Праваабаронцы: Масавыя і сістэмныя рэпрэсіі ў краіне закранулі вельмі шырокае кола беларускага грамадства
У Беларусі назіраецца востры крызіс з правамі чалавека. Рэпрэсіі ў краіне супалі з пачаткам выбарчай кампаніі. Пра гэта заявілі праваабаронцы, прэзентуючы новы аналітычны даклад «Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2020-2021 гг», падрыхтаваны юрыстамі і аналітыкамі ПЦ «Вясна». Даклад быў прадстаўлены на прэс-канферэнцыі, прысвечанай дваццаціпяцігоддзю арганізацыі.
Кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі адзначыў, што найбольш значныя вехі ў дзейнасці арганізацыі перш за ўсё звязаны з выбарчымі кампаніямі: выбары 2001 года прывялі да ліквідацыі «Вясны», пасля выбараў 2006 года арганізацыя знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага артыкула 193-1 КК за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, наступствамі выбараў у 2010-га сталі ператрусы і арышты, у тым ліку і самога Бяляцкага.
— Лета 2020 года нейкім жахлівым чынам вярнула нас у мінулыя крызісныя часы. Але за гэтыя 25 гадоў улады не заўважылі, што вырасла новае пакаленне беларусаў, для якіх правы чалавека не пусты гук, — адзначыў праваабаронца.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што крызіс з правамі чалавека, які назіраецца сёння ў краіне, пачаўся нават не ў жніўні, а ў траўні мінулага года. Рэпрэсіі, паводле яго слоў, супалі з пачаткам выбарчай кампаніі.
— Масавыя і сістэмныя рэпрэсіі ў краіне закранулі вельмі шырокае кола беларускага грамадства. Гэта не толькі адміністрацыйны, ці крымінальны пераслед, гэта яшчэ і звальненні з працы, адлічэнне студэнтаў. Задзейнічана ўся дзяржаўная машына, якая хутка пераарыентавалася выключна на рэпрэсіўныя дзеянні. Самая цяжкая з такіх формаў — палітычна матываваны крымінальны пераслед.
Стэфановіч нагадаў, што на сённяшні дзень, па дадзеных Генпракуратуры, заведзена больш за тры тысячы «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў. Гратэскныя формы, паводле яго слоў, набывае і адміністрацыйны пераслед: людзей затрымліваюць нават за вопратку пэўных кветак. Папраўкі, якія ўносяць у законы, узмацняюць іх рэпрэсіўную накіраванасць
— Найбольшую занепакоенасць выклікае Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, паколькі ён мае на ўвазе пакаранне за любую публічную крытыку дзеючай улады, афіцыйных асоб і гэтак далей. Гэта закон вяртае нас у часы махровага саўка, у камуністычнае мінулае, — адзначыў Стэфановіч. Паводле яго слоў, гэтыя новаўвядзенні сведчаць пра тое, што «крызіс з правамі чалавека становіцца сістэмным. На падаўленне іншадумства працуе ўся дзяржаўная машына».
Юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка распавёў пра тое, як ішла праца над аналітычным дакладам «Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2020-2021 гг».
— Мы адкрыта і галосна набралі валанцёраў, падключылі членаў нашай арганізацыі з мэтай назірання за крымінальнымі працэсамі ў беларускіх судах. Падчас маніторынгу было ахоплена 59 судоў у 46 гарадах, што дазволіла правесці прафесійнае назіранне за 150 судовымі працэсамі.
Як адзначыў Сапелка, дзейнасць юрыстаў і аналітыкаў не абмяжоўвалася прысутнасцю на разглядзе спраў у судах, яны ахоплівалі больш шырокія аспекты: ад моманту затрымання да магчымасці абскардзіць вынесены прысуд.
Юрыст кажа, што ўтрыманне пад вартай стала яшчэ адным інструментам рэпрэсіяў: больш за 70% затрыманых па «палітычных справах» да суда ўтрымліваліся пад вартай, хаця, напрыклад, год таму ў агульным масіве крымінальных спраў пад вартай змяшчалася толькі 24% падазраваных.
— У працэсе вядзення па крымінальных справах, у тым ліку — у судах, адзначаецца паўсюднае парушэнне нацыянальных нормаў права, канстытуцыйных і міжнародна-прызнаных стандартаў справядлівага суда. Грэбаванне правамі чалавека і ігнараванне найгрубейшых парушэнняў у корані падарвала давер да органаў правапарадку, а таксама давер і павагу да сістэмы правасуддзя — рэзюмаваў Павел Сапелка.
Цалкам тэкст дакладу можна паглядзець тут.
tut.by