Дачка палітвязня Рыгора Кастусёва: Бацька мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі
Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, неабходная шпіталізацыя, паведаміла яго дачка Кацярына. 27 ліпеня палітыка наведала адвакатка.
Стан здароўя 64-гадовага Рыгора Кастусёва пагоршыўся. 24
ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу, піша «БелаПАН».
З 2 па 14 ліпеня ён ужо праходзіў абследаванне і курс
тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА №1 Мінска. Сюды ён трапіў у экстраным парадку
з адышкай, ацёкамі канечнасцей, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай
свядомасцю. Такі стан быў звязаны са спякотай, вільготнасцю і дрэннай
вентыляцыяй у камеры.
Раней сям’я выказвала асцярогу, што вяртанне ў «невыносныя
ўмовы» СІЗА КДБ пагоршыць яго стан. Аднак следства вырашыла зноў пасадзіць
зняволенага за краты.
«Медыкаменты, якія даюць лекары ў СІЗА, бацьку не
дапамагаюць, яму становіцца толькі горш, — расказала Кацярына Кастусёва.
— Паводле апошніх аналізаў, наогул падазрэнне на анказахворванне. Тэрмінова
патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камеры».
27 ліпеня адвакатка Інэса Аленская падала ў следчыя органы
яшчэ адно хадайніцтва аб шпіталізацыі падабароннага. Папярэдняе было ў чэрвені,
яго не задаволілі.
«Я кансультавалася з лекарамі і, паводле іх слоў, без
аператыўнага ўмяшання, хутчэй за ўсё, ужо не абысціся. Сёння планую
накіраваць яшчэ адзін запыт на інфармацыю аб стане здароўя таты», — дадала
Кацярына.
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове, пасля
чаго даставілі ў КДБ. Неўзабаве Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне
групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей. У гэтым пераліку таксама
фігуравалі палітолаг Аляксандр Фядута і юрыст Юрась Зянковіч, іх затрымалі ў
Маскве. Пазней кампанію ім склалі эксперткі Валерыя Касцюгова і Таццяна
Кузіна.
Усім прад’яўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле «Свабоды».