Што адбываецца ў Малдове?

У Кішынёве прайшла шматтысячная акцыя пратэсту, якая суправаджалася бойкамі з паліцыяй і спробамі разбіць намётавы гарадок. Пра тое, што адбываецца ў Кішынёве распавядае малдаўскі грамадскі актывіст Андрэй Граеўскі.



maldova_pratest.png

— Я б параўнаў тое, што адбываецца ў Кішынёве, з нядаўнімі пратэстамі ў Арменіі супраць росту коштаў на электрычнасць. Тут таксама выступы справакавала рашэнне ўраду узняць кошт на святло і газ. Акцыя ў Кішынёве, як і ў Ерэване, праходзіць як непартыйны пратэст.

Аднак ёсць і мясцовыя асаблівасці. Першая — у тым, што малдаўскі электрамайдан — гэта не стыхійны пратэст. Кампанія супраць новых тарыфаў пачалася прыкладна месяцы два таму. У адрозненні ад Арменіі, галоўнае мэта пратэстуючых была дасягнутая якраз напярэдадні кульмінацыі выступаў, калі ўрад замарозіў выкананне сваёй пастановы пра новыя тарыфы. Аднак саступка ўрада ў выніку не разрадзіла сітуацыю, а наадварот, вывела пратэст на новую фазу — 6 верасня на мітынгу з’явіліся новыя лозунгі: адстаўка ўраду, шэрагу чыноўнікаў, дэалігархізацыя.

Тое, што акцыя не выдахлася, звязана з некалькімі чыннікамі. Па-першае, антытарыфны пратэст меў адразу выразны палітычны складнік. Гутарка пра так званае “злачынства стагоддзя” — нядаўні крадзеж з банкаўскай сістэмы Малдовы прыкладна мільёна еўра. Злачынцаў так і не знайшлі. Замест таго, каб іх шукаць, міністры пастанавілі — страты банкаў кампенсаваць якраз за кошт росту камунальных плацяжоў. Гэта моцна раз’юшыла малдаван.

Другі важны аспект звязаны з тым, што антыўрадавыя выступы адкрыта падтрымалі ў Еўропе. На першы погляд, гэта анамалія, паколькі краінай даўно кіруе кааліцыя "Альянс за Еўраінтэграцыю". Аднак апошнім часам у еўрасталіцах зразумелі, што "Альянс за Еўраінтэграцыю" — гэта зачынены недэмакратычны алігархічны праект. Еўрапейцы таксама баяцца, што алігархічны кансэнсус дыскрэдытуе саму ідэю еўраінтэграцыі ў рэгіёне, у тым ліку на карысць Масквы. За два-тры гады колькасць прыхільнікаў уваходжання Малдовы ў склад ЕС скарацілася з 75 да 40 працэнтаў. Дайшло да таго, што пасол ФРГ нават зрабіў прамую праекцыю малдаўскай сітуацыі на Германію, дзе, па яго словах, людзі б даўно выйшлі на вуліцы ў выпадку банкаўскай аферы падобнай на тую, што мела месца ў Малдове. Геапалітычная ізаляцыя ўраду, безумоўна, спрыяе мабілізацыі простых людзей.

Пакуль цяжка сказаць, чым скончыцца кішынёўскі Майдан. Пасля таго, як адбыліся сутычкі з паліцыяй, мітынгуючымі былі агучаныя новыя патрабаванні аж да патрабавання адстаўкі прэзідэнта.

Канкрэтнымі першымі вынікамі акцыі я б назваў з’яўленне ў нацыянальнай медыя прасторы новых маладых палітычных фігураў. На левым флангу — гэта тыя, хто ў свой час выйшаў з Кампартыі. З правага боку — гэта так званыя “новыя еўраінтэгратары” з Грамадзянскай платформы.

Тое, што яны не звязаныя са старымі карупцыйнымі цэнтрамі, дае надзею на нейкае абнаўленне эліты. Будзем спадзявацца, што гэтым пазітыўныя вынікі кішынёўскага майдану не абмяжуюцца.