Пракуратура Беларусі адмовілася правяраць, ці чыніла міліцыя гвалт над журналістамі
Начальніца аддзелу нагляду за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Марына Папова 24 ліпеня адказала на калектыўны зварот беларускіх журналістаў аб перашкодах дзейнасці СМІ, піша svaboda.org са спасылкай на БелаПАН.

Затрыманне аператара Радыё Свабода Андрэя Рабчыка на пікеце ў Мінску 19 чэрвеня 2020 года.
«Правядзенне праверак аб парушэннях заканадаўства аб СМІ, якія праявіліся ў незаконным абмежаванні свабоды масавай інфармацыі і складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 22.19 КаАП аднесена непасрэдна да кампетэнцыі органаў унутраных справаў», — гаворыцца ў адказе на зварот.
Прыняцце рашэнняў наконт заяў аб перашкодзе законнай прафесійнай дзейнасці журналіста, учыненым з ужываннем гвалту або з пагрозай яго ўжывання службовай асобай органаў унутраных справаў у сувязі з яго службовай ці прафесійнай дзейнасцю, і вырашэнне пытання аб наяўнасці ў гэтых дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага арт. 198 Крымінальнага кодэксу, адносіцца «да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства», пішуць у Генпракуратуры.
Адміністрацыйнае затрыманне і іншыя працэсуальныя дзеянні могуць быць абскарджаныя непасрэдна ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу, дадаюць у адказе пракуратуры. Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць абскарджваць гэта, толькі калі дзеянні і рашэнні «закранаюць іхныя правы і законныя інтарэсы».
Затрыманым параілі самастойна звяртацца з абскарджаннем у тэрытарыяльныя органы пракуратуры і суды, са скаргамі на перавышэнне паўнамоцтваў праваахоўнікамі — у тэрытарыяльныя органы Следчага камітэту.