблены на электроніку, біямедыцыну, тонкую хімію, машынабудаванне.
Прадстаўнікі ведамстваў, задзейнічаных на рэалізацыі праекту Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, не выключаюць, што дзеля паскарэння будаўнічага працэсу сапраўды будзе прыцягнутая працоўная сіла з Кітаю. Аднак, як кажуць у сумеснай беларуска-кітайскай кампаніі па развіцці парку (Industrial Park Development Company), працу над генеральным планам мяркуецца завяршыць да канца І кварталу 2013 году, а будаўніцтва вытворчых цэхаў пачнецца не раней за 2014-ты. Нават зыходзячы з гэтага, удакладняе начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцый Міністэрства эканомікі Сяргей Вайцяхоўскі, ніяк не выпадае казаць пра масавую міграцыю кітайскіх рабочых:
«У гэта проста слаба верыцца. Дый нават каб проста размясціць такую колькасць людзей, павінна быць вялізная інфраструктура, якую, па ідэі, самі ж кітайцы і мусяць дзесьці стварыць. На самой справе гаворка вялася ў тым ліку пра тое, што калі ў парку будуць рэгістравацца замежныя кампаніі, то яны могуць карыстацца паслугамі сваіх жа грамадзян. Калі, прыкладам, англійская кампанія адкрые тут свой сумесны бізнес, цалкам натуральна, яна можа запрасіць кіроўны персанал з ліку англічан. Таму нам трэба гаварыць і пра гэта: прыедуць жа ня толькі кітайцы, але і брытанцы, немцы, расіяне, сінгапурцы — усе, каго мы ўмоўна можам уявіць у якасці рэзідэнтаў. І, вядома ж, не выключаны той факт, што будуць тут і кітайцы. Прыкладам, пры будаўніцтве ў нас цэментных заводаў таксама ж выкарыстоўваецца кітайская працоўная сіла. Хай і ў нязначных аб’ёмах, але ж кітайскія будаўнікі прыцягнутыя. Так і ў выпадку з паркам: кітайская прысутнасць магчымая, але перакананы, што лічбы будуць зусім не такія».
У эканамічным ведамстве ўдакладняюць, што агульны кошт маштабнага праекту ацэньваецца ў 30 мільярдаў долараў, прычым за першыя 10 гадоў інвестыцыі на стварэнне інфраструктуры парку могуць скласці не болей за 6 мільярдаў долараў. Асноўным крэдыторам выступае Дзяржаўны банк развіцця Кітаю.
Тым часам жыхары Смалявіч ды дачных кааператываў да суседства з будучым індустрыяльным гігантам ставяцца з насцярогай. Людзям ужо давялося абараняць свае дамы ды зямельныя надзелы, якія беларускія ўлады намагаліся экспрапрыяваць пад тэхналагічныя патрэбы парку. Аднак масавыя выступы незадаволеных грамадзян і патрабаванне рэферэндуму аб мэтазгоднасці ўзвядзення парку вымусілі чыноўнікаў суцішыць апетыты і запэўніць, што прыватная ўласнасць не пацерпіць.

Паводле Радыё Свабода