Развітанне з Пятром Марцавым пройдзе 15 верасня
Развітанне з Пятром Марцавым пройдзе 15 верасня з 12.00 да 15.00 у рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага, паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку журналістка Святлана Калінкіна.
Вядомы беларускі журналіст і выдавец Пётр Марцаў сканаў увечары 13 верасня ў адной з мінскіх бальніц, не прыходзячы ў прытомнасць, ад вострага лейкозу на 53-м годзе жыцця.
Пётр Марцаў скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У 1984-1986 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе рабочай моладзі № 19 Мінска, а ў 1986-1988
гадах — карэспандэнтам і старэйшым рэдактарам у Беларускім тэлеграфным агенцтве
(БелТА). Вымушаны быў звольніцца пасля свайго ўдзелу ў мітынгах ля Усходніх (Маскоўскіх) могілак і ў Курапатах. Быў загадчыкам аддзела часопіса «Ветразь» (1989-1990), уласным
карэспандэнтам штотыднёвіка «Коммерсант» па Беларусі, дырэктарам карпункта «Коммерсант» і агенцтва «Пастфактум» (1991-1993).
У 1992 годзе Марцаў пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваць газету «Біржы і банкі: Беларуская дзелавая газета» (з 1999-га — «Беларуская дзелавая газета»), штотыднёвік «Імя» (1995-1999). З 1997
года — прэзідэнт ЗАТ «Беларуская дзелавая газета», галоўны рэдактар
«Беларускай дзелавой газеты». У 1997 годзе стаў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97». З 2002 года — генеральны дырэктар УП «Марат», выдавец «Беларускай дзелавой газеты»
і «БДГ. Для службовага карыстання». У сакавіку 2006 года выхад «Беларускай дзелавой газеты» прыпынілі ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і
распаўсюджваннем праз РУП «Белпошта» і «Белсаюздрук». Марцаў быў прадзюсарам і адным з аўтараў сцэнарыя дакументальнага фільма «Звычайны
прэзідэнт» (1996; прэмія Міру Берлінскага кінафестывалю, 1997).
У 2001 годзе Пётр Марцаў увайшоў у дваццатку самых уплывовых прадстаўнікоў масмедыя краін СНД.
tut.by