Прысуд інваліду 2-й групы Уладзіміру Гундару пакінулі без змен
27 ліпеня разглядалася апеляцыя на вырак актывісту, аднак тэрмін вырашылі пакінуць у сіле.
«Зацвердзілі той прысуд, які быў. Ніякіх змен, акрамя вылічэння адбыцця пакарання — раней было суткі за суткі. Цяпер 1,5 дні за суткі», — расказала «Свабодзе» жонка Уладзіміра Гундара Алена.
Жанчына распавяла, што сёння ёй удалося атрымаць дазвол Вярхоўнага суда на спатканне з мужам. Аднак толькі яго для арганізацыі сустрэчы Уладзіміра з роднымі недастаткова.
«Зараз трэба яшчэ ехаць у КДБ Брэста і там атрымаць яшчэ адзін дазвол», — кажа Алена.
На пачатку ліпеня стала вядома, што за адмову прызнавацца ў «экстрэмізме» Уладзіміра Гундара накіравалі ў карцар, дзе ў яго абвастрыліся праблемы са здароўем. Таксама, паводле слоў родных, у актывіста былі праблемы з перадачай лекаў у СІЗА № 7 Брэста.
Алена кажа, што цяпер Уладзімір піша ў лістах з-за кратаў, што ў яго ўсё ў парадку.
«Вось 24 ліпеня атрымала ад яго ліст. Піша, што ўсё нармальна. Лекі ў апошні раз перадавала 21 ліпеня — прынялі ўсё без усялякіх прыгод. Адзіная загваздка пайшла з пенсіяй».
Уладзімір Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрымання сілавікі прымусілі яго зняць. На працягу некалькіх гадоў ён атрымліваў пенсію.
Алена распавяла, што дзве пенсіі Уладзіміра яна атрымала бесперашкодна. Аднак трэцяя да гэтага моманту ёй не прыйшла.
«Сацыяльнае забеспячэнне перасылае ў СІЗА Валодзі пенсію, а бухгалтэрыя па яго заяве дасылае мне па пошце грошы. 19 ліпеня дакладна прыйшлі грошы ад аддзела сацыяльнага забеспячэння. А на наступны дзень Валодзя напісаў заяву, каб мне іх перадалі, — кажа Алена. — Але вось учора я тэлефанавала ў бухгалтэрыю, і там сказалі, што яго заявы ў іх няма, таму яны і не перасылаюць грошы. Не ведаю, хто тут мае рацыю».
«Кажа, што стараецца сябе трымаць у рамках прыстойнасці, нікога не абражае, не парушае ніякіх правілаў, гэта ён падкрэслівае, — кажа суразмоўца. — Пісаў, што неяк прыходзіў да яго прадстаўнік брэсцкай пракуратуры. Менавіта з нагоды лекаў. Пытаўся, якія ёсць праблемы. Валодзя распавёў, што яны з ім размаўлялі амаль цэлую гадзіну».
Алена прызнаецца, што перажывае за мужа, але прыстасавалася да складаных жыццёвых абставінаў:
«Жыву ў гэтым рытме пастаянна, кожны тыдзень езджу ў Брэст, адвожу перадачы. Лісты праз дзень пішу, ад яго таксама даходзяць зараз нармальна».
Уладзімір Гундар да сёння не прызнаны палітвязнем. Алена кажа, што не разумее падзелу зняволеных на тых, якія маюць гэты статус і якія знаходзяцца без яго.
«Усе ж выдатна разумеюць, што гэтыя людзі, якія сядзяць, маладыя хлопцы, дзяўчаты — яны ўсе палітвязні. І іх бацькі, і дзеці таксама палітзняволеныя ў гэтай краіне, — гаворыць Алена. — Калі я апошні раз была каля СІЗА, бачыла там маладую маці з двума дзецьмі. Аднаму 3 гады, здаецца. А маленькаму ў калысцы 4 месяцы. Я кажу: “І што, тата мусіць не бачыў сына?” Яна адказала: “Не, толькі на фотаздымках”. Ну вось, і чым гэтыя дзеткі не палітвязні?!»
20 траўня ў Брэсце суддзя Сяргей Беразюк пакараў Гундара 3 гадамі зняволення паводле арт. 366 КК («Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак»).
61-гадовы Уладзімір Гундар — адзін з 13 фігурантаў па справе так званай «тэрарыстычнай групоўкі» Мікалая Аўтуховіча.