«Выказвалі свае палітычныя інтарэсы шляхам размяшчэння на акне белага аркуша паперы»
У Мінску асудзілі чатырох жыхароў сталіцы за белыя аркушы паперы на вокнах. Мінчукоў затрымлівалі ў кватэрах 25 ліпеня.
Адміністрацыйныя справы разглядаліся ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Мінчукоў судзілі за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», піша Zerkalo.io са спасылкай на праваабаронцаў.
42-гадовай Маі Шатохінай і 26-гадоваму Юрыю Клімашэўскаму прысудзілі па 15 сутак. Справы разглядала суддзя Юлія Чыж.
Мужчыну і жанчыну абвінавачвалі ў «выражэнні сваіх палітычных інтарэсаў шляхам размяшчэння на акне аднаго белага аркуша паперы». Мінчукоў затрымлівалі дома. У Юрыя таксама правялі агляд і канфіскавалі два тэлефоны і два ноўтбукі. Мінчукі на судзе гаварылі, што лісты паперы віселі, але на іх былі запісы.
Мая Шатохіна аркуш зняла адразу, як ёй патэлефанавалі з міліцыі з нагоды дадзенага прадмета на акне, і нават знялі відэа, што там ужо нічога няма.
32-гадовага Дзяніса Кулікова і 31-гадовага Андрэя Мураўёва таксама затрымлівалі дома.
Справу разглядала суддзя Марыя Ярохіна.
Згодна з пратаколам, на акне ў Дзяніса вісела два аркушы паперы, а ў Андрэя — чатыры.
Суддзя цікавілася «сэнсавай нагрузкай» паперы на акне. Мужчыны сцвярджалі, што аркушы віселі не праз іх палітычныя погляды.
Кулікоў атрымаў 13 сутак, Мураўёў — 28.